Эканаміст Леанід Злотнікаў тлумачыць, колькі страціць Беларусь у выніку «падатковага манэўру» Расеі, прыводзіць лічбы таго, як хутка растуць даўгі беларускіх грамадзян і прадпрыемстваў, і адказвае на вечнае пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка не ідзе на эканамічныя рэформы.
Леанід Злотнікаў. Фота: Радыё Свабода
Эканамічна Расея ня ў стане надалей гэтак дапамагаць Беларусі
— Гэтымі днямі эканамісты і палітычныя аналітыкі актыўна абмяркоўваюць «падатковы манэўр», якія цяпер прымаецца ў Расеі. Заканчваецца тая схема, зь якой даволі някепска жывілася беларуская эканоміка, і цяпер у беларускі бюджэт ад перапрацоўкі і экспарту прадуктаў з расейскай нафты будзе трапляць значна меней грошай. Ці ўдасца Менску прыдумаць нейкую новую схему?
— Беларусь мае дадатковы даход ад таго, што атрымлівае бязмытна расейскую нафту. Акрамя таго, атрымлівае экспартнае мыта на нафтапрадукты, якія зробленыя ў Беларусі і паступаюць за мяжу. Агульны даход, які з гэтага складаецца, даходзіць да 3 мільярдаў даляраў у год. Цяпер гэтыя даходы будуць зьмяншацца з хуткасьцю 17 працэнтаў штогод, і да 2025 году цалкам зьнікнуць.
Ці знойдзе нешта Беларусь узамен? На маю думку, сустрэча Лукашэнкі з Пуціным паказала, што Расея па-ранейшаму гатовая плаціць за ляяльнасьць і інтэграцыю. Гаворка не ідзе пра канкрэтныя сумы, але такая размова была.
— Тое, што Расея па-ранейшаму гатовая плаціць за ляяльнасьць — гэты тэзіс апошнім часам актыўна ставіцца пад сумнеў. Па-першае, менш у іх грошай, па-другое, мяняецца характар расейска-беларускіх адносінаў. Ці ня кожны тыдзень ідуць паведамленьні, што расейскія мытнікі раскрылі чарговую схему з санкцыйнымі прадуктамі. Можа, Масква пачынае праводзіць больш жорсткую эканамічную палітыку?
— Расея сама наўрад ці здолее датаваць Беларусь так, як раней. Эканамічны рост там невялікі, колькасьць бедных расьце, расслаеньне ў грамадзтве вельмі моцнае. Больш за палову асабістай маёмасьці ў Расеі належыць верхнім 1,5 працэнта насельніцтва. Ці ўдасца Пуціну стрымаць нездаволенасьць людзей? Але ў любым выпадку, я думаю, эканамічна Расея будзе слабець. Санкцыі працягваюцца, інвэстыцыі з Расеі ўцякаюць з хуткасьцю 15 мільярдаў у год.
Таму асабліва ня варта і абмяркоўваць, ці гатовы Пуцін працягваць дапамагаць эканамічна Беларусі. Трэба глядзець шырэй — эканамічна Расея ня ў стане гэта рабіць.
— Тым часам у 2017 годзе і сёлета мы маем у Беларусі рост ВУП — упершыню за апошнія гады. Чаму гэта адбываецца? Можа, Беларусь сапраўды выйшла з крызісу і наперадзе рост і аптымізм?
— Самы галоўны чыньнік, які паўплываў на рост бюджэту і рост даходаў насельніцтва, — гэта каньюнктура ўсясьветнага рынку. Мінулыя два гады назіраўся самы вялікі рост усясьветнай эканомікі за дзесяцігодзьдзі. Павялічыліся патрэбы ўсясьветнага рынку, вырас попыт на нашы тавары, блізкія да сыравіны, і на саму сыравіну — нафту і нафтапрадукты, калійныя ўгнаеньні, мэталы.
Гэта было часова, бо ўсясьветная эканоміка разьвіваецца цыклямі. Далей тэмпы росту ня будуць такія высокія, такога попыту ня будзе.
Замежная запазычанасьць Беларусі як доля ад ВУП
Адзначым яшчэ адзін чыньнік росту — жыцьцё ў доўг. Золатавалютныя рэзэрвы скароцяцца сёлета на мільярд даляраў. Даўгі насельніцтва банкам па крэдытах растуць імкліва, павялічыліся на 1,25 мільярда. Даўгі прадпрыемстваў таксама павялічваюцца, за апошні год (зь сярэдзіны мінулага да сярэдзіны гэтага году) вырасьлі на 15 працэнтаў, на 2,5 мільярда даляраў.
Палова тых, хто працуе, атрымлівае заробак, меншы за 400 рублёў
— Але ж улады гэта разумеюць. І чаму ідуць на гэта? Проста няма іншых шляхоў росту і эканамічныя ўлады вымушаныя выконваць палітычную задачу росту даходаў насельніцтва любым спосабам?
— Атрымліваецца — так. На што разьлічваюць улады? Я б не сказаў, што яны ўвогуле неяк разьлічваюць сытуацыю. У мяне ўражаньне, што яны жывуць адным годам і адным днём. Сёньня ёсьць нейкая праблема — яны яе рашаюць.
Напрыклад, нізкія даходы насельніцтва. Палова тых, хто працуе, атрымлівае заробак, меншы за 400 рублёў. Сярэдні заробак — гэта адна лічба, а мэдыянны, які атрымлівае большасьць, — зусім іншая. Я думаю, стогн з глыбінкі даходзіць і да кіраўніцтва. І ўлада проста тушыць тыя ачагі, дзе можа ўзьнікнуць пажар, дзе нарастае нездавальненьне.
Пэнсіянэры цяпер адсталі ад узроўню заробку. Паводле закону сярэдняя пэнсія павінна быць 40 працэнтаў ад сярэдняга заробку. А цяпер — толькі 35 працэнтаў. Значыць, вырашылі падцягнуць. То бок проста затыкаюць дзіры.
Лукашэнка разумее, што рэформы вядуць да страты ягонай палітычнай улады
— Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году самай папулярнай тэмай сярод эканамістаў і палітолягаў была дылема, ці пойдзе Аляксандар Лукашэнка на эканамічныя рэформы. Цяпер можна даволі дакладна сказаць. што ўлада на рэальныя рэформы не пайшла, гэта прызнаюць нават тыя, хто ў 2015-м заяўляў, што ў Лукашэнкі няма іншага шляху. Чаму ўлада не пайшла на рэформы і што гэта кажа пра пэрспэктывы беларускай эканомікі?
— Сыстэма каштоўнасьцяў самога Лукашэнкі і значнай колькасьці беларусаў — гэта ўраўняльнае разьмеркаваньне, дзяржава як моцная рука і гэтак далей. Калі Лукашэнка не ідзе на рэформы, гэта азначае, што чалавек часам ня можа пераламіць сам сябе, ня можа бачыць, што адны багатыя, а іншыя бедныя. Ён разумее, што гэта вядзе да росту нездавальненьня і страты палітычнай улады.
Зь іншага боку, ён разумее, што рэформы вядуць да страты палітычнай улады. Бо зьяўляецца той слой людзей, які незалежны ад яго, які будзе патрабаваць большай свабоды. Ён калісьці казаў, што дай прадпрымальнікам адзін палец, дык яны адцяпаюць усю руку.
Ня толькі ў Лукашэнку справы — склалася пэўная эліта, якой выгадны цяперашні стан.
Мэнталітэт людзей, палітычныя інтарэсы вышэйшага кіраўніцтва, інтарэсы буйнога бізнэсу, зьвязанага з уладай — усё гэта складаецца ў прычыны, чаму Лукашэнка ня пойдзе на рынкавыя рэформы.
ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, РАДЫЁ СВАБОДА