Галяндзкая пісьменьніца беларускага паходжаньня Ала Выгонская, вядомая ў Галяндыі пад імем Aline van Wijnen, апавядае Свабодзе пра сябе, сваю творчасьць ды жыцьцё пасьля каранавірусу.
Яна зачытвалася Караткевічам, пісала вершы па-беларуску, скончыла гістфак Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. У 23 гады зьехала ў Галяндыю, дзе стала пісьменьніцай-раманісткай. У сваіх творах знаёміць галяндцаў зь Беларусьсю, беларусамі ды іхнымі героямі.
Пра Алу Выгонскую (Aline van Wijnen). Сьцісла
- Ала Выгонская нарадзілася ў 1978 годзе ў Жодзіне. У 16 гадоў пісала вершы па-беларуску, іх друкавалі ва ўнівэрсытэцкай газэце. Скончыла гістарычны факультэт Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў 2000 годзе.
- Aline van Wijnen у літаратурным сьвеце зьявілася ў 2016 годзе, калі ў Галяндыі выйшаў яе першы раман «Halsoverkop» («Зьнянацку»). Яго прызналі пераможцам літаратурнага конкурсу, які праводзілі выдавецтва Zomer&Keuning і часопіс Vriendin.
- У 2017-м апублікаваны другі яе раман «Liefde met gebruiksaanwijzing» («Каханьне з інструкцыяй»), у 2020-м — трэці, «Bestemming geluk» («Месца прызначэньня Шчасьце»). У студзені 2021 году мае выйсьці чацьвёрты — «Het geheime kistje van Elle» («Сакрэтная шкатулка Элы»).
- Ейныя кнігі маюць дзясяткі пазытыўных водгукаў на галяндзкіх інтэрнэт-сайтах.
- Ала Выгонская займаецца літаратурай у вольны ад працы час. 4 дні на тыдзень працуе адміністратарам у кампаніі, якая гандлюе прадметамі раскошы.
- Замужам.
Пра «кніжных чарвякоў» і схільнасьць да вывучэньня замежных моваў
«Ала Выгонская і Aline van Wijnen — спакойныя, ураўнаважаныя жанчыны і абсалютна не выбухованебясьпечныя, — з усьмешкай прэзэнтуе сябе суразмоўніца. — Абедзьве падобныя тым, што заглыбленыя ў кнігі: пастаянна чытаюць, гавораць пра кнігі і іх пішуць. Адна і другая — «кніжныя чарвякі».
Ала Выгонская кажа, што зь Беларусі зьехала ў 2001 годзе «воляю лёсу, каб уладкаваць асабістае жыцьцё». Пра тое не шкадуе, бо ў Галяндыі дасягнула таго, да чаго імкнулася: стала публікаванай пісьменьніцай. Усё, што піша, выходзіць на галяндзкай мове, а паколькі суразмоўніца «ня толькі гаворыць, але і думае па-галяндзку, то расейская і беларуская мовы адышлі на задні плян».
Ала Выгонская заўважае, што мае схільнасьць да авалодваньня замежнымі мовамі. Да пераезду ў Галяндыю яна ўжо гаварыла па-ангельску і па-француску. Што да галяндзкай, то, паводле пісьменьніцы, у гэтай краіне шмат дыялектаў, таму на маўленьне асабліва не зьвяртаюць увагі, а пісьмовай моваю яна валодае «выдатна».
«Мяне ўжо даўно не пытаюць пра мой акцэнт, — кажа яна. — Раней казалі, што маё маўленьне падобнае да таго, як гавораць у правінцыі Брабант. У мяне гучыць мякчэй і мілагучней, чым у Амстэрдаме. Рэцэнзэнты, ня ведаючы майго паходжаньня, адзначаюць мой стыль і мову. Урэшце, адна з маіх сябровак-пісьменьніц, якая жыве ў Лімбэргу, гаворыць яшчэ з большым акцэнтам, чым я».
