Галоўная » ТБМ » Page 2

У Шклове ўзгадалі Анатоля Сербантовіча

50 гадоў таму ў 1970 годзе адышоў ў вечнасць беларускі паэт Анатоль Станіслававіч Сербантовіч. З гэтай нагоды сябры літаратурнага салона імя Міхася Зарэцкага, які дзейнічае пры шклоўскай раённай арганізыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”,  наведалі яго Малую Радзіму – вёску Ордаць Шклоўскага раёна. Тут, у сям’і настаўнікаў нарадзіўся і скончыў Ордацкую сярэднюю школу будучы вядомы беларускі паэт.

Першапачаткова госці наведалі Ордацкую школу. Зараз гэта базавая школа, дзе вучацца каля 50-вучняў. Кіраўніцтва школы добразычліва сустрэла сяброў  шклоўскай ТБМ і здзейсніла экскурсію ў школьную бібліятэку, дзе створаны мемарыяльны куток А.Сербантовіча. Адбылася размова пра жыццё, творчасць і мясцовую памяць паэта. На вялікі жаль, сядзіба паэта не захавалася. Дом набылі жыхары Шклова і перавезлі у горад. Але, галоўнае, памяць пра славутага ранейшага жыхара Ордаці захавалася ў мясцовай школе і гэта вельмі добра.

З успамін пісьменніка Уладзіміра Арлова, які ў 2017 годзе наведаў Шклоўскі раён: “Ён быў упарты і вальналюбны. Ён жыў у прадчуванні цуда. Ён меў выключнае пачуццё мовы і талент, прызнаны і падтрыманы мэтрамі. Школьнікам, лідзіруючы ў вэлягонцы, ён трапіў у звалку, параніўся, але закінуўшы ровар на плечы, першым дабег да фінішу. У дваццаць сем Анатоль выдаў ужо другую кнігу — не па гадах спелую і бязлітасную да сябе. Яна называлася трывожна — “Міннае поле”. Аднойчы ўвечары ён, атрымаўшы неблагі ганарар і “замачыўшы” гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: “Вось вам на цыгарэты!” Яго завалілі на ходнік і бясконца доўга білі нагамі. Потым былі шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося здзейсьніць выказаную ў адным з вершаў мару і разгадаць
Тайну музыкі,
Тайну крыкаў,
Тайну гукаў і нематы,
Тайну чыстага і вялікага,
Тайну злосці і дабраты… ”

 

Гістарычная даведка:

Анатоль Станіслававіч Сербантовіч нарадзіўся 13 мая 1941 года. У вайну жыў з бацькамі у вёсцы. У 1958 годзе скончыў Ордацкую сярэднюю школу, працаваў у калгасе. У 1960 ггодзе паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое закончыў у 1965 годзе. У 1964—1965 гг. быў літаратурным супрацоўнікам часопіса «Бярозка». З восені 1966 года знаходзіўся ў творчай камандзіроўцы ў Запаляр’і, Казахстане, на Ўрале, Далёкім Ўсходзе. У 1969 годзе зноў вярнуўся ў Мінск і працаваў у газеце “Піянер Беларусі”. Сябр Саюзу пісьменнікаў БССР з 1967 года. Памёр ў Мінску 21 сакавіка 1970 года пасля жорсткай бойкі з хуліганамі. Пахаваны на Ўсходніх могілках Мінску. Анатоль Сербантовіч пачаў пісаць яшчэ ў школе. Гэта былі байкі і сатырычныя замалёўкі калгаснага жыцьця. У 1959 годзе ў газеце «Магілеўская праўда» надрукаваў свой першы верш. У гады вучобы ў школе запрашаўся на паседжанні літаб’яднання, на абласныя і рэспубліканскія семінары пачынаючых пісьменнікаў. На другім курсе універсітэта склаў рукапісны зборнік вершаў. Як сталы паэт сфармаваўся ў 1964 годзе, калі стаў рэгулярна друкавацца ў рэспубліканскіх часопісах, напісаў некалькі паэмаў. Характэрная праявай яго паэзіі былі грамадзянская накіраванасць, пафаснасць. Аўтар зборнікаў паэзіі «Азбука» (1966 г.), «Міннае поле» (1968 г.), «Пярсцёнак» (1971 г.), «Жаваранак у зеніце» (1989 г.). Акрамя вершаў пісаў творы для дзяцей, прозу, крытычныя артыкулы, займаўся перакладамі. У сярэдзіне 1960-х звярнуўся да жанру паэмы. У 1968 годзе, у час знаходжання ў Сярэдняй Азіі напісаў паэму для дзяцей «Тэлефон».

