У Беларусі афіцына зарэгістраваныя 15 палітычных партыяў. Сем з іх – апазіцыйныя, астатнія падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Некаторыя з праўладных партыяў нават не імітуюць палітычную барацьбу: яны могуць дзесяцігоддзямі не ўдзельнічаць у выбарах і не з’яўляцца ў публічнай прасторы, але пры гэтым сотнямі накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Як выглядаюць беларускія партыі-прывіды і навошта яны існуюць – у матэрыяле belsat.eu.
Восем праўладных партыяў умоўна можна падзяліць на дзве групы. У першую варта аднесці Камуністычную партыю Беларусі, Ліберальна-дэмакратычную партыю, Беларускую патрыятычную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці. Усе яны маюць хаця б аднаго дэпутата ў дзейным складзе Палаты прадстаўнікоў, перыядычна адзначаюцца публічнымі заявамі, іх лідары даюць інтэрв’ю, а некаторыя нават маюць актыўныя старонкі ў сацыяльных сетках. Пра Беларускую аграрную партыю, Рэспубліканскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і Сацыял-дэмакратычную партыю Народнай Згоды гэтага сказаць нельга. Фактычна адзіны сэнс і адзіная прыкмета іх існавання – вылучэнне лаяльных уладзе людзей у выбарчыя камісіі.
Партыя памочніка Лукашэнкі
Беларуская аграрная партыя была створана ў 1992 годзе (першапачатковая назва – Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя). З 2008 года яе старшыня – Міхаіл Русы. З 2001 по 2003 і 2010 па 2012 гады ён быў міністрам сельскай гаспадаркі, з 2012 па 2019 год – віцэ-прэм’ерам, а цяпер займае пасаду памочніка Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці.
Лукашэнка ўзнагароджвае Русага Ордэнам Пашаны, 2016 год. Фота: president.gov.byУ партыі няма ані сайту, ані старонак у сацсетках, ані кантактнага нумара тэлефона. Інфармацыю пра ідэалогію аграрыяў можна сабраць хіба што ў старых артыкулах. З аднаго з іх, напрыклад, вынікае, што Аграрная партыя выступае за рэфармаванне калгасаў і «аднаўленне ўсебаковых сувязяў з Расеяй, Украінай і краінамі СНД для іх уз’яднання ў адзіную канфедэратыўную дзяржаву».
Негледзячы на шыльду на дзвярах, шараговыя працаўнікі «Белаграздраўніцы» здзіўляюцца, калі журналіст belsat.eu пачынае іх распытваць пра Аграрную партыю.
Дзверы офісу Беларускай аграрнай партыі. Фота: Belsat.eu«Што? Дзе? Якая партыя? – губляюцца яны. – Не, мы не чулі. Імаверна, вы гендырэктара шукаеце?»
Сакратарка генеральнага дырэктара «Белаграздраўніцы» пра суседства з Аграрнай партыяй ведае:
«Ну яны, натуральна, не кожны дзень засядаюць… Але так, ёсць такая партыя. Час ад часу з’яўляюцца тут, пошту забіраюць. Але зараз іх няма. І калі будуць – не ведаю».
Будынак, дзе знаходзіцца офіс Беларускай аграрнай партыі. Фота: Belsat.euСакратарка дала нам нумар Міхаіла Шыманскага – былога старшыні, а цяпер сябра палітычнага выканкаму Аграрнай партыі. Але Шыманскі не змог распавесці, ці пойдзе партыя сёлета на выбары.
«Усе пытанні да старшыні партыі, тэлефануйце Русаму», – дадаў ён. Але дапамагчы з кантактам Русага катэгарычна адмовіўся.
Імаверна, Шыманскі проста не ведае, ці ўдзельнічае ў выбарах партыя, адным з лідараў якой ён з’яўляецца. На парламенцкіх выбарах 2008, 2012 і 2016 гадоў аграрыі не вылучалі кандыдатаў па партыйных спісах. Хутчэй за ўсё, не будуць вылучаць і сёлета: прынамсі за некалькі дзён да завяршэння этапу вылучэння кандыдатаў ніякіх звестак на гэты конт няма. Праўда, сярод кандыдатаў, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў, ёсць адзін аграрый.
А вось лічыць галасы прадстаўнікі Аграрнай партыі любяць. Сёлета ва ўчастковыя камісіі ўключаны 614 прадстаўнікоў Аграрнай партыі (з 617 вылучэнцаў), а ў акружныя – 14. Для параўнання, у апазіцыйнай Аб’яднанай грамадзянскай партыі гэтыя паказнікі – 4 (са 174-х) і 1. На леташніх мясцовых выбарах у аграрыяў было 633 чалавека ва ўчастковых камісіях пры 2 кандыдатах у дэпутаты, а на парламенцкіх выбарах 2016 года – 637 сябраў камісіяў і наагул ніводнага кандыдата.