Галоўная » ЖКХ » Page 18

Шматпавярховік у Магілёве: рамонту не было 40 год, просяць пачакаць яшчэ

На бульвары Непакораных у Магілёве – стыхійны сход жыхароў шматпавярховіку. Людзі стаміліся ад безвыніковых зваротаў да камунальнікаў ды паклікалі журналістаў. У халоднае надвор’е жыхары дому без ацяплення чакаюць рамонту трубаў, што працякаюць і заліваюць сутарэнне.

Жыхарам дому нумар 80 на бульвары Непакораных у Магілёве атрымліваць адпіскі пра ліквідацыю дробных непаладак ужо не прывыкаць. Аднак праблема больш грунтоўная і патрабуе не касметычнага рамонту, а замены трубаў, мяркуюць людзі.

Алена Матросава, жыхарка дому № 80:

«Трубаправоды, засаўкі, рэдукцыі, як яны яшчэ называюцца, усё настолькі зношана, што немагчыма нанова ўключыць».

Гэтак, пры спробе ўлучыць ацяпленне 4 кастрычніка прарвала трубу.

«Да 9-га паверху было чуваць, як фантануе, бʼе вада гарачая. Яна настолькі моцная была, што электрашчыткі тэлефонныя ў нас на першым паверсе пазалівала ўсе, прабіла праз бетонныя сцены, гэта вада прайшла. Уцечка адбылася – некалькі тонаў вады», – распавядае Алена Матросава.

Ваду выпампавалі, але батарэі не пацяплелі. Ізноў жыхары спускаюцца ў сутарэнні. Гэтым разам з нашаю здымачнай групаю.

«Ну вось, глядзіце, чуваць шум вады, вось, мокры пол».

Ідзём далей і бачым крыніцу працякання.

«Ну вось, праблемы з вентылямі. Бачна, што яны заржавелі і не перабраныя».

Сляды волкасці відавочныя асабліва ў кватэрах на першым паверсе. Наступстваў чакаць доўга не даводзіцца. Юлія Падпружэнка, жыхарка дому № 80:

«Я ў дэкрэтным адпачынку, маленькае дзіця, увесь час хварэе, кашаль, соплі, у сад мы не ходзім ужо два тыдні. На вуліцы халодна, ацяпленне дагэтуль не ўключылі, ложкі ўсе мокрыя, сырыя».

Камунальная аварыя – не адзіная праблема жыхароў дому. Мясцовыя наракаюць на працяканне даху падчас залеваў і скардзяцца на смурод. Надзея Пракопчык, жыхарка дому № 80:

«Лазіў сантэхнік і сказаў, што трубы каналізацыйныя праселі. І там, калі адпампоўваюць, цячэ з каналізацыі да нас сюды ў сутарэнне ўвесь гэты бруд».

За 40 гадоў дом нумар 80 на бульвары Непакораных не бачыў камунальнага рамонту. Аднак нават з рамонтам трубаў мясцовым давядзецца пачакаць, паведамілі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. На больш як сотню дамоў засталося толькі з дзясятак сантэхнікаў, занятых уключэннем ацяплення.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Што адбываецца ў магілёўскім доме, які затапіла праз нядбайнасьць камунальнікаў

У Магілёве гаспадары шасьці кватэр аднаго зь мясцовых шматпавярховікаў падлічваюць страты ад залітага вадой празь нядбайнасьць камунальнікаў жытла. На працягу 4 гадзінаў яны чакалі паратунку ад службаў экстранай дапамогі, але марна.

У затопленай кватэры праз двое сутак

Пра надзвычайнае здарэньне стала вядома зь відэароліка ў сацыяльных сетках. Так была прыцягнутая ўвагу чыноўнікаў і камунальных службаў да бяды ў доме. Цяпер сытуацыя на кантролі ў старшыні аблвыканкаму. Жыхарам абяцаюць адрамантаваць пашкоджаныя кватэры за дзяржаўны кошт. Чатырох чыноўнікаў з жыльлёва-камунальнай гаспадаркі звольнілі.