Алесь Грудзіна

 

У Шклове запланаваны мерапрыемствы, прысвечаныя памяці заслужанага дзеяча культуры Віталія Бабчанкі

“Магілёўскі рэгіён” раней паведамляў пра тое, што ў Шклове раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” правяла вечарыну прысвечаную памяці заслужанага дзеяча культуры Беларусі Віталія Аляксеевіча Бабчанкі. Віталь Бабчанка доўгі час узначальваў Шклоўскую музычную школу і ўсё жыцце прысвяціў адданай працы на ніве культурнага жыцця Шклоўшчыны.

 Па выніках вечарыны ад імя грамадскасці была накіравана пісьмо ў Шклоўскі райвыканкам з просьбай паспрыяць таму, каб імя гэтага чалавека з’явілася ў тапаніміцы Шклова. У Шклоўскім райвыканкаме аператыўна адрэагавалі на гэту прапанову.

11 мая 2020 года Шклоўская арганізацыя ТБМ атрымала афіцыйнае пісьмо №7-29/978 за подпісам намесніка старшыні райвыканкама А.А.Іваненкі, дзе пералічаны шэраг мерапрыемстваў, якія запланаваны ў гонар памяці Віталія Бабчанкі. У ліку іншага паведамляецца, што вывучаецца магчымасць размяшчэння на будынку ДУА “Шклоўская дзіцячая школа мастацтва” мемарыяльнай дошкі ў гонар Віталія Бабчанкі.

Спадзяёмся, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя Шклоўскім райвыканкамам, здзейсняцца.

Гістарычная даведка: Віталь Аляксеевіч Бабчанка пачаў працаваць у Шклоўскай музычнай школе з 1961 года, напачатку выкладчыкам, а з 1970 года і да выхада на пенсію – дырэктарам гэтай установы. У 1969 годзе з выкладчыкаў музычнай школы ствараецца ансамбль народных інструментаў, нязменным яго кіраўніком на доўгі час становіцца Віталь Бабчанка. Яго ўдзельнікі і кіраўнік неаднаразова ўзнагароджваліся граматамі Міністэрства культуры Беларусі і ўпраўлення культуры аблвыканкама. Ганаровае званне “народны” ансамблю прысвоена ў 1980 годзе за высокі ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуара і выканаўчае майстэрства. Адначасова, разам з народным, Віталь Аляксеевіч стварае і эстрадны музычны калектыў пры клубе “Чырвоны Кастрычнік” папяровай фабрыцы “Спартак. Высокі ўзровень і дасканаласць выканання музычных твораў пасадзейнічалі таму, што ансамбль быў запрошаны ў Мінск для запісу на рэспубліканскім радыё. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Віталь Аляксеевіч у 1995 годзе стварае ансамбль народнай песні і музыкі “Бліскавіца” на базе раённага Дома культуры. Калектыў хутка набывае папулярнасць. “Бліскавіца” – лаўрэат рэспубліканскага фестывалю камернай музыцы ў Мсціславе, міжнародных фестываляў: “Дняпроўскія галасы” у Дуброўна, “Вянок дружбы” у Бабруйску. Удзельнічае ў рэспубліканскіх святах “Дзень беларускай пісьменнасці, “Дажынкі”, выступае ў многіх кутках Беларусі і замежжы. У 2002 годзе ансамблю прысвоена ганаровае званне “народны”. За доўгі час, працуючы на ніве музычнай творчасці, Віталь Бабчанка паспрыяў таму, што вялікая колькасць жыхароў Шклоўшчыны, вучняў музычнай школы і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнай абудзліся да музычных здольнасцей і ўвогуле дакрануліся да “яе вялікасці” культуры. Сярод іх народны артыст Беларусі Васіль Раінчык – прафесар, кампазітар, кіраўнік вакальна-інстументальнага ансамбля “Верасы”, маладзёжнага тэатра эстрады. Віталь Аляксеевіч Бабчанка ўзнагарожаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Граматай Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР, знакамі I і II ступені Усесаюзнага фестываля самадзейнай творчасці. У 1990 годзе ён атрымаў званне Заслужанага дзеяча культуры Беларусі.  Разам з літаратарам Лявонам Анціпенкам ён з’яўляецца аўтарам гімна горада Шклова.

