Галоўная » Рыгор Кастусёў » Page 5

“Манкуртызацыя” па-бялыніцкі

У пераносным сэнсе словам “манкурт” вызначаюць чалавека, які страціў сувязь са сваімі гістарычнымі, нацыянальнымі каранямі, забыўшагася аб сваім родзе. А калі такая з’ява набывае масавы характар, як гэта адбываецца ў Бялынічах у рамках падрыхтоўкі мерапрыемстваў да правядзення ХХVII Дня беларускага пісьменства, то гэта ўжо называецца “манкуртызацыяй”.

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе  і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны.

Так склалася, што летась старшыня Слонімскага райвыканкама па завяршэнні Дня беларускага пісьменства 2019 у Слоніме перадаў эстафету фестывалю нацыянальнага слова старшыні Бялыніцкага райвыканкама В.Захаранку. Сталіцай фестывалю нацыянальнага слова 2020 сталі Бялынічы – старажытны “горад белых начэй”, радзіма шматлікіх вядомых творчых асоб, “паклоннае месца” хрысціян Беларусі і свету. Стагоддзі таму назад і Слонім, і Бялынічы апекаваліся канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага Львом Сапегам.

Дзеля падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, 28 кастрычніка 2019 года быў створаны нацыянальны арганізацыйны камітэт начале з намеснікам прэм’ер-міністра І.Петрышэнкам, куды ўвайшлі і прадстаўнікі Магілёўскай абласной і Бялыніцкай раённай вертыкалі.

Наведваючы ў апошнія месяцы Бялынічы, з прыемнасцю можна заўважыць, што мясцовыя будаўнікі з адказнасцю паставіліся да даручанай справы па падрыхтоўцы горада да Сьвята, бо горад выглядае як адзіная будаўнічая пляцоўка, дзе паспяхова завіхаюцца сотні працаўнікоў.

Яле, як нярэдка бывае, добрую працу соцен, тысячаў людзей могуць сапсаваць адным махам некалькі чалавек надзеленыя хай і невялікай, але дастатковай уладай, каб ператварыць СВЯТА БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА ў чарговае мерапрыемства не зразумелай ідэалагічнай скіраванасці з пасылам, “на ўсялякі выпадак”, на “магчымыя будучыя падзеі” у будаўніцтве “саюзнай дзяржавы”.

Напрыклад, невялікі клерк раённага маштаба – начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бялыніцкага райвыканкама І.Ігнатовіч, нават ніколькі не саромяючыся, заявіла журналістам, што афармаленне аб’ектаў Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах шыльдамі на рускай мове – гэта нармальная з’ява, бо Дзень пісьменства будзе толькі ў гэтым годзе, а надпісы застаюцца назаўсёды. Па меркаваннях Ігнатовіч – усе ўжо замучыліся з беларускай мовай.

За падобнымі крокамі і заявамі раённага ідэолага, не без падтрымкі вышэй стаячага чынавенства, праглядаецца памкненне на ліквідацыю гістарычнай, нацыянальнай памяці бялынічан аб даўняй велічы свайго горада, які ў далёкім 1634 годзе атрымаў Магдэбургскае права.

Сваімі дзеяннямі такія ідэолагі нічуць не саступаюць сумнавядомаму Міхаілу Мураўёву – “вешальніку”, апантанаму русіфікатару захопленых беларускіх земляў, які ў 1832 годзе, займаючы пасаду Магілёўскага губернатара, сваім дэкрэтам ліквідаваў сядзібу бялыніцкіх кармелітаў.

Менавіта, пасля першага падзела Рэчы Паспалітай і далучэння Бялыніч да Расійскай імперыі, з-за негатыўнага стаўлення царскіх уладаў да беларускіх нацыянальных, гістарычных, рэлігійных святыняў, паселішча і прыйшло ў заняпад.

Поўнае знішчэнне бялыніцкіх рэлігійных святыняў адбылося ўжо за савецкім часам. У 1960-х гадах бальшавікамі быў узарваны касцёл, а ў 1970-х – кляштар.

