Анексія не адбылася, расейскай вайсковай базы ў Беларусі таксама няма. Аднак інкарпарацыя ў Расею ідзе мірным шляхам. Большасць дарожных мапаў для інтэграцыі з Расеяй узгаднілі, хаця іх яшчэ не падпісалі. Што будзе азначаць падпісанне ўсіх дарожных мапаў? Наколькі сур’ёзная пагроза суверэнітэту? Як захаваць Беларусь? Інтэрвʼю з палітолагам Паўлам Усавым.
Пытанне пра суверэнітэт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвʼю радыё «Эхо Москвы» заявіў, што ён не адчувае пагрозы суверэнітэту. Ці вы з ім згодныя?
Ён шмат чаго не адчувае, што адчуваюць патрыятычна настаўленыя грамадзяне. Яны адчуваюць, што ўвогуле той факт, што Беларусь знаходзіцца ў межах Саюзнай дзяржавы і будуе нейкія інтэграцыйныя працэсы з дзяржавай-агрэсарам, па сутнасці і ёсць пагрозаю для беларускага суверэнітэту. То бок інтэграцыя ды перамовы аб праграме паглыбленай інтэграцыі, перамовы аб дарожных мапах – гэта ўсё і ёсць адкрыты факт таго, што Беларусь усцяж пад сурʼёзным прэсінгам і ўсцяж ёсць сурʼёзная пагроза для незалежнасці і суверэнітэту.
Год, які адыходзіць, быў хутчэй добры для Беларусі ці дрэнны?
Ён быў цяжкі і такім застанецца. Быў цяжкі з пункту гледжання шмат якіх фактараў. Перш за ўсё, у эканамічнай сітуацыі ды палітычнай, нягледзячы на тое, што мы адчувалі пэўны лагодны падыход да апазіцыі, да ўдзелу апазіцыі ў выбарах, хаця яны і была зацікаўленая ў выбарах.
Тым не менш улады прадэманстравалі, што ніякай змены ў парадыгме ўнутры палітычных адносінаў не будзе. Апазіцыя, грамадзянская супольнасць будуць пад сталым рэпрэсіўным ціскам уладаў, і ўлады не дазволяць выходзіць за межы акрэсленых умоваў, якія існуюць. Улічваючы той факт, што ў 2020 годзе будуць прэзідэнцкія выбары.
Гэта датычыць менавіта вонкавай палітыкі ці адносінаў з Расеяй, гэта, напэўна, быў адзін з самых цяжкіх гадоў у гісторыі Беларусі ў часе кіравання Лукашэнкі. Акрамя, вядома, падпісання Саюзнай дамовы ў 1999 годзе і яе ратыфікацыі. Гэта перш за ўсё звязана з тым, што перамовы адносна дарожных мапаў і праграмы вяліся ў сакрэтным рэжыме.
Дагэтуль мы не ведаем.
Мы ўжо шмат чаго ведаем. Аказваецца, ёсць 31 дарожная мапа. І што гэтая 31-ая мапа, пра якую казаў Мядзведзеў, – фактычна акупацыя, захоп Беларусі.
І кажуць, што на 31-ую Лукашэнка пакуль не пагаджаецца.
Тут ёсць два падыходы. Ён кажа, што Пуцін супраць, што яны ўжо дамовіліся, толькі ва ўрадзе нехта баламуціць ваду, што пытанне 31-ай мапы знялі. Аказваецца, не знялі. Яно ключавое для Расеі, мы ўсе пра гэта ведаем. Лукашэнка сам сябе чамусьці супакойвае, што гэтае пытанне вырашанае.
30 мапаў узгодненыя, датычаць розных момантаў, у асноўным эканамічных, але не толькі. Калі яны будуць падпісаныя і што гэтае падпісанне можа азначаць? Ці тое, што, як некаторыя эксперты кажуць, зноў зацягнуць час і нічога з гэтага не выйдзе? Ці гэта будзе пераход да нейкай канкрэтыкі, паступовае аддаванне рэштак суверэнітэту Расеі?
Я б сказаў, што падпісанне ўсіх гэтых мапаў у такім фармаце падобнае да смерці. Не важна калі.
Сам факт падпісання будзе забойствам беларускай дзяржаўнасці, бо мы ведаем, для чаго Расея імкнецца паглыбіць інтэграцыйны працэс, для чаго яны стварылі 31 мапу ды чаму яны ўсцяж трымаюць Лукашэнку за горла, не ідуць на аніякія саступкі, замарозілі крэдыты і ўвогуле цалкам гатовыя падвесіць у эканамічным плане Беларусь. І згадваецца, што Расея ўвесь час корміць Беларусь, што Беларусь павінная расплочвацца. І гэта адкрытым тэкстам яны кажуць.
Кажа і сам Мядзведзеў: маўляў, а чаго вы хацелі, інтэграцыя – гэта адмова ад суверэнітэту. Але не ідзе размовы, што Расея будзе адмаўляцца ад свайго. Падкрэсліваецца, што Беларусь мусіць адмовіцца ад часткі свайго суверэнітэту. Таму чакалася, што гэтыя мапы будуць падпісаныя 7-8 снежня ў Сочы. Мелася быць урачыстасць, але мапаў не падпісалі. Безумоўна, той факт, што Лукашэнка іх не падпісвае, сведчыць, што нават ён ужо разумее: тая традыцыйная палітыка і традыцыйны падыход зацягвання часу ўжо працаваць не будзе.
А што можа спрацаваць? Мы назіралі даволі масавыя пратэсты, мы назіраем апошнія гады адкрыццё на Захад. Праз некалькі дзён у Менск мае прыехаць, прынамсі неафіцыйна, адна з першых персонаў амерыканскай палітыкі – Майк Пампэа. Што можна яшчэ зрабіць, каб, можа, не спыніць інтэграцыю, але хаця б выйграць час?
Ёсць тры асноўныя элементы, якія можна і трэба зрэалізаваць, каб захаваць Беларусь. Першае – спыніць інтэграцыйныя працэсы цалкам, бо яны для Беларусі не маюць ніякага сэнсу і значэння. Асабліва з той імперскаю Расеяй, з якою мы маем дачыненне цяпер. Вядома, што ёй патрэбная інтэграцыя, каб павялічыць сваю прастору.
Другое – пачаць шырокія палітычныя ды эканамічныя рэформы. Бо, як я ўжо казаў, інтэграцыя патрэбная, каб падтрымліваць хворую беларускую гаспадарку. Яна па-за рынкам, не можа канкураваць з сучаснымі прадпрыемствамі.
Трэці момант – пашырэнне дыялогу з беларускаю грамадскасцю.
Крыніца: belsat.eu