Галоўная » мнение » Page 212

В Шклове автобусные остановки создают транспортные проблемы (фотофакт)

В городе Шклове проводятся значительные строительно-монтажные работы по ремонту и реконструкции проезжей части городских улиц. … чытаць далей

Павел Усаў: Падпісанне ўсіх дарожных мапаў – гэта забойства беларускай дзяржавы

Анексія не адбылася, расейскай вайсковай базы ў Беларусі таксама няма. Аднак інкарпарацыя ў Расею ідзе мірным шляхам. Большасць дарожных мапаў для інтэграцыі з Расеяй узгаднілі, хаця іх яшчэ не падпісалі. Што будзе азначаць падпісанне ўсіх дарожных мапаў? Наколькі сур’ёзная пагроза суверэнітэту? Як захаваць Беларусь? Інтэрвʼю з палітолагам Паўлам Усавым.

Пытанне пра суверэнітэт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвʼю радыё «Эхо Москвы» заявіў, што ён не адчувае пагрозы суверэнітэту. Ці вы з ім згодныя?

Ён шмат чаго не адчувае, што адчуваюць патрыятычна настаўленыя грамадзяне. Яны адчуваюць, што ўвогуле той факт, што Беларусь знаходзіцца ў межах Саюзнай дзяржавы і будуе нейкія інтэграцыйныя працэсы з дзяржавай-агрэсарам, па сутнасці і ёсць пагрозаю для беларускага суверэнітэту. То бок інтэграцыя ды перамовы аб праграме паглыбленай інтэграцыі, перамовы аб дарожных мапах – гэта ўсё і ёсць адкрыты факт таго, што Беларусь усцяж пад сурʼёзным прэсінгам і ўсцяж ёсць сурʼёзная пагроза для незалежнасці і суверэнітэту.

Год, які адыходзіць, быў хутчэй добры для Беларусі ці дрэнны?

Ён быў цяжкі і такім застанецца. Быў цяжкі з пункту гледжання шмат якіх фактараў. Перш за ўсё, у эканамічнай сітуацыі ды палітычнай, нягледзячы на тое, што мы адчувалі пэўны лагодны падыход да апазіцыі, да ўдзелу апазіцыі ў выбарах, хаця яны і была зацікаўленая ў выбарах.

Тым не менш улады прадэманстравалі, што ніякай змены ў парадыгме ўнутры палітычных адносінаў не будзе. Апазіцыя, грамадзянская супольнасць будуць пад сталым рэпрэсіўным ціскам уладаў, і ўлады не дазволяць выходзіць за межы акрэсленых умоваў, якія існуюць. Улічваючы той факт, што ў 2020 годзе будуць прэзідэнцкія выбары.

Гэта датычыць менавіта вонкавай палітыкі ці адносінаў з Расеяй, гэта, напэўна, быў адзін з самых цяжкіх гадоў у гісторыі Беларусі ў часе кіравання Лукашэнкі. Акрамя, вядома, падпісання Саюзнай дамовы ў 1999 годзе і яе ратыфікацыі. Гэта перш за ўсё звязана з тым, што перамовы адносна дарожных мапаў і праграмы вяліся ў сакрэтным рэжыме.

Дагэтуль мы не ведаем.

Мы ўжо шмат чаго ведаем. Аказваецца, ёсць 31 дарожная мапа. І што гэтая 31-ая мапа, пра якую казаў Мядзведзеў, – фактычна акупацыя, захоп Беларусі.

І кажуць, што на 31-ую Лукашэнка пакуль не пагаджаецца.

Тут ёсць два падыходы. Ён кажа, што Пуцін супраць, што яны ўжо дамовіліся, толькі ва ўрадзе нехта баламуціць ваду, што пытанне 31-ай мапы знялі. Аказваецца, не знялі. Яно ключавое для Расеі, мы ўсе пра гэта ведаем. Лукашэнка сам сябе чамусьці супакойвае, што гэтае пытанне вырашанае.

30 мапаў узгодненыя, датычаць розных момантаў, у асноўным эканамічных, але не толькі. Калі яны будуць падпісаныя і што гэтае падпісанне можа азначаць? Ці тое, што, як некаторыя эксперты кажуць, зноў зацягнуць час і нічога з гэтага не выйдзе? Ці гэта будзе пераход да нейкай канкрэтыкі, паступовае аддаванне рэштак суверэнітэту Расеі?

