Галоўная » журналисты » Page 17

У Магілёве затрымалі галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала «Магілёўскі рэгіён” (абноўлена)

У Магілёве супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёну” Зміцера Салаўёва. Зміцер на аўтамабілі … чытаць далей

Магілёўскіх журналістаў “упакавалі”. Каб не было каму інфармаваць пра самыя “сумленныя” выбары?

Учора ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшлі разгляды адміністрацыйных спраў у адносінах трох журналістаў. Вынік чаканы – усе яны атрымалі магчымасць наведаць ІЧУ ў Магілёве на пэўны тэрмін.

Нагадаем, што ў сераду супраць нашых калег, журналістаў “Магілёўскага рэгіёну” Аляксандра Буракова-старэйшага і Уладзіміра Лапцэвіча ўчынілі правакацыю, а ў чацвер невядомыя ў масках затрымалі і рэдактара mspring.online Аляксандра Буракова-малодшага.

На судах шмат спыняцца не буду, бо журналісты “МР” рабілі стрымы з судовых пасяджэнняў, і нашы наведвальнікі могуць на ўласныя вочы пабачыць, як працуюць нашы самыя “чэсныя” суды ў свеце. У мяне асабіста пасля іх сканчэння ўзнікла пачуцце агіды і некалькі пытанняў, на якія я не магу адказаць: ці добра спяць нашы “неперадузятыя” суддзі і “звышсумленныя” супрацоўнікі міліцыі на чале з маёрам Паўлам Башарымавым? Як яны глядзяць у вочы сваім дзецям, і чаму яны іх вучаць? Пытанні без адказу…

Журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова (старэйшага) суддзя Вікторыя Палякова пакарала 10 суткамі арышту. Журналіст заявіў, што міліцыянты ўчынілі супраць яго правакацыю з удзелам жанчыны, пра гэта ж казалі і сведкі здарэння. Аднак на рашэнне суддзі Паляковай гэта ніякім чынам не паўплывала…

Аляксандра Буракова (малодшага) суддзя Наталля Панасенка пакарала 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Паводле пратакола, ён, нібыта, 14 ліпеня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце, на якім выказваўся супраць палітыкі дзейнай улады. Праўда, даказаць гэта ў судзе чамусьці не атрымалася, што было відавочна ўсім прысутным на працэсе.

Журналіста “Магілёўскага рэгіёну”, чальца юрыдычнай службы ГА “БАЖ” Уладзіміра Лапцэвіча суддзя Алена Літвіна пакарала 12 суткамі арышту. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі, пры гэтым суддзя Літвіна нават не захацела выслухаць сведкаў.

Не прыцягнула ўвагу суддзі і заява Лапцэвіча аб тым, што ў Ленінскім РАУС яго пабілі і надзелі кайданкі. На знак пратэсту журналіст аб’явіў галадоўку.

Што ж, чакаемая “зачыстка” адбылася. Не факт, што ў бліжэйшы час не апынуцца за кратамі і іншыя магілёўскія незалежныя журналісты. Наперадзе ж “сумленныя выбары”, яны будуць іх асвятляць, а ўладам гэтага, чамусьці, ну ніяк не падабаецца…

Учора ў судах Магілёва былі пакараныя арыштамі не толькі журналісты. Адправіліся за краты праваабаронца Аляксандар Хамратаў (10 сутак арышту), назіральнік Андрэй Застрэлаў (10 сутак арышту) і актывіст каманды Святланы Ціханоўскай Аляксандр Таланкоў (7 сутак арышту).

Перадвыбарчы шал у Магілёве працягваецца…

Відэа: Алесь Сабалеўскі

Тэкст: Іван Барысаў. Фота аўтара

 

Перадвыбарчы шал у Магілёве: невядомыя асобы выкралі журналіста прама ад будынка суда (Відэа)

Шостага ліпеня каля будынка суда Ленінскага раёну горада Магілёва невядомыя асобы ў цывільным затрымалі журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова (малодшага).
Аляксандр, як і некалькі іншых журналістаў, чакалі каля судоў навінаў пра затрыманых учора сваіх калегаў – Аляксандра Буракова (старэйшага) і Уладзіміра Лапцэвіча. Сёння, па ўсіх працэсуальных нормах, мусілі адбыцца суды над імі.

