Галоўная » происшествия » Page 144

У Магілёве апошнiм часам пачасцiлiся выпадкi крадзяжоў старых помнiкаў

Магiлёўскiя гiсторыкi б’юць трывогу: з пачатку года толькi з адных Машэкаўскiх могiлак у Магiлёве знiклi дзве старадаўнiя плiты i крыж. Як сведчаць спецыялiсты, гэта былi сапраўдныя творы матэрыяльнай культуры. Адна з плiт належала прадстаўнiку знакамiтага беларускага роду Грум-Гржымайлаў. Помнiк чыгуннага лiцця ўпрыгожваў родавы герб з выявай рыцара.

Рыгор Iванавiч Грум-Гржымайла, надмагiлле якога знiшчылi вандалы, у пачатку ХIХ стагоддзя быў гораданачальнiкам Магiлёва. Герб на яго плiце быў блiзкi па сваiм выкананнi да герба Магiлёва. Гэта старадаўнi магiлёўскi род, гонар Прыдняпроўскага краю i яго славутасць. Рыгор Iванавiч быў дзедам рускага вандроўнiка i даследчыка Цянь-Шаня i Памiра Рыгора Яфiмавiча Грум-Гржымайлы, iмем якога названыя хрыбты i ледавiкi на Далёкiм Усходзе i Памiры. «Сённяшнiя нашчадкi роду Грум-Гржымайлаў таксама ўяўляюць гонар для нашай краiны i Расii. Гэта прозвiшча носiць доктар фiзiка-матэматычных навук Навукова-даследчага iнстытута ядзернай фiзiкi Маскоўскага ўнiверсiтэта iмя М. В. Ламаносава. А вось нашчадкам тых, хто ўкраў надмагiлле, ганарыцца не будзе чым», — у роспачы напiсала ў сваiм «Iнстаграме» завуч магiлёўскай школы № 34 Галiна Бяляева, як толькi ёй стала вядома аб гэтай прапажы.

У той жа дзень настаўнiца звярнулася па дапамогу ў пошуку ў Ленiнскi РАУС Магiлёва, яе падтрымалi дэпутаты гарсавета, членам якога яна з’яўляецца. Разам з аднадумцамi яна абышла могiлкi, каб высветлiць, цi на месцы iншыя старадаўнiя надмагiллi. На жаль, яны не далiчылiся яшчэ аднаго помнiка — немаўляцi з красамоўным iмем Аляксандр Пушкiн.

— У мiлiцыi адразу ж папярэдзiлi, што шанцы знайсцi старадаўнiя плiты вельмi малыя, — кажа Галiна Бяляева. — Часцей за ўсё зламыснiкi ўжо абязлiчылi iх i пусцiлi на лом. Але мы спадзявалiся на лепшае.

Мiлiцыя ўзяла на кантроль усе металапрыёмнiкi ў горадзе, i праз месяц нарэшце прыйшла iнфармацыя, што нейкi мужчына прынёс лом крыжа. Сталi правяраць i высветлiлася, што на тых жа Машэкаўскiх могiлках адбыўся яшчэ адзiн крадзеж. Гэтым разам «ахвярай» стаў цяжкi металiчны крыж ХIХ стагоддзя з магiлы Алены Герасiмавай.

— Гэтыя нелюдзi наогул не шкадуюць нiкога i нiчога, — абураецца Галiна Бяляева. — Той жа помнiк Аляксандру Пушкiну быў вельмi вялiкi i глыбока сядзеў у зямлi. I прыйшлося папацець, каб выцягнуць яго цалкам. Што кiравала тымi, хто гэта рабiў, нават гадаць не трэба. Зарабiць як мага болей грошай.

Што датычыцца надмагiлля Грум-Гржымайлы, то выратаваць яго не ўдалося. Пры дачы паказанняў адзiн з падазраваных прызнаўся, што яны з напарнiкам раздрабнiлi яго i здалi на металалом.

