Яшчэ пакуль няма магчымасці адлюстраваць поўную карціну незалежнага назірання, якое адбываецца на ўсіх выбарчых участках, але некалькі самых паказальных момантаў прапануем да вашай увагі.
На ўчастку нумар 14 Ленінскага раёна горада Магілёва афіцыйна зарэгістраваных назіральнікаў ад кампаніі “Права выбару” дачакаліся, пры іх апячаталі скрыню і тут жа пачалі настойваць пакінуць памяшканне. На пытанні пра падставы, пра абгрунтаванне, старшыня камісіі прад’явіў дакумент “ад Ярмошынай”. Звычайны аркуш паперы, без подпісаў і пячатак, які юрыдычна не мае ніякай сілы і можа разглядацца ў крайнім выпадку толькі як рэкамендацыйны дакумент для арганізацыі унутранай працы камісій.
Пытанняў з боку назіральнікаў задавалася шмат – у карэктнай форме, па справе і без перавышэння паўнамоцтваў. Напрыклад, старшыню камісіі было прапанована падрыхтаваць рашэнне камісіі ў пісьмовай форме па факце абмежавання права ўдзелу незалежных назіральнікаў у выбарчай кампаніі. Аднак старшыня толькі бездапаможна махаў “дакументам ад Ярмошынай”, канструктыўна арганізаваць працу ўсіх разам назіральнікаў адмовіўся – пакінуўшы “сваіх” і пачаўшы пагражаць выклікаць участковага, каб прымусіць сысці з участка “несваіх”.
Для паўнаты карціны: “участковы” апынуўся… падпалкоўнікам. Другі цікавы факт: сябраў камісіі перад адкрыццём участка прама да варот даставілі на службовым мікраўтобусе Беларускай чыгункі. Ну і ў дадатак: замест трох крэслаў (3-га жніўня звечара сакратарка камісіі падавала гэту колькасць максімальна дапушчальнай у святле таямнічых дакументаў “зверху”) – зраніцы 4 жніўня ўжо было чатыры “пасадачных месцы”, якія былі ўсе занятыя. Але гэта не ўсё – назіральнікам ад камуністычнай партыі актыўна жадала быць жанчына (на выгляд гадоў 80-ці) – якую таксама ўважылі. Дарэчы, гэта жанчына апынулася адной з нешматлікіх на ўчастку, хто быў у марлявай павязцы. Ні дэзынфікцыйных сродкаў, ні пальчатак заўважана не было. Кабіны для галасавання былі адкрытыя.
Наконт неправамерных дзеянняў камісіі на 14 участку была складзена скарга ў Ленінскую раённую камісію.
Наколькі стала вядома, такая ж сітуацыя адбывалася і ў Кастрычніцкім раёне горада Магілёва. Афіцыйна зарэгістраванага назіральніка Алеся Сабалеўскага палову дня спрабавалі “выдаліць” спачатку з участка, а потым з тэрыторыі непасрэдна перад дзвярыма на ўваходзе на ўчастак (у тым ліку вялікія намаганні прылагаў старшыня камісіі). Са з’яўленнем на месцы падзей старшыні раённай камісіі прагучалі пагрозы вызваць міліцэйскую падмогу. Спадар Сабалеўскі напісаў скаргі пра парушэнні Канстытуцыі, Выбарчага кодэксу і правоў чалавека ў раённую камісію і ў пракуратуру.
Высновы наступныя – як і на ўсіх папярэдніх выбарах апошніх двух дзесяцігоддзяў – робяцца бессаромныя спробы паддтасаваць вынікі выбараў. Прадстаўнікі чыноўніцтва настолькі прызвычаіліся да падмены паняццяў, што ўласную хлусню ў адкрытай форме прымаюць за норму. Ніякага сапраўднага галасавання няма ўжо з самых першых гадзін выбарчай кампаніі.
Відэа: Яўген Глушкоў
С. Вецер