Пра беларускае паходжаньне
Пісьменьніца падкрэсьлівае: няшмат галяндцаў ведаюць, што Беларусь і Расея — дзьве розныя краіны. У першыя гады жыцьця ў Галяндыі ў яе часта пыталі пра паходжаньне, і яна настойліва даводзіла, што прыехала менавіта зь Беларусі. Спадзяецца, што галяндцы зацікавяцца Беларусьсю, пачытаўшы ейныя кнігі.
«Упершыню тэму свайго беларускага паходжаньня я закранула ў рамане «Месца прызначэньне Шчасьце», — кажа яна. — Адзін з пэрсанажаў нарадзіўся і вырас у Беларусі, але жыве ў Галяндыі. Гэты твор не аўтабіяграфічны, але некаторыя падзеі з майго жыцьця натхнілі на стварэньне вобразу.
Герой раману Aline van Wijnen Алекс (Аляксандар) у Беларусі быў журналістам у канцы 1990-х і ў нейкі момант «застопарыўся» ў працы ды асабістым жыцьці. Калі зьявілася магчымасьць зьехаць за мяжу, ён скарыстаўся ёю.
«Алекс — спакойны, нешматслоўны чалавек зь вялікім сэрцам, і ў рамане ён паступова апавядае пра сваё беларускае мінулае», — адзначае стваральніца пэрсанажа.
Пра Галакост і беларускіх партызанаў
Пісьменьніца прызнаецца: чытацкай аўдыторыі Беларусі ейная творчасьць не знаёмая, і ёй «дужа хацелася б перакласьці свае кнігі на беларускую мову».
Першым быў бы ў чарзе раман «Сакрэтная шкатулка Элы», бо ягонае дзеяньне адбываецца ў невялікім горадзе Глуску, што на Магілёўшчыне. У творы вядзецца пра Другую ўсясьветную вайну, беларускіх партызанаў, Галакост. Гэтымі тэмамі яна цікавіцца зь дзяцінства.
«„Сакрэтная шкатулка Элы“ — мой першы гістарычны раман, — кажа пісьменьніца. — У ім мае ўяўленьні аб адчуваньнях людзей, якіх засьпела вайна і нацысцкая акупацыя. Героі аказваюцца перад выбарам — супраціўляцца акупантам ці супрацоўнічаць зь імі. Зыходзячы з гэтага, імкнуцца захаваць сваё жыцьцё».
Галоўныя героі раману — беларускія партызаны. Пісьменьніца адзначае, што ёй даводзілася чытаць пра розныя бакі партызанскага руху ў Беларусі. А для апісаньня «свайго партызанскага атраду» натхнілася аповедамі першай сваёй настаўніцы, былой партызанкі Аляксандры Вітвэр.
«Намеры „маіх партызанаў“ добрыя, але самі яны — людзі з рознымі характарамі. Нехта зь іх сымпатычны, а нехта ня дужа. Як у жыцьці», — кажа суразмоўніца.
Паводле яе, трагічную гісторыю зьнішчэньня нацыстамі габрэяў Глуску яна чула яшчэ ў дзяцінстве. Ейная бабуля перажыла гэтую драму. Пісьменьніца шкадуе, што ніколі пра перажытае зь ёю не гаварыла.
«Той, хто перажыў такое, не асабліва любіў згадваць пра трагедыю, — мяркуе яна. — Я ж паспрабавала зжыцца з героямі раману, аднавіць сытуацыю таго часу. Перадаць, што значыла пад нацысцкай акупацыяй быць габрэем, перажыць зьнішчэньне ўсёй сям’і, страціць каханьне і пасьля гэтага знайсьці другое».
Пра ўплыў Уладзімера Караткевіча і эўрапейскую будучыню Беларусі
Ала Выгонская кажа, што ня мае сярод літаратараў тых, каго магла б назваць прыкладамі для перайманьня. Са словаў пісьменьніцы, яе выдавец параўноўвае раман «Сакрэтная шкатулка Элы» з творамі амэрыканскіх раманістак Джэнны Блюм, Крыстын Гармэл і Элісан Рычман. Сама ж аўтарка перакананая: у яе ўласны стыль.
