Галоўная » Юрый Несцярэнка

Песня Юрыя Несцярэнкі “Спартовая фанацкая” знайшла сваіх слухачоў

Нам перамога як паветра патрэбна –

У гэтым упэўнены мы, адпаведна –

Разам чакаем лепшай сваёй гульні!       

 

Наша каманда гатова да бою –

Мы будзем побач, мы разам з табою,

І пераможам у гэтай гульні толькі мы!

Перадгісторыя такая: ніхто не мог ведаць, як будуць разгортвацца падзеі ў краіне. Беларускі музыкант спакойна выдаваў серыю архіўных запісаў пад умоўнай назвай “55 песень” (да свайго 55-годдзя, якое адбылося ў чэрвені 2020 года). На альбоме “Вясёлка перадусім “(“55 песень. Ч. 1”) трэцім па ліку трэкам ішла кампазіцыя “Спартовая фанацкая”.

 “Калісьці ў 2000-х, па замове хакейнай каманды, дзе гулялі дзеці маіх добрых сяброў – распавядае Юры Несцярэнка, – быў напісаны своеасаблівы неафіцыйны гімн той каманды. Варыянтаў канчатковага запісу было зроблена некалькі. І вось, адзін з іх, як аказалася, праз шмат гадоў знайшоў сваё месца не толькі ў складанцы раней невыдадзеных твораў…”

Падчас выбарнай кампаніі 2020 года, Юры прысвяціў песню спадарыні Ціханоўскай і іншым людзям, якія былі незаконна затрыманыя. Песня была размешчана на сайте “Радыё Свабода”. Гэта было 28 ліпеня, а ў хуткім часе Інтэрнэт, як вядома, быў адключаны і слухаць шмат чаго стала ўвогуле немагчыма.

Але раптам, падчас сумных агульнабеларускіх падзеяў адразу пасля выбараў, актывізаваліся слухачы і пажадалі быць яшчэ і гледачамі – яны зрабілі відэашэраг для “Спартовай фанацкай”. І ў дадзеным выпадку візуальным суправаджэннем стала не проста выпадковая відэанарэзка, а кадры з выявамі вядомых спартсменаў, якія ўва весь голас, без страху падтрымалі свой народ падчас цяжкіх жнівеньскіх падзеяў.

Аб’ядналіся ў сваіх выказваннях і намерах у цяжкі для краіны час самыя розныя спарсмены і гэта было адлюстравана аматарамі спорту ў роліку на песню:

футбаліст Антон Сарока (быў затрыманы падчас мірнай акцыі і незаконна асуджаны);

хакеіст  Ілля Літвінаў (схоплены пасля трэніроўкі ў Маладзечна проста на вуліцы і збіты);

Мікалай Сігневіч, футбаліст, які гуляў за каманды Грэцыі і Венгрыі, былы гулец БАТЭ выказаўся ў падтрымку беларускага народа;

Яўген Касцюкевіч (“Крумкачы”) на стыхійным мітынгу ў Жодзіна паказаў мэру Жодзіна на лес рук у падтрымку Ціханоўскай і спытаўся пра нібыта “20%”;

Сяргей Падалінскі, удзельнік беларускіх турніраў па міні-футболе, быў незаконна схоплены на вуліцы, збіты і адпраўлены ў камеру;

Сяргей Беркутаў, беларускі спартовы тэлекаментатар у знак пратэсту зволіўся з працы;

Аляксей Кудзін, баец змяшаных адзінаборстваў, больш за дзесяць разоў станавіўся чэмпіёнам свету – незаконна схоплены і пасаджаны за краты ў родным горадзе Маладзечна;

Аляксей Волкаў (Расія) – звярнуўся да ўладаў Беларусі з патрабаваннем выпусціць Кудзіна;

Не засталіся ў баку ад цяжкіх падзей і беларускія спартсменкі, якія асудзілі гвалт над мірным насельніцтвам і прызвалі да мірнага выйсця з крызісу:

Ганна Глазкова – чэмпіёнка свету па мастацкай гімнастыцы;

Вера Цапко – прадстаўляла Беларусь на шматлікіх міжнародных спаборніцтвах па тэнісе;

Надзея Скардзіна – біятланістка, алімпійская чэмпіёнка;

Дар’я Домрачава – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, двухразовая чэмпіёнка свету;

Эльвіра Герман – чэмпіёнка Еўропы па лёгкай атлетыцы;

“Спартовая фанацкая”. Аўтар і выканаўца Юры Несцярэнка:

Дзмітрый Мікалаеў

Чароўныя назвы ў бялыніцкім кінатэатры (відэа)

“Чароўныя назвы” – гэта кніга для дзяцей. А дакладней, – для малодшых школьнікаў.