Я б сказаў, што падпісанне ўсіх гэтых мапаў у такім фармаце падобнае да смерці. Не важна калі.

Сам факт падпісання будзе забойствам беларускай дзяржаўнасці, бо мы ведаем, для чаго Расея імкнецца паглыбіць інтэграцыйны працэс, для чаго яны стварылі 31 мапу ды чаму яны ўсцяж трымаюць Лукашэнку за горла, не ідуць на аніякія саступкі, замарозілі крэдыты і ўвогуле цалкам гатовыя падвесіць у эканамічным плане Беларусь. І згадваецца, што Расея ўвесь час корміць Беларусь, што Беларусь павінная расплочвацца. І гэта адкрытым тэкстам яны кажуць.

Кажа і сам Мядзведзеў: маўляў, а чаго вы хацелі, інтэграцыя – гэта адмова ад суверэнітэту. Але не ідзе размовы, што Расея будзе адмаўляцца ад свайго. Падкрэсліваецца, што Беларусь мусіць адмовіцца ад часткі свайго суверэнітэту. Таму чакалася, што гэтыя мапы будуць падпісаныя 7-8 снежня ў Сочы. Мелася быць урачыстасць, але мапаў не падпісалі. Безумоўна, той факт, што Лукашэнка іх не падпісвае, сведчыць, што нават ён ужо разумее: тая традыцыйная палітыка і традыцыйны падыход зацягвання часу ўжо працаваць не будзе.

А што можа спрацаваць? Мы назіралі даволі масавыя пратэсты, мы назіраем апошнія гады адкрыццё на Захад. Праз некалькі дзён у Менск мае прыехаць, прынамсі неафіцыйна, адна з першых персонаў амерыканскай палітыкі – Майк Пампэа. Што можна яшчэ зрабіць, каб, можа, не спыніць інтэграцыю, але хаця б выйграць час?

Ёсць тры асноўныя элементы, якія можна і трэба зрэалізаваць, каб захаваць Беларусь. Першае – спыніць інтэграцыйныя працэсы цалкам, бо яны для Беларусі не маюць ніякага сэнсу і значэння. Асабліва з той імперскаю Расеяй, з якою мы маем дачыненне цяпер. Вядома, што ёй патрэбная інтэграцыя, каб павялічыць сваю прастору.

Другое – пачаць шырокія палітычныя ды эканамічныя рэформы. Бо, як я ўжо казаў, інтэграцыя патрэбная, каб падтрымліваць хворую беларускую гаспадарку. Яна па-за рынкам, не можа канкураваць з сучаснымі прадпрыемствамі.

Трэці момант – пашырэнне дыялогу з беларускаю грамадскасцю.

Крыніца: belsat.eu

Лукашэнка не пагодзіцца на ўсе ўмовы Крамля

2019 год мы пачыналі з гэтак званага ўльтыматуму Дзмітрыя Мядзведзева, калі расейскі прэм’ер сказаў наўпрост: калі Менск хоча далейшых субсідыяў – мусіць выконваць падпісаную Лукашэнкам дамову. І ўлады Беларусі на гэта пагадзіліся. Увесь год рыхтаваліся таямнічыя дарожныя мапы, зʼяўляліся інфармацыйныя ўкіды пра іх сапраўды змест, мы разважалі пра тое, наколькі яны пагражаюць беларускаму суверэнітэту… Дзе мы апынуліся пасля ці не самага гарачага года інтэграцыі?

Першую палову года бакі рыхтавалі гэтак званыя дарожныя мапы, а афіцыйны Менск распавядаў, што гаворка вядзецца выключна пра эканамічную інтэграцыю, нібыта забываючыся на словы Мядзведзева пра поўнае выкананне дамовы дваццацігадовай даўніны. І вось на гэтым тыдні расейскі прэмʼер нагадаў: будуць і наднацыянальныя органы, і адзіная валюта. Лукашэнка ж, падаецца, асабліва не хвалюецца:

«Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў: парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і іншае. Мы ўвогуле на гэтую тэму з Пуціным не размаўлялі. Гэта ва ўрадзе паспрабавалі звязаць… Не ведаю толькі, навошта».

