Галоўная » ТБМ » Page 3

У Шклове адбылася справаздача мясцовай арганізацыі ТБМ і сустрэча з пісьменнікам Міхасём Булавацкім

У Шклове 23 студзеня ў грамадскім цэнтры “Мост” адбылося сумеснае пасяджэнне грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” і раённай арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”.

На пачатку пасяджэння адбылася справаздача дзейнасці Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ за 2018 год, з якой выступіў старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ Аляксандр Грудзіна.

Таксама перад удзельнікамі пасяджэння выступіў Старшыня Магілёўскай абласной рады Таварыства беларускай мовы, беларускі пісьменнік Міхась Булавацкі.

Прысутныя мелі магчымасць задаць свае пытанні выступоўцам. Потым удзельнікі пасяджэння абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі па дзейнасці мясцовага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” і Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі далейшыя планы сваёй дзейнасці ў новым 2019 год. Сярод іншых накірункаў працы вырашана зноў вярнуцца да пытання ўвекавечанню ў горадзе Шклове памяці пісьменніка Міхася Зарэцкага.

Арганізатарамі сустрэчы выступілі грамадзянская ініцыятыва “Шклоўскі магістрат” і раённая арганізацыя ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”. Вёў сумеснае пасяджэнне і падвеў вынікі дзейнасці Рыгор Кастусёў, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат”.

Алесь Грудзіна

У Магілёве правядуць круглы стол па беларускіх класах

Круглы стол па пытаннях папулярызацыі беларускай мовы ў сферы адукацыі і праблеме напаўняльнасці класаў з беларускамоўным навучаннем запланавана правесці ў Магілёве. 

Пад час сустрэчы мяркуецца прааналізаваць сённяшні стан і тэндэнцыі беларускамоўнай адукацыі  ў нашым горадзе (у тым ліку і ў дашкольных установах). Настаўнікі беларускіх класаў і бацькі, чые дзеткі навучаюцца па-беларуску, распавядуць пра свой досвед – пра перавагі такой адукацыі і, у той жа час, пра існуючыя праблемы і іх вырашэнне.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе падобны круглы стол быў арганізаваны гарадскімі ўладамі па запыту магілёўскай грамадскай арганізацыі “Таварыства беларускай мовы” імя Скарыны. Старшыня гарадской суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў накіраваў да ўладаў прапанову, каб і ў гэтым годзе правесці ў Магілёве круглы стол па праблемах беларускамоўнага навучання. На яго запыт з гарвыканкаму прагучаў адказ зладзіць падобную сустрэчу самастойна, намаганнямі самой грамадскай арганізацыі, але было паабяцана асобна разгледзіць прапановы па ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве спецыялістаў органаў кіравання.

Адказ з гарвыканкаму на прапанову ТБМ правесці круглы стол

Да ўдзелу ў сустрэчы, акрамя настаўнікаў і бацькоў, запрошаныя дырэктары і загадчыкі ўстаноў адукацыі, дзе ўжо арганізаваны ці плануецца стварыць беларускамоўныя класы або групы (для садкоў). Запрашэнні накіраваныя ў адпаведныя аддзелы адукацыі, адказным за гэтую сферу чыноўнікам з гарвыканкаму, прадстаўнікам творчых саюзаў беларускіх пісьменнікаў і, нават, у моладзевую грамадскую арганізацыю БРСМ. Запрошаны на круглы стол і прадстаўнікі СМІ.

На адной з мінулых сустрэч па праблемах беларускамоўнай адукацыі (фота MyCity.by)

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, у Магілёве расце колькасць дзетак, якія атрымліваюць адукацыю на роднай мове. Зараз у горадзе сфармаваныя тры класы ў розных школах, у якіх навучаюцца сямёра вучняў, а яшчэ 2-3 гады таму на ўвесь Магілёў быў толькі адзін клас з адной дзяўчынкай. Некалькі бацькоў сёлета занеслі заявы ў гарвыканкам, каб у дзіцячым садку №102 у Магілёве адкрылі беларускамоўную групу. На адной з мінулых дыскусіяў пра стан беларускамоўнага навучання чыноўнікі абяцалі, што ў 2018 годзе на базе 45-й школы будзе арганізаваны паўнавартасны клас з беларускай мовай навучання.

1 верасня 2016 у СШ №34 з’явіўся яшчэ адзін беларускамоўны клас з двума вучаніцамі, да гэтага такі клас быў толькі ў школе №1, і ў ім навучалася толькі адна дзяўчынка

 

Настаўніца беларускага класа СШ №34 Лідзія Ціханоўская, яе вучаніцы Таня і Эвеліна, і старшыня магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў

ТБМ імя Скарыны запрашае да ўдзелу ў сустрэчы ўсе зацікаўленыя бакі: бацькоў, грамадскія арганізацыі, дзяржаўныя ўстановы і ўсіх, хто зацікаўлены ў пашырэнні беларускамоўнай адукацыі ў Магілёве.

Круглы стол пройдзе 13 красавіка 2018 г. (пятніца) у чытальнай зале Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса, пачатак а 18-й гадзіне. Кантактны тэлефон +375-29-388-35-61 (Алег Дзьячкоў)

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара