Галоўная » премьера

Жахлівы і жудасны “Жоўты пясочак” на тэатральнай сцэне

Магілёўскі Драматычны тэатр распачаў новы сезон прэм’ернай пастаноўкай на вельмі сур’ёзную і драматычную тэму нашай нядаўняй гісторыі.  

Маладая рэжысёрка Каміля Хусаінава, студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (Санкт-Пецярбург), перанесла на тэатральную сцэну  “Жоўты пясочак” – жахлівае апавяданне найбуйнейшага сучаснага беларускага класіка Васіля Быкава.

Васіль Быкаў збольшага вядомы нам як аўтар франтавой прозы, але пісаў ён і пра жахі калектывізацыі, раскулачвання, сталінскіх рэпрэсій. Дзея апавядання “Жоўты пясочак” адбываецца ў Беларусі ў 30-я гады, у разгар рэпрэсій. Героі – вельмі розныя людзі: партыец-бальшавік з рабочых, селянін, паэт, крымінальнік, былы белагрвардзеец, чэкіст. Іх вязуць ад турмы НКУС у хваёвы лясочак, каб там растраляць, але па дарозе машына застрае ў гразі…

Сцэна са спектаклю – прысуджаныя да растрэлу штурхаюць грузавік, што вязе іх у апошні шлях… Момант, калі адзін са следчых-чэкістаў сам становіцца ахвярай… Узгадкі пра “вясёлыя” часы калектывізацыі… “Цяжкая” і “адказная” праца ў органах далёка не заўсёды сканчалася “заслужаным адпачынкам”… Адпусціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве, да дзяцей, да жаны, да хаты. Як там Бацькаўшчына жыве? – апошнімі словамі ў заключных сцэнах пастаноўкі гучалі радкі верша Анатоля Сыса пра Курапаты…

Трагедыя, расказаная Васілём Быкавым, – прыклад з тысяч, мільёнаў падобных крывавых гісторый. Што стала іх прычынай, як выправіць памылкі мінулага і не дапусціць паўтарэння катастрофы? Нехта запытаецца: навошта варушыць старое? Усё проста: каб “людзьмі звацца”, бо калі забываць гісторыю, яна абавязкова паўторыцца.

Каміля Хусаінава стварыла эскіз спектакля пад час Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт” у рамках Майстэрні маладой рэжысуры. Эскіз быў прыхільна прыняты гледачамі, заслужыў пазітыўную ацэнку экспертаў і кіраўніцтва тэатра запрасіла маладую рэжысёрку працягнуць пачатую працу і паставіць паўнавартасны спектакль у камернай прасторы на малой сцэне Магілёўскага драматычнага тэатра.

Такія ж маладыя, як сама рэжысёрка, і ўсе занятыя ў спектаклі акторы. Ролі выконваюць: лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Іван Трус, Павел Зароўскі, Андэй Корзан, Чэслаў Вількін, Аляксандр Куляшоў, Данііл Самкнулаў, Максім Чарнюк, Ірына Дунчанка, Настасся Іваненка, Юлія Ладзік. Нягледзячы на ўзрост, а некаторыя з актораў нарадзіліся ўжо пасля распаду СССР,  маладому калектыву ўдалося перадаць жудасную атмасферу тых часоў. Спектакль кранае да глыбіні душы, уздымае вельмі няпростую тэму пакорнасці чалавека перад няўмольнай і жорсткай дзяржаўнай машынай. Гэта адзначыла і Каміля Хусаінава ў інтэрв’ю з рэпарцёрамі: “Мяне ўразіла абсурднасць сітуацыі. Цэнтральнае месца сюжэту: зняволеныя штурхаюць машыну, якая вязе іх на расстрэл. Яны гэта робяць не таму, што ім пагражаюць (іх жа шасцёра, а ахоўнік з пісталетам адзін і сам пабойваецца арыштантаў), а паводле сумлення: штурхаюць машыну, бо не могуць гэтага не рабіць. Мяне дзівіць, як цэлая краіна магла апынуцца пад уладаю тыраніі, і мне незразумела дагэтуль, як працуе механізм масавага замбавання”.

Каміля Хусаінава нарадзілася ў 1987 годзе ў Казахстане, у горадзе Кызыларда. З 1988 году жыла ў Мінску, пяць гадоў адвучылася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура драматычнага тэатру”. Ад 2015-га вучыцца ў Санкт-Пецярбургу на чацвёртым курсе Расейскага дзяржаўнага інстытуту сцэнічных мастацтваў па той-жа спецыяльнасці ў майстэрні Генадзя Трасцінецкага. Спектакль “Жоўты пясочак” — першая яе ўжо не студэнтская, а прафесійная тэатральная праца.