— Гэта непапраўны ўдар па нашай гiсторыi, — перажывае Галiна Бяляева. — Такiх помнiкаў на магiлёўскiх могiлках засталiся адзiнкi. Iх трэба захаваць для нашых нашчадкаў. На жаль, гэта вельмi цяжка зрабiць на справе. Ёсць роды, што ўжо згаслi, i прамых нашчадкаў, якiя б маглi прад’явiць абвiнавачанне, няма. А значыць, няма i адказнасцi. Таму на сябе гэтую ролю павiнна ўзяць дзяржава.

Настаўнiца гiсторыi тэмай некропаля займаецца каля 10 гадоў. Разам з вучнямi яна правяла так званую iнвентарызацыю магiлёўскiх могiлак i зрабiла шмат цiкавых адкрыццяў. Сёння для яе гэта стала тэмай для навуковых даследаванняў. Галiна Бяляева ездзiць у расiйскiя архiвы i прывозiць адтуль унiкальны матэрыял. Зараз прадметам яе вывучэння сталi не толькi могiлкi Магiлёўскай вобласцi. Яна ўдзельнiчае ў мiжнародных канферэнцыях i робiць сапраўдныя адкрыццi.

— Старадаўнiя надмагiллi — гэта ўнiкальная крынiца новых фактаў, якiя могуць нават змянiць гiсторыю, — кажа суразмоўнiца. — У Аршанскiм раёне ёсць храм, побач з якiм знаходзяцца старадаўнiя могiлкi. Настаяцель яго не ведаў, каму яны належалi. Дапамаглi архiўныя даныя, якiя я прывезла з Санкт-Пецярбурга. З iх дапамогай мы аднавiлi iмёны пахаваных там святароў.

Зараз аб’ектам даследавання навуковай работы Галiны Бяляевай з’яўляецца знакамiтая Сынкавiцкая царква Святога Мiхаiла. Гэта адзiн са старадаўнiх гатычных праваслаўных храмаў Беларусi. I тая iнфармацыя, якую знайшла Галiна ў архiвах, дапаможа ўстанавiць iнiцыятараў яе пабудовы.

Да даследчыцы апошнiм часам звяртаецца шмат людзей з розных куткоў свету. Адным з iх яна дапамагла знайсцi пахаванне нашчадкаў магiлёўскiх купцоў Аношкаў, род якiх валодаў тым самым двухпавярховым асабняком з мансардай на вулiцы Ленiнскай, дзе цяпер размяшчаецца музей В. К. Бялынiцкага-Бiрулi. Кажуць, што тут прыпыняўся сам аўстрыйскi iмператар Iосiф II падчас свайго вiзiту ў Магiлёў на сустрэчу з расiйскай iмператрыцай Кацярынай II.

— Гэтыя людзi, калi даведалiся пра свае каранi, зусiм па-iншаму сталi глядзець на гiсторыю, — кажа Галiна Бяляева. — Гэта магiла цяпер пад iх аховай, а заадно i тыя, што знаходзяцца па суседстве. Магчыма, там таксама чакае свайго часу чыясьцi гiсторыя.

На жаль, сёння старадаўнiя надмагiллi афiцыйна не лiчацца гiсторыка-культурнымi помнiкамi. I пакуль адны iх разбураюць, iншыя як могуць ратуюць. Нядаўна на тэрыторыi магiлёўскага храма ў гонар Божай Мацi Усецарыцы з’явiлася старадаўняе надмагiлле. Яго знайшоў у лесе ў Пашкаве настаяцель храма. Па надпiсе даведаўся, што гэта плiта з магiлы жонкi святара Iосiфаўскага сабора, якi быў знiшчаны ў Магiлёве ў першай палове мiнулага стагоддзя. Свяшчэннiк кажа, што мясцовыя выпiвохi выкарыстоўвалi яго ў якасцi стала i рэзалi на iм каўбасу.