Аляксандр Грудзіна, старшыня Шклоўскай арганізацыі ТБМ

Дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы прайшла ў Магілёве

Больш за 70 чалавек прынялі ўдзел у традыцыйнай дыктоўцы, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, якая прайшла ў магілёўскім Палацы вобласці.

Дыктоўка праходзіць ужо ў трынаццаты раз, адзначыў напачатку мерапрыемства старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Дзьячкоў. Кожна раз арганізатары выбіраюць ўрыўкі з твораў тых пісьменнікаў, якія звязаныя з Маглёўшчынай. Так, у 2019 годзе ўдзельнікі дыктоўкі пісалі на слых частку твора «Шчаслівае месца» Івана Чыгрынава, а сёлета – «Сівая легенда» Уладзіміра Караткевіча. Чытаў урывак настаўнік з 41-й школы Алесь Цітоў.

Пасля дыктоўкі ўсе жалаючыя маглі паглядзець спектакль на беларускай мове «Беларускі каляндар», наладжаны адміністрацыяй Палаца культуры.

«За гэтыя 13 гадоў змянілася ў значна лепшы бок стаўленне ўладаў магілёўскіх, чыноўнікаў да дыктоўкі. Прасцей стала арганізоўваць, яны самі прапануюць дапамогу. І тое, што яна праходзіць на прыстойным узроўні гэта, перадусім, дзякуючы нашым уладам, адміністрацыі і супрацоўнікам Палаца культуры вобласці», – заявіў «Магілёўскаму рэгіёну» Алег Дзьячкоў.

Паводле яго, раней многае рабілася выключна на энтузіязме актывістаў ТБМ і супрацоўнікаў палаца. «Зараз ёсць зацікаўленасць уладаў у тым, каб такія мерапрыемствы праходзілі», – упэўнены старшыня гарадской арганізацыі ТБМ.

Ён адзначае, што колькасць удзельнікаў дыктоўкі вагаецца ад 70 да 150 чалавек. Арганізатары не робяць шырокую рэкламную кампанію, арыентуючыся прыкладна на сотню ўдзельнікаў. Павялічыць іх колькасць ці ўвесці папярэднюю рэгістрацыю з пашырэннем рэкламы акцыі пакуль не плануецца. «Мы не ўводзім рэгістраыю, каб не было залішняй бюракратызацыі. Бо многіх гэта ўсё ж такі пужае, і многія з-за гэтага адмаўляюцца, напрыклад, людзі старэйшага ўзросту, якія не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам і для якіх гэта праблема. А большая частка гэта ўсё ж такі людзі сталага ўзросту, якія не карыстаюцца інтэрнэтам. Але ёсць ядро – пару дзясяткаў чалавек, якія прыходзяць з года ў год. А многія паспрабавалі раз, два, а потым прыходзяць новыя людзі. Добрую палову людзей, якія сёння прыйшлі, я не ведаю», – кажа Дзьячкоў.

Паводле яго, дыктоўка спрыяе ўсведамленню, што «мы беларусы, што наша роўдная мова беларуская». Галоўны ж сэнс акцыі не ў граматычна бездакорным напісанні тэкста, а ва ўдзеле ў ёй.

Уладзімір Лапцэвіч

Фота Алесь Сабалеўскі

“Салодкі Дзень роднай мовы” ў Магілеве.

Ужо ў 7-ы раз у Магілёве на Плошчы зорак праходзіць “Салодкі Дзень роднай мовы”. Менавіта 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day), з 2000 года штогод з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю.

Дзесяткі валанцёраў і сяброў Таварыства беларускай мовы сумесна з кампаніяй CUKERKI.BY (Цукеркі.бай) раздаюць гараджанам і гасцям горада цукеркі за веданне  беларускай мовы.

Людзі рознага ўзросту самі падыходзілі і з задавальненнем удзельнічалі ў салодкай акцыі.

Гучалі не толькі словы падзякі, але і добрыя пажаданні ў падтрымку беларускай мовы. Усяго валанцёрамі было раздадзена 15 килаграмаў цукерак і сабраны сотні напісаных слоў.

Падрабязней ў нашым рэпартажы.