Літаральна праз некалькі гадзінаў Крэмль праз прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна падкрэсліў, што расейскі ўрад з прэзідэнтам трымаюцца адной пазіцыі аб інтэграцыі, якую ўласна Мядзведзеў і агучыў. Нагадвае гісторыю пачатку стагоддзя. З іншым расейскім прэмʼерам Міхаілам Касьянавым.

Валерыя Касцюгова, палітолаг, экспертная супольнасць «Наше мнение»:

«Тады нашыя чыноўнікі разам з расейскімі прыдумлялі Канстытуцыю Саюзнай дзяржавы, рыхтавалі пагадненне аб адзінай валюце, і ўсё гэта было гатова на 99 %, як яны казалі. Ну і нічым гэта не скончылася».

І, паводле адмыслоўца, нічога не кажа пра тое, што сёлета ці налета гэтыя інтэграцыйныя пакуты скончыліся б. З Масквы ў пэўным сэнсе сітуацыя бачыцца такім жа чынам.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

 «Год страчаны. Год мінуў проста на падрыхтоўку праграмы, якая хутчэй за ўсё ніколі не будзе зрэалізаваная».

Адмыслоўца падкрэслівае, што гэтая праграма прадугледжвае стварэнне адзінай эканомікі. З усім тым, пра што казаў Мядзведзеў: супольная валюта і адзіны эмісійны цэнтр, што адразу робіць гэты план практычна невыканальным.

Андрэй Ляховіч, палітолаг:

«Гэта вельмі шчыльны фінансавы і эканамічны кантроль. Нават пасля гэтага кроку на незалежнасці Беларусі можна было б паставіць крыж. Вось што цікавіла Расею вельмі моцна – прывязаць Беларусь да сябе, каб не залежыць ад таго, хто будзе прэзідэнтам Беларусі».

Ні адзін з апытаных намі палітолагаў не верыць, што Лукашэнка да канца года, як спадзяюцца ў Маскве, або наагул у бліжэйшай будучыні пагодзіцца на ўсе патрабаванні Крамля. Але гэта не нагода супакоіцца.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Гэта паказвае, што Масква ад свайго не адступіцца. І што сама па сабе эканамічная інтэграцыя для іх бессэнсоўная, калі гэта не ёсць грунтам для далейшай палітычнай інтэграцыі – прасцей кажучы, для мяккай інкарпарацыі».

У гэтай сітуацыі вінаваты беларускі бок. Адбіцца ад расейскіх памкненняў сёлета было магчыма. Бо чаму Расея проста не націсне на Беларусь і не скончыць гэтыя пакуты з дарожнымі мапамі?

«Яна не можа не лічыцца з транзітным значэннем Беларусі, не можа не лічыцца з тым, што «Паўночная плынь – 2», якая магла б скласці альтэрнатыву ўкраінскаму і расейскаму кірунку, адцягваецца. Агулам нашае значэнне для рэпутацыі Крамля… усе гэтыя рэчы не былі ўлічаныя належным чынам», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

Няўдала разыграныя карты, што былі ў руцэ Менску на пачатку года, прымушаюць цяпер выкарыстоўваць, мякка кажучы, спрэчныя аргументы. Маўляў, калі Расея будзе пагражаць беларускай незалежнасці…

«Гэтага ўжо Захад і NАТО не вытрываюць. Бо яны палічаць гэта за пагрозу ім. У гэтым сэнсе яны ў чымсьці маюць рацыю», – заявіў Лукашэнка.

Наўрад ці хтосьці ў Маскве ўспрымае такія словы сурʼёзна. Бо калі Лукашэнка насамрэч павернецца на Захад, то ягоная палітычная карʼера наўрад ці будзе доўгай.

Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Масква:

«Захад яго не прыме. Макея – прыме, яго – не. Таму дарогі на Захад няма. Усе гэтыя размовы пра тое, што Захад кінецца яго бараніць, гэта дурніца. Гэта ж нават не Украіна, бо Украіна – заможная краіна, мае свае рэсурсы, тэхнічны патэнцыял, а Беларусь трэба проста ўтрымліваць».