Каміля Хусаінава Рэжысёр спектаклю Каміля Хусаінава, дырэктар тэатру Андрэй Новікаў і галоўны рэжысёр Варнас Саўлюс пад час прэсавай канферэнцыі для журналістаў Заслужаныя апладысменты ад удзячных гледачоў. Асаблівасць тэатральнай малой сцэны – шчыльны кантакт актораў з гледачом, і гэта вельмі важна для такой трагічнай і глыбокай тэмы чалавечых пакутаў… Першая прафесійная пастаноўка для маладога рэжысёра – надзвычай важны этап у жыцці, Каміля Хусаінава паказала вельмі высокі ўзровень у сваёй творчай працы

Прэм’ера пастаноўкі прайшла пры поўным аншлагу, многія з гледачоў не маглі стрымаць слёзаў пад уражаннем убачанага, бо тэма не проста кранае, а і закранае трагічныя лёсы блізкіх родзічаў ці сваякоў амаль кожнага беларуса. Першы спектакль наведалі сябры магілёўскай суполкі грамадскага аб’яднання Таварыства беларускай мовы імя Скарыны. Па заканчэнні пастаноўкі адбылася невялічкая імправізаваная творчая сустрэча маладога рэжысёра з удзячнымі гледачамі. Пад час яе прагучалі і шчырыя словы падзякі за такую важную працу, за раскрыццё гэткай балючай тэмы самымі, бадай што, дасціпнымі і яскравымі мастацкімі сродкамі жывой тэатральнай дзеі. Былі пытанні як пра саму ідэю спектаклю, так і пра нюансы працы над ім, магілёўцы цікавіліся і асобай самой Камілі Хусаінавай. Адзначым, што жахлівыя падзеі тых далёкіх часоў не абмінулі і продкаў Камілі – яе прадзеда, які жыў у Арэнбургскай губерніі і валодаў невялікай мануфактурай, раскулачылі, а сям’ю саслалі ў Казахстан.

Сваімі ўражаннямі і думкамі пасля спектаклю падзяліўся старшыня гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў“Васіль Быкаў, калі займаўся тэмай савецкіх рэпрэсій, карыстаўся фактамі перад усім і сапраўднай гісторыяй, гэта мастацкі, зразумела, твор, але на падставе тых падзеяў, якія адбываліся ў тыя часы ў СССР і на тэрыторыі Беларусі. Гэтая тэма такая ж трагічная, як і  тэма Вялікай Айчынай вайны, магчыма, яшчэ больш трагічная, яна закранула літаральна кожную беларускую сям’ю, маю дык дакладна. І пра гэта маўчаць нельга    Вельмі моцная пастаноўка, і дзякуй маладому рэжысёру, што яна ўзялася за гэтую тэму, бо ёсць шмат іншых – пазітыўных, феерычных, нават гераічных тэмаў. Гэта так сама трэба, але шкада, што ў нас замоўчваецца гісторыя, звязаная з рэпрэсіямі, але нельга “замаўчаць” гэтую трагедыю – яе ўсё роўна ведаюць, вывучаюць, але не хочуць пра яе казаць, бо так зручней жыць, так бы мовіць з “песней по жизни”. І ўсё ж рана ці позна трэба будзе раскрыць усе дакументы, выявіць усе тыя факты, нельга гэта будзе замаўчаць, і ўсё роўна нашы дзеці ці ўнукі гэта зробяць, і чым раней, тым лепш. Перажыць гэты боль, усвядоміць усё, і зрабіць так, каб такое больш ніколі не паўтарылася.”

Імправізаваная творчая сустрэча рэжысёра пасля прэм’еры спектаклю. Пытанне задае Алег Дзьячкоў – старшыня гарадской суполкі ТБМ імя Скарыны Афіша спектаклю, у кастрычніку паказы пройдуць 25-га чысла, і ў фармаце “урокаў эстэтыкі” 3-га і 17-га.

На жаль, спектакль зможа пабачыць вельмі абмежаваная колькасць гледачоў, бо ён ідзе на Малой сцэне тэатру, якая можа змясціць толькі каля шасцідзесяці чалавек. Квіткі на ўсе тры прэм’ерныя паказы ў верасні прададзеныя, а ў кастрычніку запланаваны толькі адзін паказ у асноўным рэпертуары і яшчэ два ў межах “урокаў эстэтыкі”.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.