 

Яўген Глушкоў

Актывіст ТБМ: створаная ў 1924 годзе Калінінская акруга была лідэрам беларусізацыі

Створаная падчас першага ўзбуйнення БССР у 1924 годзе Калінінская акруга з цэнтрам у Клімавічах стала … чытаць далей

Шклоўскаму таварыству беларускай мовы – 25 год (фотарэпартаж)

25 год назад 28 лістапада 1994 года ў Шклове адбылася ўстаноўчая канферэнцыя раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

У гэты дзень у зале Шклоўскай музычнай школы была шматлюдна. Канферэнцыю адкрыла і вяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 Ніна Чупрнская. Першымі слова ўзялі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №4 Анатоль Казлоўскі і каардынатар абласной рады Таварыства беларускай мовы Міхась Булавацкі. Яны зрабілі эскурс у гісторыю беларускга народа, адзначыўшы, што на працягу больш як 200 гадоў ішла барацьба за выжыванне беларускай мовы, а гэта азначае – і нацыі.

Пратакол устаноўчага сходу

 

Спіс удзельнікаў устаноўчага сходу

 

“Гаспадар ацэньваецца па знешняму выгляду свайго дома… “ – так пачаў выступленне рэдактар раённай газеты “Ударны фронт” Леанід Анціпенка, які зрабіў аналіз сучаснага стану прысутнасці беларускай мовы на Шклоўшчыне. Таксама на канферэнцыі выступілі: загадчык адзела народнай адукацыі Аляксандр Гурынай, выкладчык Шклоўскага ПТВ-139 Аляксандр Грудзіна, карэспандэнтка рэдакцыі Вольга Паўлава, фермер Уладзімір Алейнікаў.

Удзельнікі канферэнцыі абралі раду раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якую ўзначаліла Вольга Паўлава. На пыканцы мерапрыемства адбыліся выступленні выхаванцаў Шклоўскй музычнай школы. Устаноўчы сход завяршыўся.

Презентацыя кнігі Лявона Анціпенкі Чарговае пасяджэнне Шклоўскага ТБМ Міхась Булавацкі ў Шклове

Сёння Шклоўская раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” нешматлікая. Аднак праца адраджэння беларускай мовы і культуры не спынілася. Толькі за апошні 2019 год арганізавана і праведзена больш за паўтара дзесятка мерапрыемстваў. На пасяджэннях таварыства адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, прыхільнікамі таварыства беларускай мовы з Мінска, Магілёва і Оршы. Дэлегацыя Шклоўскай ТБМ здзейсніла вандроўку на радзіму пісьменніка Васіля Быкава, ў вёску Пагосцішчы Лёзненскага раёна на Віцебшчыне, дзе прынялі ўдзел у адкрыцці помніка Ігнату Будзіловічу, удзельніку паўстання 1863 года, наведала горад Оршу, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”. Пры раённым таварыстве ствараны аматарскі “Літаратурны салон”, які носіць імя Міхася Зарэцкага, беларускага пісьменніка, чыё дзяцінства прайшло ў Зарэчным Шклове. Сярод іншых накірункаў працы, вырашана, зноў вярнуцца да пытання ўвекавечанню ў горадзе Шклове памяці пісьменніка Міхася Зарэцкага. Сябрамі таварыства праведзены некалькі экскурсій і сустрэч с навучэнцамі школ раёна і гасцямі горада па гістарычна-краязнаўчай тэматыцы. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л.Анціпенкі, А.Грудзіны, Р.Кастусёва, П.Мігурскага грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага накірункаў друкаваліся ў газеце ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” “Наша слова”, а таксама ў выданнях: раённай газеце “Ударны фронт”, часопісе “Наша гісторыя”, рэгіянальным інтэрнэт-партале www.6tv.by “Магілёўскі рэгіён” і іншых беларускіх інтэрнэт-выданнях. На студзень 2020 года запланавана таксама ўрачыстае пасяджэнне з нагоды 25-годдзя дзейнасці раённай арганізацыі таварыства беларускай мовы ў Шклове.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў на Радзіме маці ў вёсцы Капысіца на Шклоўшчыне

 

Паседжанне ТБМ Шклова Ля помніка Ігнату Будзіловічу,

Алесь Грудзіна

Магілёўцы і беларуская мова. Нататкі з круглага стала

Нягледзячы на ўсе высілкі, якія прыймаюць ў апошнія гады грамадскія актывісты, нават пры той-сёй дапамозе улад, стан беларускай мовы ў Магілёве мала ў чым палепшыўся. Такую выснову можна зрабіць пасля круглага стала «Мова як сацыяльна-культурный складнік жыцця магілёўцаў», які прайшоў у грамадскім цэнтры «Кола» 8 снежня.