Так, у Расеі падлічылі, што толькі сёлета Беларусь атрымала з Крамля ў розных формах падтрымання амаль на шэсць з паловаю мільярдаў долараў. Сёлета не аднойчы гучала меркаванне, што Пуціну неабходная інтэграцыя дзеля таго, каб і пасля заканчэння свайго тэрміну застацца ўва ўладзе ў якасці прэзідэнта ўжо Саюзнае дзяржавы. Але не выглядае на тое, што расейскаму лідару моцна замінае Канстытуцыя.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Ваш пакорлівы слуга два тэрміны адслужыў, пасля сышоў з пасады і меў канстытуцыйнае права вярнуцца на гэтую пасаду. Бо гэта было ўжо не два тэрміны запар. Ну, яно некаторых нашых палітолагаў, грамадскіх дзеячаў, засмучае… Ну, можна было б адмяніць гэтую агаворку».

Вядома, можна, смяецца экспертка Валерыя Касцюгова:

«Шчыра кажучы, я ўвогуле не думаю, што гэта праблема. Я думаю, што ён можа знайсці варыянт і акрамя змены Канстытуцыі. Ну дык на тое ў нас і аўтарытарныя рэжымы, што з правам яны не лічацца».

Тым не менш, у інтэграцыйных перамовах Масква дзейнічае бездакорна, заціскаючы хаўрусніка ў кут. А вось Менск….

«Галоўная памылка беларускага кіраўніцтва, што ўцягнуліся ў перамовы аб паглыбленай інтэграцыі, і ў выніку Масква ж звязала ўсе бягучыя пытанні па беларускай эканоміцы з падпісаннем цэлага пакета. А пакет з падвойным дном», – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

На тым другім дне – поўная, прынамсі эканамічная, залежнасць ад Расеі. Бо цяжка ўявіць, што абʼяднанне падатковай сістэмы, мытні і ўвядзенне адзінае валюты праходзіла б на беларускіх умовах. Таму ёсць вялікі шанец, што і 2020 пройдзе пад знакам тых жа бясконцых размоваў і крыўдаў хаўруснікаў.

Андрэй Ляховіч, палітолаг:

«Саюзная дзяржава ператвараецца ў поле канфліктаў, гандлёвых і інфармацыйных войнаў з хроснымі бацькамі і іншым, але гэта такая палітычная рэчаіснасць, у якой Беларусь будзе знаходзіцца, пакуль Лукашэнка будзе займаць прэзідэнцкае крэсла».

І ў Маскве відавочна думаюць: досыць – і часу, і выдадзеных на гэты момант усіх магчымых субсідыяў, прэферэнцыяў і крэдытаў на суму вось ужо 133 мільярдаў долараў.

«25 гадоў страчаных магчымасцяў. Каласальных магчымасцяў. З краіны з такім падтрыманнем ува ўсім, ад грошай да тэхналогіяў, можна было б зрабіць першакласную дзяржаву: Швейцарыя б зайздросціла», – мяркуе Андрэй Суздальцаў.

Менск, натуральна, мае і свае контраргументы. Маўляў, ацаніць адзінага хаўрусніка – немагчыма.

Аляксандр Лукашэнка:

«На тэрыторыі Беларусі дзве высокатэхналагічныя базы расейскія. Колькі вы заплацілі нам за гэты час – пасля распаду Саюзу? Нуль!»

Але не прападаць жа высілкам. Варыянт, пры якім Лукашэнка бліжэйшым часам не падпіша ўвогуле нічога з падрыхтаваных дакументаў – мала рэалістычны, мяркуюць нашыя эксперты. На штосьці давядзецца пагадзіцца. Вядома, не на адзіную валюту, як хацелася б расейскаму ўраду, але на чарговую саступку суверэнітэту.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

 

Гульні алігархаў: «Омсктэхвуглярод» перастаў быць омскім у дзень пуску магілёўскага завода

Флагман «Омск Карбон груп» – завод «Омсктэхвуглярод» – зноў перарэгістраваўся ў Маскву. Цяпер падатковы кантроль над прадпрыемствам будуць весці з расійскай сталіцы, піша mspring.online.

Фота: Радыё Свабода

19 снежня СМІ паведамілі пра тое, што прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» пачаў вырабляць першую прадукцыю ў рамках пуска-наладачных работ. Прэс-служба завода назвала «Омск Карбон Магілёў» рэальным прыкладам інтэграцый дзвюх эканомік – расійскай і беларускай. І на гэты спіч мы звернем увагу крыху пазней.