Сённяшнім нашчадкам Мураўёва -“вешальніка”, нашчадкам савецкіх бальшавікоў, усё няймецца завяршыць справу сваіх папярэднікаў і дамагчыся не толькі знішчэння беларускай мовы, а і ліквідацыі беларускай дзяржаўнасці. Знаходжанне на пасадах вось такіх ідэолагаў – гэта абраза ўсяму беларускаму народу.

Толькі супраціў такім “манкуртызатарам” і патрабаванні грамадзян да ўладаў, як гэта рабілі нашыя продкі ў мінулых стагоддзях, дазволяць нам захаваць сваю мінуўшчыну, сваю спадчыну, свае нацыянальныя, гістарычныя, рэлігійныя святыні ад цемрашальства.

Рыгор Кастусёў

 

Ад чаго залежаць настрой і рашэнні Лукашэнкі пасля наведвання сельгаспрадпрыемстваў?

Падводзячы вынікі наведвання 15 мая 2020 г. шэрагу сельскагаспадарчых аб’ектаў Віцебшчыны, А.Лукашэнка станоўча ацаніў на … чытаць далей

МММ у сельскай гаспадарцы Магілёўшчыны (махлярства, марнатраўства, мздаімства)? (Працяг)

На прыкладзе буйнейшага сельскагаспадарчага прадпрыемства Магілёўшчыны ААТ “Новая Друць” Бялыніцкага раёна раней на старонках “Магілёўскага рэгіёна” ўздымаліся праблемы сельскай гаспадаркі вобласці, апісваліся негатыўныя працэсы, што адбываюцца на сяле з-за непрафесійных падыходаў кіраўніцтва розных узроўняў, уздымаліся пытанні марнатраўства фінансавых сродкаў (магчыма ў чыіхсьці інтарэсах, што называецца мздаімствам).

Не засталася па-за ўвагай на прыкладзе “Новай Друці” і тэма падбора кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, бо толькі за 2019 год у ААТ змянілася тры хвалі “канкістадораў”, як тады адзначалася на старонках “Магілёўскага рэгіёна”, што сталася своеасаблівым рэкордам не толькі ў Бялыніцкім раёне, а і для Магілёўскай вобласці.

Кожная хваля чарговага кіраўніцтва імкнулася пакінуць свой след у гісторыі гаспадаркі, у памяці працаўнікоў і жыхароў шматлікіх вёсак.

Да чэрвеня 2019 года дырэктарам гаспадаркі з’яўляўся А.Драздоў, які разам з гэтым у 2016 годзе быў абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Але ў памяці людзей ён застаўся не дзякуючы высокай пасадзе дэпутата верхняй палаты беларускага парламента. Яго больш памятаюць як дырэктара, за часам якога з гаспадаркі сышлі найлепшыя мясцовыя кадры.

Наступную хвалю на “Новую Друць” у чэрвені 2019 годзе ўзначаліў новы дырэктар В.Шчуплянкоў, які прыйшоў на гэтую пасаду па пратэкцыі свайго роднага брата А.Шчуплянкова – тагачаснага старшыні Бялыніцкага, а яшчэ раней – Круглянскага райвыканкама. У людской памяці В.Шчуплянкоў застаўся як дырэктар, што адбыў на пасадзе меней трох месяцаў і разам са сваёй камандай канчаткова заваліў усе эканамічныя паказчыкі гаспадаркі.

З канца жніўня 2019 года на “Новай Друці” бушуе шклоўская хваля на чале з В.Закардонскім, які таксама вырашыў запісацца ў гісторыю гаспадаркі неардынарнымі паступкамі – спагнаць пэўную фінансавую кампенсацыю за нанесеныя са студзеня па верасень 2019 года матэрыяльныя страты са спецыялістаў гаспадаркі і, нават, з былых яе кіраўнікоў – Драздова і Шчуплянкова па 930,1 рубля з кожнага.