Свабода пабывала ў доме і пагутарыла пра аварыю на пачатку ацяпляльнага сэзону з аўтарам відэароліка Мікалаем Швархаевым. Ён апавядае, як ратаваў сваю маёмасьць разам жонкай ад патопу, куды зьвяртаўся па дапамогу і што адбываецца цяпер.

Што здарылася?

У доме на бульвары Няскораных, 82 камунальнікі ўзяліся рамантаваць сыстэму ацяпленьня. У адной з кватэраў адрэзалі ад батарэі трубу, а калі скончыўся працоўны дзень, пайшлі, не паставіўшы заглушкі.

Пра няскончаны рамонт камунальнікі забылі. Праз колькі дзён, калі ўключылі ацяпленьне, зь незаваранай трубы хлынула вада і затапіла шэсьць кватэр.

«На маіх вачах вада зьнішчала маёмасьць сям’і»

Сям’я Мікалая Швархаева здымае кватэру на чацьвёртым паверсе. Іхнае жытло пацярпела больш за астатнія. Незавараная труба была ў суседзяў зьверху. Адбылося затапленьне 7 кастрычніка, адразу пасьля 16.00.

Аўтар відэароліка Мікалай Швархаеў

Пачуўшы незвычайны гук у батарэях, дачка Мікалая патэлефанавала маці. Дзяўчынку супакоілі, але празь лічаныя хвіліны яна патурбавала бацькоў зноў, і гэтым разам перапужана паведаміла, што кватэру залівае вада.

Мікалай кажа, што, прыехаўшы дахаты, аслупянеў ад убачанага. Вада лілася са столі вадаспадам. Ён у паніцы пабег да суседзяў. Доўга грукаў у дзьверы, але ў іх нікога не было дома.

Па ягоных словах, ад 16.30 да 20.00 ён тэлефанаваў у службы экстранай дапамогі. Усюды ўспрымалі ягоную просьбу як дробязную. Ён кажа, што ў адной са службаў яму нават адказалі, што ў іх дом гарыць, не да ягонага патопу.

«Набіраю 101 і крыкам даводжу, каб дапамаглі даць рады праблеме, а мяне пераключаюць на апэратараў, якія нічога дзейснага прапанаваць ня могуць, — успамінае змаганьне з аварыяй Мікалай. — У ЖЭУ спакойным голасам адказвалі, што аб праблеме ведаюць і ўжо выехала аварыйная брыгада. Толькі пад вечар прыйшоў камунальнік. Пабачыўшы, што творыцца ў кватэры, мацюкнуўся і ўцек. У падвале перакрыў ваду, але да нас больш не падымаўся».

«Не чакаў, што так сеткі стрэляць»

За чатыры гадзіны жонка Мікалая вычарпала з падлогі вёдрамі больш за 150 літраў вады. Гаспадар кажа, што на ягоных вачах вада зьнішчала маёмасьць сям’і, уратаваць якую ён ня ведаў як. Стаміўшыся ад перажытага і не дачакаўшыся дапамогі, яны сышлі, калі жытло яшчэ залівала вада.

Пра патоп у сваёй кватэры Мікалай расказаў у відэароліку, які выклаў у сацыяльныя сеткі ўвечары 7 кастрычніка. Калі ён стаў у інтэрнэце «вірусным», чыноўнікі «заварушыліся».

Жонка Мікалая Ганна паказвае, адкуль цякла вада

Па словах Мікалая, на наступны дзень прыехала дэлегацыя з адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Магілёва. Тут жа заварылі трубу. Сям’і Мікалая далі часовае жытло ў гасьцініцы аб’яднаньня «Хімвалакно». Рамонт кватэры абяцае зрабіць ЖЭУ. Калі гэта адбудзецца, невядома.