Разам з журналістамі чакалі суда над сваім сынам бацькі Аляксандра Буракова (старэйшага) – Уладзімір Іванавіч і Людзміла Міхайлаўна. Затрыманы журналіст Аляксандр Буракоў (малодшы) – іх унук, і пляменнік Буракова старэйшага. Затрымалі ўнука непасрэдна на вачах старых людзей.

Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Алег Агееў, які быў сведкам захопу, патэлефанаваў на гарачую лінію 102 і паведаміў, што быў сведкам выкрадання чалавека. Алега Агеева запрасілі ў Ленінскі РАУС горада Магілёва, дзе яго апытал і прынялі заяву аб выкраданні чалавека. Аляксандр Буракоў малодшы, як і яго старэйшы сваяк, сябры грамадскага аб’яднання Беларускі саюз журналістаў.

Нагадаем, што 5 жніўня у Магілёве каля 19 гадзіны затрымалі журналіста Аляксандра Буракова і актывіста Аляксандра Хамратава.

Пазней у Ленінскі РАУС забралі журналіста «Магілёўскага рэгіёну» Уладзіміра Лапцэвіча, які прыйшоў чакаць Буракова і Хамратава.

Алесь Сабалеўскі. Фота і відэа аўтара

У Магілёве пачаўся хапун. Затрымалі журналістаў і актывіста

Праваабаронцы мяркуюць, што здарэнне можа быць помстаю міліцыі за ўдзел у пікетах Святланы Ціханоўскай.

У Магілёве каля 19 гадзіны затрымалі журналіста Аляксандра Буракова і актывіста Аляксандра Хамратава. Буракова затрымалі на вуліцы машына ДАІ. Яго падазравалі ў транспартаванні кантрафактнага алкаголю. Аніякага алкаголю ў машыне не было, таму журналіста затрымалі, бо, імаверна, ідэнтыфікацыйны нумар аўтамабілю можа быць падроблены.

Пазней стала вядома аб затрыманні магілёўскага актывіста Аляксандра Хамратава. Яго вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі – той нібыта не перадаў ДАІшніку сваё пасведчанне кіроўцы.

Аляксандр Хамратаў

Праваабарончы цэнтр «Магілёўская вясна» мяркуе, што пераслед мужчынаў можа быць звязаны з іхным супрацьстаяннем з ДАІ. Аляксандр Хамратаў дапамагаў юрыдычна затрыманым аўтамабілістам, якія сігналілі пікету Святланы Ціханоўскай.

А Буракоў выклаў у сеціва відэа, дзе ён сумеў даказаць сваё права не плаціць штраф. Ролік набраў 200 тысячаў праглядаў.

Нікога з затрыманых праз 3 гадзіны так і не выпусцілі. Затое адбыліся захады да тых, хто прыйшоў чакаць, пакуль выпусцяць праваабаронцаў.

Праваабаронца Барыс Бухель і журналіст Уладзімір Лапцэвіч пад Ленінскім РАУС

У Ленінскі РАУС забралі журналіста «Магілёўскага рэгіёну» Уладзіміра Лапцэвіча, які прыйшоў чакаць Буракова і Хамратава. Ён напісаў скаргу на тое, што ў РАУС запускаюць толькі па аднаму, чым замаруджваюць працу. Праз гадзіну яго выклікалі нібыта па ягонай скарзе, але да 00:00 Лапцэвіч так і не выйшаў з будынку.

Журналістам-фрылансерам Аліне Скрабуновай і Аляксандру Сідарэўскаму, якія таксама чакалі пад Ленінскім РАУС, вынеслі позвы на 6 жніўня на 15:00 у РАУС Кастрычніцкага раёну.

Уручаюць позву Аляксандру Сідарэўскаму

Праваабаронцу Аляксандра Хамратава каля 22:40 з Ленінскага РАУС вывезлі на машыне хуткай дапамогі. Аляксандр толькі паспеў памахаць праз вакно машыны. Куды менавіта яго вывезлі – дзяжурны не ўдакладніў.

Калі пад РАУСам застаўся толькі адзін праваабаронца Барыс Бухель, супрацоўнікі міліцыі вывелі Аляксандра Буракова. Куды яны яго вялі, невядома, але выйшлі ўсе разам за тэрыторыю РАУСа. Як кажа Барыс Бухель, адбылася правакацыя.

Ленінскі РАУС

«Жанчына, якая стаяла на ходніку, кінулася на калені і пачала прасіць, каб ёй дапамаглі. Нічога не было зразумела. Але Аляксандр Буракоў да жанчыны дакладна на дакранаўся. Пасля інцыдэнту Буракова зноўку завялі ў РАУС», – сказаў Барыс Бухель.

