Уладзімер, 31 год, грамадзянін Расеі:
„Затрымалі ў Магілёве на вуліцы Каралёва (мікрараён Юбілейны) уначы з 11 на 12 жніўня, калі вяртаўся ад сяброў з дня нараджэньня. Я ведаў, што ў цэнтры адбываюцца пратэсты, таму на бяседу ехаў «агародамі». Зразумела, быў нападпітку, але ў меру, бо назаўта трэба было на працу. Мае паводзіны не парушалі грамадзкага парадку і не абражалі мінакоў. Пад’ехаў аўтазак і папрасілі ў яго прайсьці. Тады падумаў, што міліцыя шукае ўдзельнікаў пратэстаў, і мне нічога не пагражае, бо віны за мною няма.
Прывезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і на выхадзе з аўтазаку пачалі малаціць дручкамі. Білі са сьпіны да калена, двойчы «прыляцела» ў патыліцу. Неяк быў спатыкнуўся, і тады падбеглі падганяць тыя, хто мяне ўжо ўдарыў. Гналі на трэці паверх у актавую залю. На ўваходзе ў яе разгубіўся, і мяне так ударылі нагой, што я ў гэтую залю ўляцеў.
Скруцілі «ластаўкай». Начапілі кайданкі на рукі і ногі. Ім не спадабаўся бел-чырвона-белы з арнамэнтам пасак на руце. Яго падарыла мне мая дзяўчына, якая не саромецца выказваць свае погляды і ведае, што і я не цураюся сваёй беларускасьці. Пабачыўшы пасак, зьнялі з валасоў гумку і пачалі ёю мяне душыць. Гэта была хутчэй спроба запалохаць, зламаць маральна. Як хацелі б задушыць, то тыя людзі ўмеюць гэта рабіць. Білі за пасак дручком па сьпіне, сядалішчы. Засталіся сінякі на гэтых месцах. Зьбіваючы, выграблі ўсё з кішэняў. Калі пасак сарвалі з рукі, ня памятаю. Знайшоў яго ў сваіх рэчах.
Мяне пераклініла было, і я сказаў міліцыянтам: «Што вы робіце, чэрці, гэта беззаконьне». Тады адразу ўдарылі нагой па лбе. У нейкі момант удары ўжо ня так балюча адчуваліся. Цяжка было бачыць, як б’юць іншых. Нас наўмысна паклалі на падлогу, каб зьбіцьцё іншых было на вачах. Мне цяжка было зразумець матывы людзей, якія білі. Магчыма, думалі, што я грамадзянін Расеі, мяне могуць дэпартаваць, таму ня буду бараніць сваіх правоў.
Пасьля зьбіцьця нас спусьцілі на першы паверх. Там пакой для агляду і «малпоўні». Я адразу сказаў, што з дня нараджэньня і нападпітку. Мне далі дыхнуць у трубачку. Зафіксавалі 1 праміле алькаголю. Гадзіну мы стаялі ў калідоры на каленях. Кайданкі зь мяне не зьнялі. Ад іх засталіся сьляды на руках. На шыі была і гумка ад валасоў. Калі стаў задыхацца, папрасіў ахоўніка, каб яе зьняў, «калі ён чалавек». Міліцыянт паслухаўся.
Мы правялі ў «малпоўні» ноч. Потым нас ізноў завялі ў залю, дзе білі і паказвалі нашыя рэчы. Адна банкаўская картка зьнікла, а ў дзьвюх былі выдзертыя чыпы. У гаманцы не было візытак, чэкаў з запісамі, а сам ён быў парваны. Грошай было няшмат, але ад іх засталося два рублі дробязьзю.
Судзілі ў ізалятары. Судзьдзя не назвалася. Яна была ў масцы. Разглядалі справу цягам хвіліны. Яе распачалі з паказаньня аднаго апэратыўніка. Ягонае імя таксама не назвалі. Нас асабліва ніхто ня слухаў. Віну ва ўдзеле ў пратэсьце я не прызнаў. Далі 15 сутак. Адседзеў трое і быў «амніставаны». Тым, хто прызнаваў, давалі крыху меней.
Тое, што адбылося ў міліцыі, успрымаю як спробу маральна прынізіць затрыманых. Міліцыянтам проста далі адмашку так рабіць. Іх спэцыяльна гэтаму навучылі. Мне думаецца, што гэтыя людзі зь нейкімі псыхалягічнымі адхіленьнямі, якія для нармальнага чалавека анамальныя, але для дзяржавы ў пэўных мэтах прыдатныя“.
„Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам“
Станіслаў Макаранка, 29 гадоў, Магілёў:
„Затрымалі ўначы з 11 на 12 жніўня ў мікрараёне Юбілейны, калі вяртаўся зь дня нараджэньня сябра. У гэтым спальным раёне мітынгаў ды пратэстаў не было. Ён у баку ад цэнтру гораду. На прыпынку чакаў таксоўку, калі спыніўся аўтазак. За ім пад’ехала яшчэ дзьве машыны. Міліцыянтам тлумачыў, што нічога супрацьпраўнага не раблю, паказаў тэлефон з выклікам таксоўкі. Тэлефон забралі, а мяне «пагрузілі» ў аўтазак.
Завезьлі ў Ленінскі аддзел міліцыі і ўсіх затрыманых адразу пусьцілі праз шыхт супрацоўнікаў, якія сталі адзін ад аднаго за два мэтры. Білі дручкамі па нагах, па сядалішчы, сьпіне. Гналі на трэці паверх у спартовую залю. У ёй працягнулі зьбіваньне. Паклалі на падлогу, крычалі «мордай уніз» і «малацілі» дручкамі. Кожнае пытаньне суправаджалася ўдарам. Выпыталі гвалтам пароль ад тэлефону, а ў ім была падпіска на плятформу «Голас». За яе пачалі біць больш азьвярэла. На лямант ад болю ніякай рэакцыі. Ім было ўсё роўна. Яны нічога ня слухалі. За белыя паскі на руках таксама жорстка білі. У іх была ўстаноўка, за што больш зацята біць.
Ад зьбіваньня засталіся вялікія сінякі на сьпіне, назе і сядалішчы.
Перад тым, як кінуць нас у малпоўню, прымусілі стаяць у калідоры на каленях. У аддзеле прабылі суткі. У мяне забралі ня толькі тэлефон, але і іншыя рэчы. Адразу нічога не апісвалася. Толькі за дзьве гадзіны перад адпраўкай у ізалятар правялі гэтую працэдуру. Таму невядома, дзе рэчы былі цэлыя суткі.
Пры сабе я меў мэдычную кніжку. Зь яе павыдзіралі старонкі з росьпісамі лекараў. Былі яшчэ расейскія грошы, бо я рабіў у Расеі, дык за іх білі дужа. Яны расцанілі, што гэта плата за мітынгі. У гаманцы ляжала 2 тысячы расейскіх рублёў, а ў мэдкніжцы яшчэ пяць тысяч (гэтыя зьніклі).
У ізалятары пратрымалі больш за двое сутак. Там абыходзіліся па-людзку. Там жа судзілі. Але суду, як такога, не было. Судзьдзя, якая не назвалася, запытала, ці прызнаю віну. Тое, што быў нападпітку прызнаў. У нас жа не сухі закон і ў маіх дзеяньнях не было парушэньня грамадзкага парадку. А абвінавачваньне ва ўдзеле ў мітынгу не прызнаў. Мне далі 15 сутак. Тым, хто прызнаваўся, што ўдзельнічаў у пратэсьце, выпісвалі. Розьніца невялікая.
У ізалятары ачуняў ад шоку, супакоіўся. Наагул я стрэсаўстойлівы чалавек, але мадзейшыя хлопцы, дык ім патрэбная была псыхалягічная дапамога. Яны цяжка перажывалі ўсё гэта.
Родзічы даведаліся, дзе я быў, толькі пасьля таго, як мяне выпусьцілі. Мне не далі ім патэлефанаваць. Пабоі не фіксаваў у экспэртаў, а толькі паведаміў пра зьбіваньне праваабаронцам.
Прызнаюся: калі затрымлівалі, не чакаў, што сутыкнуся з гвалтам у міліцыі. Нас жа ні за што забралі. Але мы жывём у такой дзяржаве, дзе за іншадумства перасьледуюць і, як паказалі падзеі пасьля выбараў, перасьлед гэты жорсткі і гвалтоўны“.
„Самы запамінальны ўдар — нагой у вока“
Елісей Федзін, 19 гадоў, Магілёў:
„Арыштавалі нас 12 жніўня далёка ад цэнтру гораду — у двары школы №9. За мною, відаць, сачылі, бо лічылі арганізатарам пратэстаў. У гэты дзень у тэлеграм-чаце я прапанаваў гараджанам сабрацца ў «ланцуг салідарнасьці» каля гандлёвага цэнтру «Арбат», які ў Кастрычніцкім раёне, і каля цэнтральнага ўнівэрмагу ў Ленінскім раёне. Каля «Арбата» сабралася блізу 500 чалавек, а каля ўнівэрмагу нічога не адбылося, бо мяне затрымалі.