Мерапрыемства было арганізавана грамадскай ініцыятывай «Грамадскі магістрат» і ўдзел у ім прынялі каля 15 чалавек. Вялі круглы стол старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Міхась Булавацкі і гісторык Аляксандр Агееў.

У прамове Булавацкага быў зроблены невялікі экскурс у гісторыю, а менавіта ў канец 80 – пачатак 90- гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Магілёве з“явілася ТБМ і пачаўся невялікі па часе перыяд адраджэння беларускамоўнай адукацыі і распаўсюду беларускай мовы ў грамадскім жыцці.

Аднак пасля рэферэндуму 1995 года працэс папулярызацыі беларускай мовы ў горадзе, як і ва ўсёй краіне быў не толькі спынены – пачаўся перавод беларускіх класаў на рускую мову навучання. У выніку напачатку 2000-х гадоў у Магілёве беларускамоўнай адукацыі ў школах і дашкольных установах ужо не існавала. Разам з тым спробы адрадзіць яе прадпрымаліся. Так, напрыканцы дзесятых гадоў у садку на Дняпроўскім бульвары існавала невялічкая беларускамоўная група. А потым у СШ №1, з“явілася першая беларускамоўная вучаніца Ялінка Салаўёва. Намаганнямі ТБМ, і ў першую чаргу старшыні яе Магілёўскай гарадской арганізацыі Алега Дзячкова, ужо некалькі год у СШ №1 і СШ №34 ёсць беларускамоўныя класы, існуюць асобныя групы ў дзіцячых садках.

Са станоўчага боку выступоўцамі была адзначана дзейнасць яшчэ не так даўно працаваўшага ў Магілёве на розных пасадах цяперашняга намесніка главы адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кунцэвіча. Ён, паводле ўдзельнікаў круглага стала, спрыяў большаму распаўсюду беларускай мовы ў Магілёве, і не толькі ў галіне адукацыі.

Нажаль, карэнным чынам сітуацыя з беларускамоўем ў Магілёве не палепшылася. Паводле журналіста Алеся Асіпцова, беларускамоўная адукацыя ў горадзе знішчана, і праблемы, якія стаяць перад дзецьмі, якія вучацца па-беларуску, і іх бацкамі не вырашаюцца. Сярод іх – праблема з настаўнікамі-прадметнікамі, не навучанымі выкладаць свае прадметы на беларускай мове.

На круглым стале прагучала сцвярджэнне, што на вуліцы не сустрэш чалавека, які размаўляе па-беларуску. Праяваў агрэсіўнага стаўлення да беларускага слова стала менш, але яны па-ранейшым сустракаюцца ў грамадстве. Таксама існуе даволі моцнае супраціўленне беларускай мове з боку мясцовых чіноўнікаў.

Па выніках круглага стала яго ўдзельнікі прынялі адпаведную адозву, якая пасля некаторых удакладненняў будзе накаіравана ў Магілёўскі гарвыканкам.

Фота Алеся Сабалеўскага

Уладзімір Лапцэвіч 

Магілёўцы вывучалі гісторыю Расіі

10 лютага ў цэнтры «Кола» адбылася прэзентацыя кнігі «Гісторыя Расіі ад Сярэднявечча да сучаснасці». На сустрэчу з магілёўцамі завіталі гісторык Алег Трусаў – адзін з аўтараў кнігі, дэпутат Вярхоўнага Савету Алена Анісім, і гісторык Павел Церашковіч, які яшчэ і прадставіў сваю кнігу «Культурная геаграфія».

Акрамя расповедаў пра кніжныя навінкі, госці падрабязна расказалі пра акалічнасці стварэння нацыянальнага Беларускага універсітэту, адказалі на пытанні магілёўцаў. Пад час невялічкага перапынку паміж двума часткамі сустрэчы некалькі сваіх твораў выканаў Васіль Аўраменка.

Сустрэчу арганізавала суполка ТБМ імя Ф.Скарыны г. Магілёва.

Алесь Сабалеўскі, Фота аўтара