У гэты ж дзень у Омску прэс-служба ТАА «Омсктэхвуглярод» паведаміла, што гэта прадпрыемства стала на падатковы ўлік у Міжрэгіянальнай інспекцыі ФНС па найбуйнейшых падаткаплацельшчыках №5 горада Масквы. Прамгігант тлумачыць гэта тым, што дасягнуў неверагодных паказчыкаў, якія пераводзяць яго ў новы разрад.

Аднак у Омску кожнае такое паведамленне для СМІ пазней абрастае каментарамі, з якіх становіцца зразумелай логіка дзеянняў бізнэсоўца Валерыя Каплуната. Так адбылося і на гэты раз. Адзін з крытыкаў прадпрыемства адзначае, што з прыходам новага губернатара Аляксандра Буркова бізнес-клімат для алігархаў пагоршыўся, а маскоўскі падатковы кантроль ён называе «лішнімі грашыма на панты з перарэгістрацыяй». Калі кіраўніцтва вобласці раптам зменіцца, і ківач качнецца ў іншы бок, «Омсктэхвуглярод» папросту вернецца ў Омск.

А на наступны дзень, 20 снежня, з’явілася інфармацыя, якая, збольшага тлумачыць сітуацыю – кіраўнік рэгіёну Аляксандр Буркоў запрасіў маскоўскага экалагічнага актывіста на першае пасяджэнне Экспертнага савета па экалогіі пры губернатары Омскай вобласці. Больш за тое, старшыня Расійскага экалагічнага таварыства Рашыд Ісмаілаў яго і ўзначаліў. Стала вядома, што прапановы Омскай вобласці аб спрошчаным доступе наглядных органаў на прадпрыемствы, якія ігнаруюць экалагічныя правілы, былі падтрыманы на федэральным узроўні – адпаведныя папраўкі ў закон унесла Дзярждума РФ.

Цяпер сысці ад адказнасці не атрымаецца. Экспертная рада будзе самастойна сачыць за экалагічнай сітуацыяй у рэгіёне і дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў. А Омск ўваходзіць у лік 12-ці гарадоў, якія павінны істотна знізіць выкіды, выконваючы даручэнне прэзідэнта Расіі. Новае заканадаўства прымусіць уласнікаў прадпрыемстваў перайсці на выкарыстанне больш экалагічных тэхналогій.

Па выніках года Омск увайшоў у пяцёрку самых дэпрэсіўных рэгіёнаў Расіі, фактычна – гэта зона экалагічнага бедства. Ільвіную долю забруджванняў даюць тры прадпрыемствы хімпраму – нафтаперапрацоўчы завод, «Омскшына» і «Омсктэхвуглярод», хоць у апошні месяц труціў паветра і гальванічны цэх танкавага заводу «Омсктрансмаш».

Каб зразумець омскія экалагічныя рэаліі, прывядзем цытату Аляксандра Буркова на экспертным савеце. Ён прызнаў, што праблема прамысловых выкідаў не змяншаецца і адкрыта назваў прадпрыемствы непрыемным словам: «Практыка процідзеяння экалагічным тэрарыстам паказала, што ў рэгіянальнай ўлады не хапае паўнамоцтваў …».

Нагадаем, у Магілёве 19 снежня прадстаўнікі «Омск Карбону» заявілі, што на заводзе «устаноўлены сучасныя ачышчальныя сістэмы, з ужываннем якіх «Омск Карбон Магілёў» стане ў адзін шэраг з самымі перадавымі заводамі свету». Праўда, у гэты ж час кіраўнік Омскай вобласці называе забруджвальнікаў паветра «экалагічнымі тэрарыстамі» і кажа, што праблема прамысловых выкідаў не змяншаецца нават пасля асабістага патрабаванні Пуціна. Верагодна, «Омсктэхвуглярод» таксама маецца на ўвазе.

Фота чарговага «пуску» магілёўскага завода, апублікаванае радыё «Свабода», кажа само за сябе:

Фота: Радыё Свабода

Але вернемся пакуль у Омск, дзе супрацьстаянне алігархаў і іх фінансавых імперый не спыняецца вось ужо чвэрць стагоддзя. Пакуль магілёўцы слухалі аповеды пра новыя ачышчальныя сістэмы і лідэрства ў свеце, «Омсктэхвуглярод» апошнія два месяцы займаўся вельмі празаічна разборкамі з мясцовай «Цеплавой кампаніяй». Прадстаўнікі «Омсктэхвуглярода» раптам заявілі ў паліцыю аб крадзяжы цеплавой энергіі.

