У магілёўскім дзіцячым садку пачала працу група, дзе дзеці выхоўваюцца на беларускай мове. А новы навучальны год па беларускай праграме пачалі 5 першакласнікаў.
Вучаніцы бойка адказваюць на уроку матэматыкі. Пяць дзяўчынак – гэта ўвесь 3 «Г» у 34 магілёўскай школе. Клас маленькі, але так вучыцца, кажуць школьніцы, нават больш цікава.
Эвеліна вучыцца ў гэтым класе ад пачатку яго адкрыцця. Цікава, што ў яе сям’і размаўляюць па-руску. Але і малодшая сястрычка Эвеліны Адэліна сёлета пайшла ў першы клас таксама з беларускамоўным навучаннем.
Зусім не сакрэт, што для многіх дзяцей у школах цяпер беларуская мова як замежная. Сумна, але факт. Дапамагчы зразумець і палюбіць яе – гэта тое, для чаго працуюць педагогі ў беларускіх класах. Лідзія Ціханоўская акрамя заняткаў арганізавала факультатыў, каб зацікавіць і іншых вучняў з паралелі.
Свае першыя беларускія словы вучаць малыя і ў спецыяльнай групе ў дзіцячым садку №79. Яе выхаванцы – 2-3 гадовыя дзеткі. У Магілеве беларускамоўная група ў садку сёлета ўвогуле адкрылася ўпершыню. Сюды залічылі адразу 14 дзетак. Гэта, безумоўна, новы досьвід для ўстановы. І зусім неблагі.
Дарэчы, групу менавіта ў гэтым садку адкрывалі не проста так. Ён побач з 34 школай. Так што яго выпускнікі могуць атрымаць свае навучанне ў беларускамоўных класах.
У школе мяркуюць, што дзеці пасля 4 класа ўжо добра будуць размаўляць на беларускай і рускай мовах, вольна пераходзіць з адной на другую. І дарэчы, адзіная ў Магілёўскай вобласці гімназія, дзе адукацыю атрымоўваюць па-беларуску – у Асіповічах. Класік беларускай літаратуры Якуб Колас казаў, што ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову. І гэтым дзеткам, ды і нам усім выпадае гэта зразумець і прыняць.
Крыніца: tvrmogilev.by