Калі беларуская дэмакратыя ня здолее перамагчы цягам найбліжэйшых месяцаў, то ператварэньне краіны ў цэнтры Эўропы ў адзін вялікі канцлягер — гэта не антыўтопія, а, баюся, непазьбежная жахлівая пэрспэктыва, піша Валер Карбалевіч на сайце Радыё Свабода.
Сьцісла:
- Цяпер затрыманых падчас вулічных акцый грамадзянаў будуць караць паводле Крымінальнага кодэксу, а не Адміністрацыйнага, як было раней. І гэта якасная зьмена ў палітыцы рэпрэсій.
- Палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы, а ўвесь дзяржаўны апарат. І гэта становіцца сёньня галоўным у працы ўсіх дзяржаўных установаў.
- Лукашэнка атрымаў ад усіх падзей апошніх месяцаў цяжкую псыхалягічную траўму. І ён наўрад ці спыніцца, пакуль не адпомсьціць за яе ўсім датычным да пратэстаў.
- На практыцы гэта азначае, што ўлады робяць патэнцыйнымі крымінальнікамі большасьць беларускага народу.
Такім чынам, цяпер затрыманых падчас вулічных акцый грамадзянаў будуць караць паводле Крымінальнага кодэксу, а не Адміністрацыйнага, як было раней. Гаворка ідзе пра артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Усе даўно прызвычаіліся, што градус і маштаб рэпрэсій увесь час узмацняюцца. Але, здаецца, цяпер адбылася якасная зьмена. Усіх незадаволеных у краіне апрыёры робяць крымінальнікамі.
Такія прэцэдэнты былі ў Расеі. Затрыманых у «Балотнай справе» 2012 году таксама судзілі паводле крымінальных артыкулаў.
Лукашэнка ўжо шмат разоў казаў, што, маўляў, знойдзем, дастанем усіх, хто ўдзельнічае ў вулічных акцыях, ніхто не застанецца беспакараным. Усе палічылі гэта звычайным запалохваньнем. Аднак, акрамя запалохваньня, — гэта сапраўдны намер, рэальная задача, якая ставіцца Лукашэнкам перад дзяржапаратам.
Глядзіце, як пасьлядоўна, мэтадычна, сыстэмна адбываецца зачыстка па ўсёй краіне. Спэцслужбы адшукваюць і караюць людзей за ўдзел яшчэ ў жнівеньскіх акцыях.
Прычым, што важна падкрэсьліць, палітычнымі рэпрэсіямі займаюцца ня толькі праваахоўныя органы, а ўвесь дзяржаўны апарат. Звальненьні неляяльных работнікаў робяць адміністрацыі прадпрыемстваў, рэктараты ВНУ выключаюць студэнтаў, ваенкаматы апэратыўна забіраюць апошніх у войска, санстанцыі закрываюць бізнэсы, западозраныя ва ўдзеле ў страйку. Установы адукацыі, уключна з адміністрацыямі дзіцячых садкоў, пагражаюць забраць дзяцей у палітычна нядобранадзейных бацькоў. І гэтак далей.
І менавіта ажыцьцяўленьне рэпрэсій, а не выкананьне сваіх звычайных функцый, зьяўляецца сёньня галоўным у працы ўсіх дзяржаўных установаў. І ніхто не задумваецца над наступствамі. З дзяржпрадпрыемстваў звальняюць унікальных спэцыялістаў, безь якіх яны паўнацэнна працаваць ня могуць. І нікога не хвалюе, як гэта адаб’ецца на вытворчасьці. Хапаюць і садзяць за краты вядомых дактароў. Не спыняюцца ні перад якімі былымі заслугамі людзей. Наадварот, чым гучнейшае імя, тым больш да гэтага чалавека чапляюцца.
Трэба разумець, што Лукашэнка атрымаў ад усіх падзей апошніх месяцаў цяжкую псыхалягічную траўму. І ён наўрад ці спыніцца, пакуль не адпомсьціць за яе. Здаецца, мы не ўсьведамляем да канца, да якіх межаў можа дайсьці гэты чалавек. Ніякая эканоміка ці іншыя важныя для грамадзтва рэчы для яго цяпер не прыярытэт. Ён сапраўды ставіць задачу прапусьціць праз турэмную сыстэму ці празь сіта палітычных рэпрэсій (звальненьне, банкруцтва бізнэсу) большасьць насельніцтва. Уся карная сыстэма арыентавана на гэта.
На практыцы гэта азначае, што ўлады робяць патэнцыйнымі крымінальнікамі большасьць беларускага народу. Маштаб гэтага працэсу ўражвае. На кожным нядзельным маршы затрымліваецца некалькі соцень грамадзянаў. За тыдзень набіраецца пад тысячу. Паводле дадзеных праваабаронцаў, за няпоўныя тры месяцы былі затрыманы звыш 16 тысяч чалавек. Калі лічыць груба, то атрымліваецца дзесьці 4-5 тысяч за месяц. Уявім, што пратэсты працягнуцца яшчэ некалькі месяцаў. Можна падлічыць, колькі палітвязьняў чакаецца ў Беларусі.
Куды іх усіх падзець, дзе трымаць? Ніякіх турмаў і калёній ня хопіць. Давядзецца будаваць вялікі канцлягер, а мо і не адзін. І ўсё беларускае грамадзтва будзе падзелена на дзьве часткі: вязьні і турэмнікі. І ніякай сярэдзіны ня будзе. Кожнаму давядзецца рабіць жудасны выбар.
Такім чынам, калі беларуская дэмакратыя ня здолее перамагчы цягам найбліжэйшых месяцаў, то ператварэньне краіны ў цэнтры Эўропы ў адзін вялікі канцлягер — гэта не антыўтопія, а, баюся, непазьбежная жахлівая пэрспэктыва. І ня трэба ілюзій: ніякія вонкавыя сілы ні з Захаду, ні з Усходу ня змогуць гэтаму перашкодзіць. Да гэтага вядзе няўхільная лёгіка эскаляцыі палітычнага супрацьстаяньня. Нічога само не разыдзецца, як некаторыя яшчэ спадзяюцца. Гэтаму можа перашкодзіць толькі беларускі народ.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.