Нібыта была выяўленая незаконная ўрэзка ў цеплавым вузле завода – гэта была перамычка, якая забяспечвае звышнарматыўнае падсілкоўванне сеткавай вады «Цеплавой кампаніі» за кошт крыніцы «Омсктэхвуглярода». Праўда, пазней высветлілася, што перамычка была часткай савецкай сістэмы для забеспячэння бесперабойнай падачы цяпла, змантаваная яна была ў канцы 90-х гадоў у якасці аварыйнай. Неяк гэта нізка для будаўнікоў «перадавога завода свету».

Але не толькі мы цытуем омскія СМІ. Як аказалася, нашы омскія калегі ідуць тым жа шляхам, каб зразумець, што дзеецца ў далёкім Магілёве. У гэта цяжка паверыць, але амічам распавядаюць пра тое, як «расейскі інвестар ўкладвае сотні мільёнаў даляраў у будаўніцтва сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці». А ў гэты ж час унутры Расіі крытыкі «Омсктэхвуглярода» атрымліваюць цэтлікі (цытата) «блогераў-фрыкаў, прадажных СМІ, прыдуркаў і вымагальнікаў ўсіх масцёў».

Там ёсць нават неіснуючы журналіст Зотаў, які штампуе пасквілі на непажаданых. Для прыкладу, артыкул, прысвечаны губернатару вобласці, выйшла пад кідкім загалоўкам «Аляксандр Буркоў: піяр праз лізаблюдаў?» Думаецца, магілёўскія журналісты наўрад ці адважыліся б напісаць нешта такое на адрас Леаніда Зайца. А ў Омску гэта норма. І піша ўсё чалавек, якога ніхто ніколі не бачыў, і нават у суд яго выклікаць нельга.

У першай палове снежня омскае выданне «Бізнес-Курс» прысвяціла матэрыял сітуацыі з пераследам магілёўскіх журналістаў і экалагічных актывістаў з боку «Омск Карбон Магілёў». І апынулася, што гэтая тактыка добра вядомая амічам. Прывядзём красамоўную цытату журналісткі Ульяны Няскоравай:

«Як аказалася, у Магілёве ідзе сваё непрымірымая вайна з мясцовымі (журналістамі, – заўв. Рэд.) – адзін у адзін з омскай.

У кастрычніку 2019 каля дзясятка чалавек з адміністрацыі сажавага завода напісалі заяву ў Магілёўскі РАУС аб тым, што каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў у складзе групы спрабуе вымагаць у іх хабар. Знаёмая песня».

Таксама выданне публікуе вось гэтае фота з мітынгу працоўных завода ў падтрымку ўласнага прадпрыемства:

Сутнасць у тым, што верагодны ўладальнік «Омск Карбон груп» спадар Каплунат і кампанія прыкрываюцца гучнымі словамі накшталт «рэальны прыклад інтэграцыі дзвюх эканомік», «нацпраекта», «з нас вымагаюць грошы» і іншымі, каб прыкрыць рэальныя праблемы з экалогіяй. Далей ён можа пачаць прыкрывацца нават прозвішчамі Лукашэнкі і Пуціна.

Таму магілёўскім актывістам і міліцыі не трэба падманвацца – усё гэта толькі частка прадуманай стратэгіі барацьбы алігарха з непажаданымі. Магілёўцы павінны старанна сачыць за экалагічнай сітуацыяй і дзейнічаць максімальна жорстка.

Паказальным прыкладам застаецца прыналежнасць прадпрыемстваў. Нагадаем, група кампаній «Омск Карбон груп» належыць кіпрскаму афшору. Завод «Омск Карбон Магілёў» афіцыйна з’яўляецца расійскім інвестпраектам «Омсктэхвуглярода», і яго юрыст публічна адмаўляе датычнасьць да кіпрскім кампаніям. Але заснавальнікам самога прадпрыемства «Омсктэхвуглярод», па інфармацыі Федэральнай падатковай службы Расіі, са 100% -ай доляй з’яўляецца менавіта кіпрская прыватная кампанія з адказнасцю, абмежаванай акцыямі «Омск Карбон Груп Лімітэд». У Омску знаходзіцца толькі цэнтральны офіс міжнароднай кампаніі.