 

Загадкі (пра звяроў, птушак, рыб, пра расліны і грыбы), а таксама казкі і байкі, вершы і нават невялікія паэмы жартоўнага характару – такі змест гэтай кнігі. Напісаў кнігу Юры Несцярэнка, а малюнкамі аздобілі сямігадовая Саша і дзесяцігадовая Аня Несцярэнкі, прафесійныя фатаздымкі зрабіла Вольга Акуліч. Асобныя вершы, казкі ды некаторыя загадкі раней друкаваліся ў розных выданнях. Макет кнігі падрыхтаваны да друку і чакае свайго часу ў тыпаграфіі.

Першая сустрэча з юнымі чытачамі з нагоды падрыхтоўкі кнігі адбылася ў магілёўскай дзіцячай бібліятэцы №9 напрыканцы 2019 года. А 4 студзеня 2020 года супрацоўнікі Бялыніцкай дзіцячай бібліятэкі дапамаглі зладзіць ў памяшканні кінатэатра “Зорка” сустрэчу з вучнямі СШ №1 і СШ №2.

Дзеці ў залі з вялікім задавальненнем і цікавасцю вялі дыялог на беларускай мове з вядучымі, асабліва спадабалася разгадваць загадкі. За музычную частку на гэтай папярэдней прэзентацыі адказвала Надзея Несцярэнка, мама Сашы і Ані. Разам сямейны калектыў праспяваў “Лета”, “Чорна-белыя сны”, “Вось так апраналіся” – песні, напісаныя на вершы з кнігі, якую сямейны калектыў меў гонар прэзентаваць.

“Хацелася б, каб кніга знайшла сваіх чытачоў і ў сем’ях, і ў дзіцячых садках, і ў школах” – сказаў напрыканцы імпрэзы Юры Несцярэнка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, музыкант, аўтар шматлікіх беларускіх праектаў.

Тэкст: Дзмітрый Нікалаеў

Фота і відэа: Яўген Глушкоў

Люкі нашай рэчаіснасці

Да вашай увагі, шаноўныя чытачы, прапануецца невялікі матэрыял, гісторыя якога пачынаецца яшчэ ў далёкім  2011 годзе. Гэтыя некалькі ўмоўных частак нельга назваць журналісцкім расследаваннем, але журналісцім назіраннем – цалкам магчыма.

Першая частка была надрукавана у верасні 2011 года на сайце “Народны журналіст”. Яна мела свае наступствы. Артыкулы, якія з’явіліся пазней, адлюстроўваюць зваротную сувязь. Трэба адзначыць, што гэта непростая сувязь пэўна адчуваецца і на сённяшні дзень.

Цалкам можна разглядаць гэты матэрыял таксама як аснову для сцэнара, які прызначаўся б для невялікага відэасюжэта.

 

 

ЛЮКІ НАШАЙ РЭЧАІСНАСЦІ

Як ні дзіўна, але менавіта каналізацыйныя люкі дапамагаюць спасцігаць дыялектыку жыцця падрастаючаму пакаленню ў мястэчку Бялынічы Магілёўскай вобласці. Яны сталі тут сваеасаблівымі дапаможнікамі, калі не сказаць падручнікамі (падножнікамі) у нялёгкай справе вызначэння пазітыву і негатыву.

Гэтыя бетонна-металічныя канструкцыі пазначаюць у нашай мясцовасці не проста адтуліны каналізацыйных камунікацый. Яны ператварыліся ў сапраўдныя люкі свядомасці дзяцей і дарослых, сталі неверагоднымі хадамі мыслення і фантастычнымі каналамі разумення рэчаіснасці.