«Калі б не было відэа, наўрад ці мы здолелі прыцягнуць увагу да праблемы. Я пераканаўся, што, сацыяльныя сеткі сапраўды працуюць. І напраўду не чакаў, што яны так змогуць „стрэліць“», — кажа ён.

Што з кватэрай і якія страты?

Пра страты Мікалай гаварыць пакуль не бярэцца. Ён прадпрымальнік і вымушаны цяпер разрывацца між сваёй працаю і ўстановамі, якія павінны нанесеную шкоду вызначаць.

Суразмоўца кажа, што ўжо пабываў некалькі разоў у ЖЭУ № 12, наведаў рамонт бытавой тэхнікі ды незалежную экспэртызу мэблі. Пагутарыў з юрыстамі і супрацоўнікамі дзяржстраху. За прамінулыя два дні кватэра ўсё яшчэ не прасохла. На падлозе стаіць вада. Каб прысьпешыць прасыханьне, насельнікам далі два абагравальнікі, якія бяруць шмат энэргіі, а яны падключаныя да электралічыльніка ўладальніка кватэры, у якой жыве сям’я Мікалая. У самой кватэры электрычнасьць адключаная. Мэбля вадою сапсаваная. Шпалеры адвальваюцца.

Такія абагравальнікі далі, каб «сушыць» кватэру

«Пра мэблю нам сказалі, што мае прайсьці дзесяць сутак, і толькі тады мы мусім выклікаць незалежную экспэртызу, — апавядае ён, — Але мы перакананыя, што ад вады матэрыял, зь якога яна зробленая, разбухне і яе давядзецца выкінуць. Элемэнты шпалераў я завёз экспэртам, каб былі праведзеныя неабходныя падлікі стратаў».

«Давяраць цяпер нікому ня варта»

Па словах Мікалая, падобная сытуацыя і ў суседзяў зьнізу. Калі палілася вада, іх не было ў двары. Разьвесіўшы прамоклыя рэчы, яны зьехалі. У іх таксама адключаная электрычнасьць.

«Мы іх крыху ўратавалі, выбіраючы ў сябе ваду, але і ім шмат засталося. Суседзі з другога паверху і першага пацярпелі ад патопу меней, хоць і ім давядзецца жытло рамантаваць», — кажа Мікалай.

Злашчасная батарэя. Ужо адрамантаваная

Пасьля перажытага ён упэўнены, што давяраць цяпер нікому ня варта. Мікалай адзначае, што ягоныя знаёмцы, пабачыўшы відэа, выказваюць непакой, што ў любы момант і яны могуць усё страціць ад нядбайнасьці супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацыяў.

Каго пакаралі за патоп у шматпавярховіку

Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, за аварыйную сытуацыю ў шматпавярховіку зьнялі з пасадаў кіраўнікоў чатырох жыльлёва-камунальных структур. Сярод звольненых і кіраўніцтва ЖЭУ-12, якое мелася дбаць пра парадак у доме.

У затопленым пад’езьдзе

У аблвыканкаме абяцаюць, што падобных інцыдэнтаў не паўторыцца. Пацярпелых жа «ад патопу» запэўнілі, што без падтрымкі яны не застануцца.

Фота: Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода

 

У Магілёве камунальнікі не ведалі, хто што робіць, і залілі людзей кіпенем

У Магілёве камунальнікі не ведалі, хто што робіць, і залілі людзей кіпенем з батарэяў. Пасля розгаласу ў інтэрнэце ратаваць жыхароў прыехала ўсё камунальнае начальства.

У 82-м доме на бульвары Непакораных у Магілёве прайшоў «дождж». Інакш Мікалай Швархалёў – гаспадар кватэры, што найбольш пацярпела, – гэтае здарэнне назваць не можа:

«Тут быць немагчыма было, тут ліло, як з праліўнога дажджу, я выбягаў на вуліцу, у пад’езд, і ўвесь час званіў у службы. У 115, у якую нерэальна дазваніцца!»