Фота: Belsat.eu і mspring.online

КТ belsat.eu

Улады Бабруйску прыраўнялі відэаапытаньні да сацыялягічнага дасьледаваньня і патрабуюць выдаліць іх з сайта мясцовага СМІ

Ідэолягі з бабруйскага гарвыканкаму даслалі ліст з патрабаваньнем выдаліць відэаапытаньні з сайта выданьня «Бобруйский курьер».

У рэдакцыю «Бобруйского курьера» прыйшоў ліст з аддзелу ідэалёгіі і спраў моладзі Бабруйскага гарвыканкаму. Ад выданьня патрабуюць выдаліць з сайта відэасюжэты пра выбары.

Гэта пяць відэаролікаў-апытаньняў, дзе людзі выказваюцца пра сваё стаўленьне да выбараў і прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. Улады гораду палічылі, што гэтыя ролікі — сацыялягічнае дасьледаваньне, а правядзеньне такіх дасьледаваньняў і іх публікацыя падпадае пад адміністрацыйную адказнасьць.

Максымальны штраф за гэтае правапарушэньне — 5400 рублёў.
У выпадку, калі рэдакцыя ня выдаліць ролікі, ідэолягі пагражаюць пачаць адміністрацыйны працэс.

Галоўны рэдактар выданьня Анатоль Санаценка лічыць прэтэнзіі гарадзкіх уладаў беспадстаўнымі. Бо права на атрыманьне, распаўсюд і захоўваньне інфармацыі гарантаванае Канстытуцыяй.

Таксама Канстытуцыяй гарантаваная свабода меркаваньняў і іх выказваньня.

Анатоль Санаценка падрыхтаваў зварот у пракуратуру, у якім просіць прыняць меры пракурорскага рэагаваньня для абароны гарантаваных Канстытуцыяй правоў.

У Беларусі праводзіць сацыяльна-палітычныя дасьледаваньні і дасьледаваньні грамадзкай думкі можна толькі з акрэдытацыяй Акадэміі навук. Але апытаньне грамадзкай думкі праводзіцца паводле навуковай мэтадалёгіі, у адрозьненьне ад журналісцкага відэаапытаньня выпадковых мінакоў. Да таго ж вулічнае апытаньне — адзін з распаўсюджаных жанраў журналісцкіх матэрыялаў.

Крыніца: Радыё Свабода

Магілёўскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў запатрабаваў узбудзіць крымінальную справу супраць міліцыянтаў за незаконны палітычны пераслед

На яго думку, міліцыя парушыла адразу некалькі “экзатычных” артыкулаў КК РБ.

Аляксандр Буракоў быў затрыманы 8 траўня каля будынку суда Кастрычніцкага раёну, куды прыйшоў назіраць за працэсам над калегамі-журналістамі. Арыштоўвалі яго адразу пяць чалавек – імі кіраваў намесьнік начальніка аддзела правапарадку міліцыі грамадскай бяспекі маёр Башарымаў Павел Віктаравіч. Яго, перш за ўсё, журналіст і патрабуе прыцягнуць да адказнасці.

Павел Башарымаў, mogilev.mvd.gov.by

Высветлілася, што ў РАУС Ленінскага раёна Буракова даставілі не праз агульны ўваход у дзяжурную частку, а праз службовыя памяшканні (машына заехала на абгароджаную тэрыторыю РАУС, дзе размяшчаюцца гаражы і іншыя пабудовы) практычна таемна.

Там нехта А.Л. Ячменнёў склаў на яго пратакол адміністрацыйнага затрымання. Буракоў пры гэтым даў вычарпальныя тлумачэнні і растлумачыў, што выконваў журналісцкія і праваабарончыя функцыі.

Мяркуючы па публікацыях, якія нам удалося адшукаць, раней маёр Аляксандр Леанідавіч Ячмянёў працаваў начальнікам лінейнага пункта міліцыі на станцыі Быхаў.

Аляксандр Ячмянёў, bykhov.by

Нягледзячы на ​​тое, што журналіст прад’явіў пасведчанне, якое пацвярджае яго сувязь з прафесіяй, далей у справу ўмяшаўся яшчэ і старшы інспектар ААПП МГБ АУС адміністрацыі Ленінскага раёна маёр Паўлаў Уладзімір Дзмітрыевіч. Ён склаў, на думку Буракова, загадзя ілжывы пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па артыкуле 23.34 (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Як піша ў скарзе журналіст, гэта было зроблена ў парушэнне артыкула 198 КК Рэспублікі Беларусь “Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста”.