Нашы адносіны з сусветам пачынаюцца яшчэ ў раннім дзяцінстве. І ў сур’ёзнай выхаваўчай працы трэба прадугледзець усё – і эстэтычны бок, і спосабы паступовага гартавання характару, і, у рэшце рэшт, навучанне выжываць у экстрэмальных умовах.

Першае, на што звярнула ўвагу кіраўніцтва мясцовага аддзела адукацыі – гэта прыгажосць. І аздобіла каналізацыйныя люкі перад вокнамі дзяржаўнай установы адукацыі “Шматпрофільны цэнтр “Ветразь” (былы Дом піянераў) вось такім чынам.

А што? І свята якое-небудзь можна арганізаваць! “Купалле”, напэўна не атрымаецца – пажарнікі забароняць кола паліць пад вокнамі. А так бы русалак можна было б рассадзіць па люках – нібыта яны адтуль павылазілі.

Тут жа лінейку святочную зладзіць можна. Калі пашанцуе размясціць на ўмоўным квадраце невялічкі духавы аркестр, а калі яго ўжо не сабраць, то хаця б гарністаў з барабаншчыкамі па люках можна расставіць. Каб ігралі перад святочнай калонай.

А гэта ўжо іншы аб’ект, упрыгожаны спецыялістамі сферы адукацыі.

Зразумела, што з вакон другога ці трэццяга паверха райвыканкама такія каляровыя “кружочкі” вельмі файна выглядаюць. А дзеткі з дзіцячай пляцоўкі, ці з музычнай школы, што месціцца побач, могуць пагуляць тут у розныя гульні.

Напрыклад, уцякаючы адзін ад аднаго вакол “кружочкаў”, у пэўны момант могуць ускочыць на любы з люкаў і сказаць: “Я ў доміку!” Выдатны крэатыўны падыход для выкарыстоўвання індустрыяльных аб’ектаў!

Але паступова трэба рабіць умовы выхавання больш жорсткімі. Усё ж такі наша жыццё – не жарт і не гульня. І вось – новы этап: сапраўднае рэаліці-шоў пачынаецца тут жа, за плотам. Літаральна ў пяцідзесяці метрах ад люкаў “прыгожых”, але не ў зоне бачнасці з райвыканкамаўскіх вакон.

Хто забяжыць сюды “у домік”? Слабо? Але не хвалюйцеся – сапраўдныя выхавацелі дакладна пазначылі гэта месца, як небяспечнае.

Таму што побач, арамя “Ветразя”, яшчэ і рэабілітацыйны дзіцячы цэнтр аддзела адукацыі. А таксама інтэрнат той жа ўстановы.

Дарэчы пра інтэрнат, Да яго вядзе сапраўдная маляўнічая дарога. Але выпрабаванні на яе абочынах таксама самыя сапраўдныя!

Усе маладыя мамы павінны ведаць пра люк, які знаходзіцца амаль што ў каляіне! Але ж калі якая-небудзь няспрытная мамаша зазяхаецца – няхай крыўдуе толькі на сваю неўважлівасць. Што зрабіць – такія ўмовы гульні!

З другога боку інтэрната ёсць яшчэ адно месца выпрабавання маладых экстрэмалаў. Калісьці хлопчыкі і дзяўчынкі ганялі тут мяч, уважліва абмінаючы люк, побач з якім ззяла вялікая яма. Але вырасла ўжо і сыйшло з пляцоўкі тое смелае пакаленне, а з ямы вырасла дрэва, адпаведна мяч туды і спецыяльна не загоніш. Так што зараз – усё ОК!

Ёсць яшчэ аднак і сапраўдныя вытанчаныя “пасткі”. Напрыклад, на сцяжынцы ад інтэрната аддзела адукацыі да шматпрофільнага цэнтра “Ветразь”. З новых жыхароў інтэрнату ніхто і не ведае пра той люк. Але старыя яго добра запомнілі. Аўтар матэрыялу быў сведкам, калі ў люк праваліўся малады чалавек. Аднак зараз небяспекі няма – люк так моцна зарос травой, што дзеткі з інтэрнату ўвесь час бегаюць праз яго беза ўсякіх праблем. І нават смела могуць гуляць на ім “у домік”.

Здымак паказвае, што побач са сцежкай, здаецца, нічога няма. Але старажылы ведаюць, дзе можа чакаць небяспека.

Калісьці, менавіта з-за гэтага люка, крышка якога гойдалася нават зімой, тут перасталі ездзіць лыжнікі з суседняй спартыўнай школы (гэта пацвердзяць трэнеры).

Але засталася ў бялыніцкіх лыжнікаў іншая запаведная лыжня. Гэта схіл ад стадыёна спартыўнай школы ў заходнім кірунку, дзе траса пачынаючых фрыстайлераў і слаламістаў упіраецца ў суседскія платы.

Кажуць, што на гэтай трасе мінулай зімой бясследна знік адзін лыжнік.

Усім суседскім таварыствам спрабавалі яго шукаць. Але глыбіня праёма, які калісьці закрываўся люкам, і дзе былі знойдзены лыжы, шакіруе нават  самых смелых.

Таму ў шматпрофільны цэнтр “Ветразь” паступіла прапанова адкрыць альпіністскае аддзяленне. Без спецыяльных прыладаў для альпіністаў дно калодца абследаваць не ўяўляецца магчымым. А што! Падвойная выгада: і лыжнікаў захаваем, і альпіністаў набудзем!

Вось такая рэчаіснасць. Рыхтуем маладое пакаленне да новага жыцця! Жыцця ў стане адкрытых люкаў.

(Працяг будзе)

Юрый Несцярэнка

Пятая літаратурная “Брама” пабачыла свет

Новы нумар літаратурна-мастацкага альманаха «Брама» прэзентавалі ў Магілёве 14 чэрвеня ў грамадскім цэнтры «Кола».

«Брама» – штогадовае выданне магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Альманах быў заснаваны ў 2013 годзе, і чарговы нумар за 2017 год – ужо пяты, юбілейны.

Мікола Яцкоў – старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення “СБП”Паэт Сяргей Украінка, сябра Рэдакцыйнай рады «Брамы» Міхась Булавацкі – настаўнік, журналіст, пісьменнік і паэт

На прэзентацыю сабралася каля дваццаці чалавек – літаратараў, аўтараў змешчаных у альманаху твораў, проста аматараў беларускага слова. Старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення «Саюза беларускіх пісьменнікаў» Мікола Яцкоў звярнуўся з вітальным словам да прысутных, а сябра Рэдакцыйнай рады «Брамы» Сяргей Украінка ўзгадаў гісторыю і акалічнасці ўзнікнення альманаха. Традыцыйна, некаторыя з аўтараў, што прадстаўленыя на старонках выдання, пачыталі свае творы, нехта нават выступіў з музычнымі нумарамі.

Яраслаў Клімуць – літаратуразнаўца, пісьменнік, кандыдат філалагічных навук, дацэнт МДУ імя Куляшова Ганна Барысевіч – настаўніца, выкладчык кафедры беларускай і рускай моў МДУ імя Куляшова Таццяна Барысік – пісьменніца і паэткаЮрый Несцярэнка – музыкант і літаратар, аўтар і выканаўца Васіль Аўраменка – лекар-неўролаг, публіцвст і літаратар

Альманах, як і належыць падобнага кшталту выданню, змяшчае тэксты самай рознай тэматыкі – вершы і апавяданні, успаміны і пераклады, крытыку і кароткія агляды кніг. У пятым нумары можна пабачыць творы дваццаці шасці аўтараў, і ўсе яны, як і было задумана ад самага пачатку, друкуюцца па беларуску. Гэта адна з умоваў выдання, якое задумвалася, каб пашыраць кола аматараў беларускамоўнай літаратуры, спрычыняць і заахвочваць аўтараў, што ствараюць на іншых мовах, каб паказаць, як могуць гучаць іх найлепшыя творы менавіта па беларуску.

Набыць новы нумар выдання можна ў кнігарнях горада.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара