Мсціслаў – адзіны горад Магілёўшчыны, які трапіў адразу ў некалькі праектаў ПРАААН, Еўразвязу і Мінэканомікі. Тут першым у вобласці з’явіўся свой брэнд “Жывая гісторыя” і візуальны сімвал – руды воўк, які танчыць. Але без надзору звонку ўсе намаганні апынуліся марнымі.
Праект Еўрасаюза “Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі” коштам 1,7 мільёнаў еўра скончыўся ў сакавіку мінулага года. Мсціславу пашчасціла трапіць у пералік пяці стратэгічных рэгіёнаў на роўні з Аўгустоўскім каналам, Полацкам, Мядзелам і Камянец-Пружанскім рэгіёнам. Менавіта тады ж і з’явіліся там лагатыпы і слоганы.
А цяпер у рэальнасці апынулася, што акрамя еўрапейцаў нікога тэма турызма не займае. Адмыслоўцы кажуць, што нават сеціўныя рэсурсы, калісці створаныя пад турыстычныя праекты, сёння не абнаўляюцца. Галоўны з іх – “mstislavl-tourism.com” проста шакуе. Вось скрыншот, на якім мы адмыслова вырашылі не абразаць згадку пра тое, што праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам.
Нават за добрыя грошы местачковыя “геніі” не здолелі напісаць правільна назву свайго горада ў беларускамоўнай версіі. “Мстілауль” – гэта што?
Без дапамогі і надзору звонку мясцовыя ўлады – а ў Беларусі, на жаль, ад выканкама залежыць проста ўсё – не здольныя прыдумаць хоць які прыстойны працяг. Не ратуе ані Мсціслаўскі фэст з рыцарскім турнірам, ані гастранамічны турызм у Каробчыне. Вось як выглядае прапанова тураў па Мсціславе і ваколіцах:
Экскурсаводы сцвярджаюць, што ахвочым наведаць Мсціслаў, каб пераначаваць, трэба па-ранейшаму ехаць у Магілёў. У лепшым выпадку наш усходні дыямант – гэта добрая кропка для наведвання, калі нехта замовіў экскурсію па Магілёве: бонусам яшчэ можна праехаць усяго сто кіламетраў і паглядзець на рэшткі былой велічы. Такая праўда. І яе пацвярджае адмыслова створаны рэсурс, які не знаходзіць прыйстойных месцаў у старадаўнім горадзе:
І на заканчэнне “разынка” Мсціслава. Калі націскаеш на любую кнопку – што “тур”, што “гатэль” – вынік аднолькавы. Чамусці адразу трапляеш на адказнага беніфіцыяра – Цэнтр дзіцячай творчасці.
Аляксандр Весялоўскі