Год таму статус гiсторыка-мемарыяльнага пахавання быў нададзены ў Магiлёве старадаўняй частцы Яўрэйскiх могiлак. Але гэта, хутчэй, выключэнне, чым правiла.

— Усё пачалося з таго, што камунальнiкi наводзiлi на могiлках парадак i пашкодзiлi шмат каштоўных плiт, — расказвае старшыня яўрэйскай абшчыны Аляксей Каплан. — Мы даведалiся, што закон «Аб пахавальнай справе» прадугледжвае знiшчэнне тых магiл, якiя не даглядаюцца. Але на могiлках знаходзяцца помнiкi ХVIII—XIX стагоддзяў. Шмат у каго з пахаваных пад iмi наогул не засталося нашчадкаў. Мiж тым статус тых, хто там пахаваны, вельмi высокi. Напрыклад, браты Гранаты, стваральнiкi энцыклапедыi. Як можна такiя магiлы знiшчаць? Мы звярталiся ў шматлiкiя органы, у тым лiку да пасла Iзраiля ў Беларусi. Ён прыехаў у Магiлёў, наведаў могiлкi ў прысутнасцi прадстаўнiкоў гарадской улады, i пасля гэтага адбыўся зрух. Мы ўзялi шэфства над гэтымi могiлкамi, знайшлi спонсараў i за гэтыя грошы даглядаем пахаваннi. Зроблена каталагiзацыя могiлак, i сачыць за iх наяўнасцю цяпер прасцей.

Станоўчыя прыклады, калi адзiночным пахаванням надаецца статус гiстарычнай каштоўнасцi, ёсць у Гродне. Але ў маштабах краiны гэта пытанне ўсё яшчэ застаецца адкрытым. Крымiнальная адказнасць для паляўнiчых на помнiкi прадугледжана толькi ў тым выпадку, калi надмагiллю нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi або калi паступiла заява ад нашчадкаў. Ва ўсiх астатнiх выпадках злачынцам максiмум, што пагражае, — гэта адмiнiстрацыйная адказнасць. У выпадку з Грум-Гржымайлам на сiтуацыю паўплывалi гiсторыкi. Справай займаўся непасрэдна дырэктар музея гiсторыi Магiлёва Аляксей Бацюкоў. З яго дапамогай былi знойдзены нашчадкi ў Маскве i ў Магiлёве, якiя ўжо звярнулiся з заявай разабрацца ў гэтай справе.

— Як высветлiлася, статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi надмагiлле можа атрымаць толькi ў тым выпадку, калi яно цэлае. Плiта з магiлы Грум-Гржымайлы была разбiтая на кавалкi, i яе каштоўнасцю не прызналi. Але ёсць заява ад нашчадка, i злачынцам пагражае крымiнальная адказнасць. Паколькi яны ўжо былi судзiмыя, iм можа пагражаць чарговае зняволенне, — сказаў старшы лейтэнант мiлiцыi Ленiнскага РАУС Магiлёва Мiхаiл Куксаў, якi займаецца расследаваннем гэтай справы.

У Магiлёве мiж тым вырашаюць пытанне захавання старадаўнiх помнiкаў.

— У Крымiнальным кодэксе ёсць артыкул 344, якi дазваляе прыцягваць да адказнасцi такiх злачынцаў, — кажа Аляксей Бацюкоў. — На жаль, на Машэкаўскiх могiлках знiшчаны помнiкi, у тым лiку i тых людзей, якiя ўжо не маюць нашчадкаў. Трэба неяк абаранiць i такiя надмагiллi, надаць iм статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. I мы будзем працаваць у гэтым кiрунку.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Фота з архiва Галiны БЯЛЯЕВАЙ

Крыніца: “Звязда”

Генпрокуратура прокомментировала смертный приговор чериковским братьям Костевым

Сейчас этот вопрос будет решать Комиссия по помилованию при Администрации президента Замгенерального прокурора Беларуси Алексей … чытаць далей