На паўночным ускрайку горада Шклова знаходзіцца прадпрыемства ААТ “Аграсервіс”. Знаёмства з прадпрыемствам пачынаецца з помніка – на невялікім пастаменце трактар ДТ-54. У 70-80-я гады ў спецыялізаванай майстэрні Шклоўскай райсельгастэхнікі рамантавалі, а больш дакладна нанава выраблялі гусенічныя трактары для патрэб усёй Магілёўскай вобласці. У тыя ж гады побач з прадпрыемствам паўстаў і жылы пасёлак. Вылучаюцца тры пяціпавярхоўкі, якія пабудавалі для працаўнікоў гэтага прадпрыемства.
Вясковая моладзь, заўсёды і пры кожнай магчымасці “цягнулася” у гарады на шматлікія сацыялістычныя і іншыя будоўлі. І гэта неабавязкова былі вялікія гарады, калі, напрыклад, будаваўся Мінскі трактарны завод, а і невялікія гарады-райцэнтры, дзе таксама была свая “сацыялістычная” будоўля. На ўсіх гэтых будоўлях юнакі і дзяўчаты засялялася ў маленькія пакойчыкі інтэрнатаў, дзе ўжо панавала “гарадское жыццё”. У гэтых умовах, разам з парткамамі, прафкамамі і камітэтамі камсамола дзесяцігоддзямі вясковая моладзь “перавыхоўвалася” у духу камуністычнага светаўстрымання і сацыялістычных спапорніцтваў. Тут кожную асобу прыраўноўвалі да патрэбнай функцыі, а агулам чарговае пакаленне беларускай нацыі перамоўвалася ў звычайнае насельніцтва.
Між тым, не гледзячы на ўсе намаганні, камуністычнае светаўспрыманне ўспрымалася вельмі марудна. Жыццё развівалася сваім асабістым шляхам, па нейкіх сваіх, ні дзе непісаных законах. Сталыя працаўнікі Шклоўскай райсельгастэхнікі памятаюць, што абавязкова ў дзень “палучкі” і “авансу”, каля мясцовага магазіна збіраўся натоўп рабочага люду, набываліся “вогненныя напоі” і некалькі кампаній, пасля напружаннага “сацыялістычнага спаборніцтва”, размяшчаліся прама на зямлі ў мясцовым невялічкім скверыку. Ужываўся вогненны напой і пачыналіся размовы “аб жыцці”, “пра работу” і іншыя разнастайныя бядоты, з якімі штодзённа сутыкаліся гэтыя людзі ў пасяддзёным жыцці. Тут абавязкова “вырашаліся пытанні” як мясцовага, так і агульнапланетарнага значэння. Але на самай справе, гаспадарамі ні на прадпрыемстве, ні ў іншых сферах свайго жыцця гэтыя людзі небылі.
Інтэрнат Шклоўскай райсельгастэхнікі
Паўсюдна на Беларусі прыкладна ў такіх падобных умовах нараджаўся моўны кентаўр – трасянка. Беларуская мова лічылася выключна калгаснай і кожны ўжо былы вясковы жыхар, хай сабе і невялікага горада, але ўжо сароміўся сваёй “беларускасці”. Між тым, калі рабочыя райсельгастэхнікі выбіраліся ў цэнтр, яны казалі – “едзем у горад”. Гэта адпавядала іх духоўна-сацыяльнаму стану, яны пакінулі вёску, але па-сапраўднаму “гарадскімі” так і не сталі.
Што змянілася з таго часу? Мне давялося паразмаўляць з невялікай групкай мясцовых хлапчукоў-старшакласнікаў. На мае пытанні, ці плануюць яны звязаць свой лёс з родным прадпрыемствам сваіх бацькоў, пачуў вельмі рашучы адмоўны адказ. А на пытанне, ці плануе хто вучыцца ў сельгасакадэміі, пачуў наступнае: “Поступать в сельхозакадемию? И что, я буду патом, типа колхозник»?
Калі шчыра, я быў трохі збянтэжаны. Чарговае пакаленне моладзі, выхавана бацькамі па прынцыпу “шкварка і чарка” і “абы ціха”. Іх бацькі ніколі небылі гаспадарамі, ні на прадпрыемстве, ні ў грамадскім жыцці. Таму і новае пакаленне сваю будычыню бачыць толькі ў асабістым матэрыяльным уладкавнні. А гэта, безумоўна, лепей зрабіць з’ехаўшы ў вялікі горад. Нацыянальная годнасць, годнасць за сваю Радзіму і надзея на трываласць свойго асабістага лёсу на Малой Радзіме ў большасці насельніцтва адсутнічаюць. Людзі жывуць “адным днём”, шчыра захапляючыся размовамі пры тых прайдзісветаў, якія нешта скралі і не злавіліся.
Уладам ва ўсе часы заўсёды быльш зручна і выгадна была гаварыць з папулісцкім пафасам ад імя народу і імем народу. А на самай справе працоўны чалавек так і не стаў у нас гаспадаром. Створаныя ў калгасах і на прадпрыемствах акцыянерныя таварыствы, па сутнасці, як такавымі нез’яўляюцца. Знаёмыя працаўнікі, якія з’яўляюцца акцыянерамі ААТ “Шклоўскі Аграсервіс”, нават і не цікавяцца дзейнасцю свайго акцыянернага таврыства. Па-ранейшаму, усе пытанні штодзённага жыцця вырашаюцца ў вельмі “вузкім коле” кіраўніцтва.
Тое самае адбываецца і ў грамадскім жыцці. Людзі гэта бачаць і, як вынік, не звязваюць будучы асабісты лёс і лёс сваіх дзяцей з гаспадаркай або іншым прадпрыемствам дзе працуюць самі. Гэтыя адносіны фарміраваліся не адно дзесяцігоддзе і на сучасны момант дамінуюць у грамадстве.
Сучасныя пакаленні беларускай моладзі, па-ранейшаму, не адчуваюць духоўнай сувязі сваіх продкаў, а значыць – і адказнасці за працяг спраў ранейшых пакаленняў. Няўжо мы горшыя за іншых? Няўжо так і застанемся каля сахі і касы? А можа надышоў час ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА?
Аляксандр Грудзіна, былы працаўнік Шклоўскай райсельгастэнікі