Падлягае вялікаму сумневу, што новаму дырэктару ўдасца атрымаць фінансавую кампенсацыю з былых кіраўнікоў гаспадаркі, але працуючыя спецыялісты і рабочыя гаспадаркі, якія звярнуліся за дапамогай да “Магілёўскага рэгіёна”, ужо адчулі важкі недахоп заробку за сакавік 2020 года. Недаатрыманне заробку сталася для працаўнікоў як гром сярод яснага дня, бо з загадам дырэктара аб утрыманні фінансавых сродкаў іх ніхто не азнаямліваў.

Дзякуючы доступу да складзеных задняй датай службовых дакументаў ААТ “Новая Друць” -службовай запіскі старшыні назіральнага савета Чалнакова ад 24 снежня 2019 года з рэзалюцыяй няведама каго на ўтрыманне з вінаватых нанесеных страт і загада дырэктара Закардонскага ад 28 снежня 2019 года за №164-П, які грунтуецца ўжо на рашэнні Назіральнага савета №16 ад 28 снежня 2019 года (якога ніхто не бачыў увачавідкі), праглядаецца поўны непрафесіяналізм і неадукаванасць цяперашняга кіраўніцтва.

Мабыць, Закардонскаму наканавана застацца ў людской памяці як самаму непрафесійнаму кіраўніку, імкнуўшамуся такім чынам прыхаваць падзёж буйной рагатай жывёлы і нанесеныя гаспадарцы страты ў памеры 32014,62 рублёў у часы дырэктарства сваіх папярэднікаў.

Пад раздачу, згодна загада Закардонскага, разам з Драздовым, Шчуплянковым і работнікамі жывёлагадоўлі, на ўтрыманне фінансавых сродкаў папалі аграномы, маркетолаг, упраўляючы падраздзяленнем гаспадаркі і, нават, чамусці, качагар кацельні Дома механізатараў, які раней працаваў загадчыкам і слесарам майстэрні па рамонту трактароў.

Назіраючы за негатыўнымі працэсамі, што адбываюцца ў сельскай гаспадарцы і непасрэдна ў ААТ “Новая Друць”, – прастойваючыя крухмальны завод і цэх па разліву мінеральнай вады, разваліны плантацыі па вырошчванні жэншэня, комплексы буйной рагатай жывёлы, дзе ад каровы надойваюць малака меней, чым ад добрай казы, за незасеенымі ўвесну і непрыбранымі ў восень палямі, за марнатраўствам, махлярствам, мздаімствам і дурасцю чыноўнікаў у адносінах да людзей, складваецца ўражанне, што сельскай гаспадаркай у Магілёўскай вобласці ніхто не кіруе, або прафесійны ўзровень чыноўнікаў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі апусціўся да такога ўзроўня, што яны не здольны прымаць адэкватныя рашэнні.

Калі гэта нездольнасць чынавенства кіраваць сельскай гаспадаркай у склаўшыхся ўмовах, то кіраўніцтву вобласці тэрмінова неабходна прымаць меры па новых падыходах арганізацыі працы ў сельскай гаспадарцы.

Але ж, калі пад безгаспадарчасцю хаваюцца асабістыя інтарэсы некаторых чыноўнікаў і спецыялістаў, узнікае пытанне – чаму маўчаць праваахоўныя органы? Чаму, у першую чаргу, маўчыць і не прымае мер пракуратура?

А, можа быць, і ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў за безгаспадарчасцю ў сельгаспрадпрыемствах таксама хаваецца свой інтарэс?

Рыгор Кастусёў

 

МММ у сельскай гаспадарцы Магілёўшчыны (марнатраўства, махлярства, мздаімства)?

Якія толькі планы, ідэі, праграмы не нараджаліся ў галовах магілёўскага чынавенства за апошняе чвэрць стагоддзя. … чытаць далей

Шклоў: Маем – не шануем, згубім – ці заплачам? (Працяг)

На пачатку сакавіка 2020 года на старонках “Магілёўскага рэгіёна” уздымалася праблема аб нездавальняючым стане Шклоўскага гарадскога парка – помніка садова-паркавага мастацтва нацыянальнага маштабу, уваходзячага ў першую дзесятку найлепшых аб’ектаў Беларусі.