На школьным двары сустрэўся з двума хлопцамі. Калі падыходзілі ўжо да выхаду, каля нас спыніліся чатыры шэрыя машыны, выскачылі амапаўцы і людзі ў цывільным. Мы наўцёкі…
Падсечкай зьбілі з ног. Я спрабую ўстаць, але мне «прылятае» кулак у вока. Падаю. На мяне чапляюць кайданкі і дабіваюць. Білі нагамі па грудзіне, нагах і самы запамінальны ўдар — нагой у вока. Я ня мог рухацца, ніякага супраціву не чыніў. Пасадзілі ў машыну. Двух хлопцаў павезьлі ў райаддзел міліцыі, а мяне, «галоўнага», вырашылі ў абласное ўпраўленьне.
Побач сядзеў амапавец. Мае рукі былі за сьпінай, а ягоная рука на маёй шыі, і ён неяк дзіўна пагладжваў мне яе ды выгаворваў: «Лепей бы пайшоў у войска, адслужыў, працаваў, быў нармальным чалавекам, а то як дурань бегаеш па мітынгах». Падсеўшы сьпераду, мужчына ў цывільным адразу пачаў біць кулаком па галаве ды выпытваць: «Хто яшчэ меўся прыйсьці? Выдавай усе кантакты…»
Пакуль ехалі ва ўпраўленьне, я пытаў, навошта яны нас б’юць, бо з нашага боку няма гвалту і мы хочам вырашыць усё мірна. У адказ мне прыгразілі, што паглядзяць, ці біць яшчэ. «Як усё раскажаш, то будзе ўсё добра», – казалі яны.
Ва ўпраўленьні вялі, нахіліўшы галаву ў падлогу. Зьнялі кайданкі і пачалі допыт. Выпытвалі, колькі мне заплацілі ды зь якой краіны. Я тлумачыў, што людзі выходзяць добраахвотна і яны мусяць гэта бачыць. Яны былі нібыта з прамытымі мазгамі. Крычалі: «Што табе не падабаецца ў краіне? Што ты хочаш зьмяніць у 19 гадоў?». Я адказаў, што мне не падабаецца дзейная ўлада.
Супакоіўшыся, далі анучку, каб выцер кроў. Былі яшчэ пытаньні, але я ня мог нармальна адказваць, бо стаў задыхацца, пачалася міжрэберная нэўралгія ад удараў у грудзіну. Яны спалохаліся. Выклікалі дзяжурную хуткую дапамогу, якая месьціцца каля ўпраўленьня. Мэдыкі сказалі, што мяне трэба экстрана шпіталізаваць, і прапанавалі выклікаць транспарт. Міліцыянты заявілі, што самі завязуць.
Дарогаю гразілі, каб не казаў пра зьбіваньне і ня траціў прытомнасьць. Мой стан быў блізкі да гэтага. У прыёмным пакоі лекарка запытала, што здарылася. Я адказаў: «З турніка ўпаў». Яна зразумела, што мяне пабіла міліцыя, бо за мною сталі двое мужчын, якія прызналіся, што міліцыянты.
У асобным кабінэце я сказаў праўду. Патэлефанаваў маці. Мяне шпіталізавалі. Праз дзьве гадзіны прыйшоў супрацоўнік Сьледчага камітэту і сказаў пісаць заяву на тых, хто мяне біў, бо яму «аформілі крымінальную траўму» ды ў картачцы пазначылі «зьбіты супрацоўнікамі міліцыі». Я напісаў заяву пра зьбіцьцё і на крадзеж мабільнага тэлефона.
Праз кароткі час зноў прышоў сьледчы з супрацоўнікам крымінальнага вышуку. Яны прынесьлі мабільны тэлефон. Міліцыянт заявіў, што я сяду на тры гады за абгаворы, бо я абяцаў нікому не расказваць пра зьбіваньне. «Ты паляжы ў бальнічцы, адпачні, а я цябе потым знайду», – казаў ён. Мяне гэта напалохала. Прызнаюся, што не хачу сядзець у турме за праўду і адстойваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.
Да мяне больш ніхто не прыходзіў. Дні праз чатыры мне патэлефанавалі зь Ленінскага аддзелу міліцыі, запыталі, ці хацеў я арганізаваць акцыю, перакрыць транспартны рух. Адказаў, што не. Яны заявілі, калі будзе даказаная віна, то мяне пакараюць за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Больш не турбавалі.
Мэдыкі дыягнаставалі пералом рашэцістай косьці, кантузію лёгкай ступені, выцятыя грудзіну ды галёнку правай наги, разрыў ніжняга павека левага вока.
У мяне адна маці, і яна перажывае, але са мною такіх жа думак. Мы не задаволеныя тым, што адбываецца ў краіне. Мушу адзначыць, што ў Магілёве ўсе пратэсты праходзілі мірна, без сутычак зь міліцыяй. Я прыхільнік такіх акцыяў“.
Фота: Радыё Свабода
Крыніца: Радыё Свабода