Уладзімір Паўлаў

Першапачаткова Буракоў растлумачыў міліцыянтам, што ажыццяўляе журналісцкую дзейнасць і з’яўляецца членам праваабарончага руху.

6 траўня з’явілася інфармацыя аб знікненні блогера Сяргея Ціханоўскага і яго двух кіроўцаў, таму журналіст прыступіў да вышуку людзей. Яго задачай было фіксаваць тое, што адбываецца і перадаваць інфармацыю. Пазней гісторыя пра кіроўцаў Ціханоўскага была падрабязна апісана ім у артыкуле для інтэрнэт-выдання «Часопіс пра правы чалавека» MSPRING.ONLINE. То бок, гэта сапраўды была чыста журналісцкая праца.

Сітуацыя цікавая яшчэ і тым, што паказанні маёра Башарымава цалкам пацвярджаюць апісанае Бураковым. Аднак ён, тым не менш, як лічыць Буракоў, вырашыў даць ход відавочна палітычна матываванай справе з мэтай персанальнага пераследу журналіста і яго сямі, а гэта азначае парушэнне артыкула 190 КК Рэспублікі Беларусь «Парушэнне раўнапраўя грамадзян».

Міліцыянт абвінаваціў журналіста ў тым, што (цытата з пратаколу) “удзел доўжылася крыху больш за дзве хвіліны”.

Але сітуацыя далёкая ад гратэску. У матэрыялах справы маецца пратакол апытання ўжо ў якасці сведкі таго маёра Башарымава, дзе ён патлумачыў, што апазнаў Аляксандра Буракова, бо яго ведае. Таксама ён сцвярджае, што нібыта журналіст з’яўляецца (цытата з пратаколу) «актыўным удзельнікам акцый з удзелам апазіцыйна настроеных грамадзян, якія праходзяць на тэрыторыі раёна».

У адказ Аляксандр Буракоў вырашыў звярнуцца ў пракуратуру – ён ніколі з Паўлам Башарымавым знаёмы не быў, нідзе з ім не перасякаўся і кантактаў не шукаў. Да таго ж, сцвярджае журналіст, у акцыях з удзелам апазіцыйна настроеных грамадзян ён не ўдзельнічаў.

Журналіст просіць пракуратуру праверыць, ці не парушыў маёр Башарымаў артыкул 179 Крымінальнага кодэкса, якая называецца «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». бо атрымліваецца, Башарымаў таемна вядзе сачэнне за ім і, як аказалася, за членамі яго сям’і.

Журналіст падазрае, што такім чынам фабрыкуюцца матэрыялы палітычна матываваных спраў, каб міліцыянту прасоўвацца па кар’ернай лесвіцы.

На самай справе, як лічыць журналіст, прычынай пераследу сталі яго крытычныя артыкулы і дзейнасць у якасці вядучага палітычных праграм. Таму ён лічыць, што міліцыянтамі парушаная яшчэ і артыкул 197 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Пераслед грамадзян за крытыку».

У каментары для MSPRING.ONLINE Аляксандр Буракоў распавёў, што хоча рэанімаваць шэраг артыкулаў у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, якія да гэтага часу ніяк не выкарыстоўваліся:

«Напрыклад, па артыкуле 198 КК Рэспублікі Беларусь «Перашкаджэнне законнай прафесійнай дзейнасці журналіста» быў толькі адзін прэцэдэнт за ўсю гісторыю незалежнасці Беларусі.

Артыкул 197 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Пераслед грамадзян за крытыку», па-мойму, наогул ніколі не ўжывалася. Кейсы па артыкуле 179 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Незаконныя збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці» таксама не на слыху.

Артыкул 190 КК Рэспублікі Беларусь «Парушэнне раўнапраўя грамадзян» гэта наогул дзівоцтва. Паглядзім, што адкажа пракуратура. Мне здаецца, яе работнікі ўпершыню прачытаюць, што напісана ў КК».

Акрамя таго, як адзначае журналіст і праваабаронца, на яго думку, відавочна былі парушаныя артыкул 28 Канстытуцыі, якая гарантуе неўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё; артыкул 33, якая абвяшчае, што кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне; і артыкул 34 аб праве на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным i мiжнародным жыццi.

Саша Мінько

Крыніца: mspring.online