З таго часу прайшло ўжо паўтара месяца, і, нарэшце, шклоўскія ўлады вырашылі адрэагаваць на публікацыю і распачалі санітарную высечку засохлых дрэваў.

Але, тое, як гэта робіцца, выклікае сумневы, што тут працуюць адэкватныя людзі з мэтай захавання гістарычнай каштоўнасці. Складваецца ўражанне, што работы праводзяцца па прынцыпу “Слана ў шкляной лаўцы”.

Ні адзін факт валкі сухога дрэва не абыйшоўся без пашкоджанняў побач стаячых – здаровых. А традыцыя вальшчыкаў – спраўляць “хаўтуры” па кожнаму паваленаму дрэву, прывяла да поўнай засмечанасці паўночнай часткі парка.

Мабыць лёс гарадскога парка цалкам перастаў хваляваць жыллёва-камунальны аддзел Шклоўскага райвыканкама і іх калегаў з “Жылкамгаса”, гэтаксама, як і супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі разам з падпарадкаванай яму Дзяржаўнай установай культуры “Парк культуры і адпачынку г.Шклова”, размешчанай у раённым доме культуры.

Абыякавасць шклоўскіх чыноўнікаў -“временщиков», прыбыўшых па прызначэнні на розныя пасады ў райвыканкам, праяўляецца як у адносінах да гарадскога парка, так і да іншых гістарычных аб’ектаў Шклоўшчыны, пра якія яны, знаходзячыся на адказных пасадах, магчыма і не ведаюць. А  навошта ім ведаць, бо год – два, ды на іншую, новую пасаду.

А гістарычныя аб’екты, унесеныя ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, якія дайшлі да нас з мінулых стагоддзяў, так і застаюцца з году ў год без выкарыстання і дагляду, чакаючы свайго незайдроснага лёсу, якога дачакаўся Шклоўскі гарадскі парк.

Ужо колькі год пустуе будынак былой сінагогі па вул. Дзікуна ў Шклове, пабудаваны ў ХVII стагоддзі.

Больш двух дзесяткаў гадоў не выкарыстоўваецца будынак  ХVIII стагоддзя па вул.Савецкай, які раней належаў Успенскаму манастыру.

Яшчэ больш часу мясцовыя ўлады ўсё не могуць вызначыцца з выкарыстаннем будынка ХІХ стагоддзя па вул. Паштовай, дзе ў свой час размяшчалася друкарня.

Засядаючы ва ўтульных кабінетах райвыканкама, або знаходзячыся ў доме культуры, маючы службовыя машыны, чынавенству ў цяжасць стала падняцца з-за сталоў і прайсціся ў парк, каб увачавідкі пабачыць, што там адбываецца.

Дадзены артыкул можна лічыць зваротам грамадскасці г. Шклова да кіраўніцтва Шклоўскага райвыканкама аб неабходнасці прыняцця мераў па выратаванні Шклоўскага гарадскога парка – аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў: У Праймерыз няма сэнсу

Старшыня Партыі БНФ у прамове на Студыі 6TV.BY засведчыў меркаванне аб дарэмнасьці правядзення Праймерыз апазыцыі пад-час пандэміі каронавірусу.

Глядзіце перадачу на канале “Магілёўскага рэгіёна” ў Youtube  і на сайце 6tv.by

 

Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле рашэнне аб пакаранні Рыгора Кастусёва штрафам

Суддзя Магілеўскага абласнога суда Мікалай Гладкі пакінуў у сіле рашэнне суда Шклоўскага раёна аб пакаранні … чытаць далей

Рыгор Кастусёў: Што ў Беларусі стала не так з другім хлебам?

З даўніх часоў бульбу ў Беларусі называюць другім хлебам. “Другі хлеб” на нашых землях пачалі … чытаць далей