Зь беларускіх пісьменьнікаў суразмоўніца адзначае Ўладзімера Караткевіча. Ягоныя творы зачароўвалі ў дзяцінстве, кажа яна. Ад іх не магла адарвацца да позьняй ночы, хоць ранкам трэба было ісьці ў школу.
«У Караткевіча незвычайны талент уцягваць чытача ў аповед, нібыта ён сам адзін са сваіх герояў, — пераказвае свае ўражаньні Ала Выгонская. — Ягоныя творы адрозьніваліся ад сухіх, нецікавых савецкіх кніг. Яны выклікалі цікавасьць да гісторыі Беларусі, абвастралі пачуцьцё патрыятызму».
Яна кажа, што мае вялікую павагу да нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч, але «з сорамам» прызнаецца, што ейных твораў пакуль не чытала. «Затое я была на сустрэчы з Алексіевіч у Амстэрдаме два гады таму», — заўважае суразмоўніца.
Пісьменьніца адзначае, што за падзеямі на радзіме сочыць «глябальна, як і за падзеямі наагул у сьвеце», аднак «аддае перавагу жыцьцю ў сваім выдуманым кніжным сьвеце, дзе ёй нашмат цікавей».
Ала Выгонская настойвае: Беларусь сваім патэнцыялам не саступае іншым краінам Эўропы і можа з поўным правам ганарыцца таленавітымі навукоўцамі і людзьмі творчасьці.
«Магчыма, і спатрэбіцца 20 гадоў, каб Беларусь заняла наканаванае ёй гісторыяй месца разьвітай, перадавой эўрапейскай краіны», — прадракае пісьменьніца.
Пра каранавірус і нежаданьне пісаць пра яго
Цяпер Беларусь і Галяндыю збліжае пандэмія каранавірусу, працягвае Ала Выгонская. У Галяндыі не было поўнамаштабнага карантыну: людзей проста заклікалі як мага даўжэй заставацца дома, працаваць па магчымасьці дыстанцыйна, трымаць адлегласьць адзін ад аднаго. Крамы, кавярні і рэстарацыі былі зачыненыя і толькі 1 чэрвеня адчыніліся з умоваю выкананьня захадаў бясьпекі.
«На пачатку пандэміі людзі былі ў шоку, вядома ж, — пераказвае сытуацыю пісьменьніца. — Я і сама не магла паверыць, што ў наш час такая эпідэмія магчымая і што сучасная навука зь ёю ня можа справіцца. А што мяне ўразіла? Як хутка людзі да ўсяго прывыкаюць».
Яна лічыць, што найгоршым варыянтам разьвіцьця падзей з пандэміяй можа быць адсутнасьць адэкватнай барацьбы зь ёю.
«Калі нічога не рабіць супраць вірусу, то ён будзе пашырацца і ня зьнікне сам сабою», — падкрэсьлівае суразмоўніца.
Ала Выгонская кажа, што пандэмія прымусіла задумацца, як мяняць жыцьцё. Напрыклад, можна працаваць аддалена, замест таго каб стаць у заторах гадзінамі дарогаю на працу. Праводзіць канфэрэнцыі і прэзэнтацыі ў інтэрнэце, замест таго каб марнаваць вялізарныя грошы на самалёты і кангрэс-залі. Часьцей праводзіць адпачынак у сваёй краіне. Некаторыя звычкі могуць зьнікнуць. Вітаньне за руку можа адысьці ў мінулае.
«Пра пандэмію пісаць не хачу, — падсумоўвае гутарку пісьменьніца. — Працуючы над кнігаю, я праводжу часам да 6 месяцаў у сваім выдуманым сьвеце, і ў мяне няма ніякага жаданьня вяртацца ў сьвет зь вірусам».