Паводле гаспадара, патоп цалкам знішчыў ягоную кватэру: тэхніка, мэбля – усё намокла. Вада ў кватэру спадара Мікалая лілася з паверху вышэй, але гаспадароў удома не было. Суседка праблемнай кватэры на пятым паверсе.

Галіна Бараненка

распавядае:

«Магчыма, батарэя прарвала, бо ў іх была сварка. Аказваецца, яны наагул заглушкі не паставілі, ні на адну батарэю. І на кухні, і ў спальні, і ў зале – усё без заглушкі. А ваду далі, напэўна і…»

Да гаспадароў кватэры, у якой былі незавараныя батарэі, дазваніцца не здолелі. Ламаць дзверы ў гэтую кватэру таксама не сталі. І ўся вада палілася далей: з 5-га да 2-га паверху. Сёння здарэнне абмяркоўвае ўвесь падʼезд: хто пацярпеў, а каму – пашанцавала:

«Усё адзенне, абутак, бялізну – усё заліло. Усё. А батарэі не грэюць, сушыць няма дзе. Што рабіць зараз?»

«Там лівень быў, там не тое, што сказаць. Я такога яшчэ не бачыла, каб так з кватэры цякло».

Суседзі з другога паверху, пенсіянеры, пакуль жывуць на лецішчы. Яны пабачылі наступствы патопу толькі сёння. Гаспадарка кватэры Аля Юрчанка кажа:

«Мы, канечне, нядаўна зрабілі рамонт і вельмі засмучаныя, вельмі засмучаныя, што такое здарылася. Бачыце самі: столь – вось дзве булкі вісяць пад столлю. Дываны мокрыя».

Ваду ў батарэі далі, бо людзі самыя прасілі ўключыць ацяпленне. Пасля розгаласу ў сеціве развязваць праблему з’ехалася кіраўніцтва ўсіх камунальных прадпрыемстваў Магілёва.

Дырэктар КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёну Аляксей Цімашэнка таксама быў у залітых кватэрах:

«І ў гэтым аўральным рэжыме атрымліваецца, бо быў шэраг пытанняў з запаветрываннем сістэмы ацяплення, быў шэраг пытанняў проста з закрытымі стаякамі, быў шэраг пытанняў з заменай ацяплення. Таму была няўзгодненасць людзей, і спецыялісты аднаго прадпрыемства, не нашага, проста адкрылі ацяпленне ў тым стаяку, які яшчэ не быў да канца звараны і змантаваны».

Гаспадар кватэры на трэцім паверсе так і не з’явіўся ды яшчэ не ведае, што яго заліло. А ў тых, хто быў удома, камунальныя службы ўжо склалі акты па факце заліцця, апісалі маёмасць і абяцалі дапамагчы.

«У нас уся нашая адказнасць па раёне застрахаваная ў прадпрыемстве «Белдзяржстрах», таму, натуральна, уся шкода будзе кампенсаваная ўласніку кватэры «Белдзяржстрахам». Кватэра падсохне, натуральна, мы правядзём бягучы рамонт, і грамадзяне змогуць засяліцца праз пэўны час», – абяцае дырэктар КУП ЖРЭУ Кастрычніцкага раёну Аляксей Цімашэнка.

Сям’ю Швархалёвых часова пасялілі ў гатэлі, а ў іхную кватэру абяцалі прывезлі цеплавую пушку, каб хутчэй яе падсушыць.

Вольга Васільева, belsat.eu

 

Распоряжение о включении отопления в жилищном фонде Могилевской области пока не подписано

Распоряжение о включении отопления в жилищном фонде Могилевской области пока не подписано, сообщил Радио Могилев начальник … чытаць далей

Отопление на объектах социальной сферы Могилевской области начали включать с 23 сентября

С 23 сентября включают отопление на объектах социальной сферы в Могилевской области. Об этом mogilevnews.by сообщил начальник отдела энергетики и … чытаць далей