Пасля адбыцця пакарання 25 мая з Магілёўскага ІЧУ выйшаў на волю журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў (малодшы).
Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Ірына Ланчава 15 мая прызнала Аляксандра Буракова (малодшага) вінаватым па арт. 23.34 КаАП. Журналіст нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 мая пад магілёўскім ІЧУ, і за гэта яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасля свайго вызвалення А. Буракоў зазначыў, што ён па-ранейшаму плануе займацца сваёй журналісцкай і праваабарончай дзейнасцю. Журналіст пажартаваў, што раз яго за гэта затрымліваюць і арыштоўваюць, значыць, сваю справу ён робіць добра.
Таксама А. Буракоў адзначыў добрае стаўленне з боку супрацоўнікаў ІЧУ, увесь час свайго знаходжання ў ізалятары ён знаходзіўся ў адзіночнай камеры, шмат чытаў. Аляксандр падзякаваў праваабаронцаў і журналістаў за салідарнасць, сказаў, што да яго даходзілі паштоўкі і газеты, перадачы ад родных, і яму нават было крыху ніякавата ад такой вялікай увагі.
Сустракалі А.Буракова каля ІЧУ ў Магілёве каля паўтара дзесятка праваабаронцаў, журналістаў і сваякоў. Праваабаронца Барыс Бухель адразу ж прапанаваў Аляксандру далучыцца да актыўнай працы, аднак журналіст папрасіў усе ж даць яму адпачыць і прывесці сябе ў парадак хаця б адзін-два дні.
Аляксандр Буракоў (малодшы) з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага рэсурсу mspring.online. У якасці журналіста гэтага інтэрнэт-сайта ён актыўна ўдзельнічаў ў асвятленні падзей, якія мелі месца ў Магілёве 5-6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.
Напачатку мая ў Магілёве за асвятленне сустрэч грамадзян з блогерам Сяргеем Ціханоўскім былі затрыманы і асуджаны да адміністрацыйнага арышту чацвёра журналістаў. Гэта Міхаіл Аршынскі, Алесь Асіпцоў, Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Аляксандр Буракоў (малодшы). Апошні дагэтуль знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У студыі 6tv.by трое вызваленых журналістаў распавядаюць аб падрабязнасцях парушэння іх правоў і дзеляцца поглядамі на палітычную сітуацыю ў Беларусі.
19 мая з Магілёўскага ІЧУ пасля адбыцця арышту выйшлі журналісты Аляксандр Буракоў (старэйшы) і Алесь Асіпцоў.
Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, каштавала свабоды для чатырох магілёўскіх журналістаў. Былі пакараныя дзясяццю суткамі арышту за, нібыта, удзел у “несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах”, і журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Буракоў. Іх тлумачэнні, што яны ніякім чынам не ўдзельнічалі ў гэтых акцыях, а проста выконвалі сваю працу ў якасці журналістаў, на суддзяў не падзейнічалі.
Згодна рашэння раённых судоў Магілёва, журналісты адбывалі пакаранне ў 10 сутак адміністрацыйнага арышту ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкама. Алесь Асіпцоў увесь гэты час трымаў галадоўку.
Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, і Асіпцоў, і Буракоў, выйшлі з-за кратаў не зломленымі, абодва збіраюцца працягнуць сваю прафесійную журналісцкую працу.
Каля ізалятара журналістаў чакалі сябры і калегі, сустрэча атрымалася цёплай і сардэчнай. Былыя арыштанты падзякавалі прысутных за салідарнасць і падтрымку.
За кратамі ІЧУ застаўся яшчэ адзін магілёўскі журналіст і праваабаронца – Аляксандр Буракоў (малодшы).
Суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Ірына Ланчава прызнала Аляксандра Буракова (малодшага) вінаватым па арт. 23.34 КаАП. Журналіст нібыта ўдзельнічаў у акцыі 6 мая пад магілёўскім ІЧУ, і за гэта яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, суд пачаўся ў 17-30 у судзе Ленінскага раёна Магілёва, ён быў, па сутнасці, таемным. У памяшканне, дзе адбываўся суд, не дапусцілі ні Барыса Бухеля, ні бацькоў Аляксандра Буракова. Бацькі паспелі перадаць А.Буракову перадачу, адбываць пакаранне журналіст будзе ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі А.Буракова сёння каля 11-00 раніцы на здымнай кватэры. Аляксандр Буракоў ведаў, што яго шукаюць супрацоўнікі міліцыі, таму некалькі дзён не выходзіў з дому. Але ў пятніцу раніцай міліцыянты з’явіліся ў кватэры разам з гаспадыняй жылля і затрымалі журналіста.
Аляксандр Буракоў (малодшы) з’яўляецца журналістам магілёўскага праваабарончага рэсурсу mspring.online. У якасці журналіста гэтага інтэрнэт-сайта ён актыўна ўдзельнічаў ў асвятленні падзей, якія мелі месца ў Магілеве 5-6 мая, і былі звязаны з прыездам у горад вядомага блогера Сяргея Ціханоўскага.
Аляксандр Буракоў (малодшы) – ужо чацверты магілёўскі журналіст, які быў пакараны арыштам за асвятленне акцый ў падтрымку Ціханоўскага. Раней па 10 сутак арышту атрымалі журналісты Алесь Асіпцоў і Аляксандр Буракоў (старэйшы), відэааператар і блогер Міхаіл Аршынскі быў пакараны 21 суткамі арышту.
Агулам пасля затрымання блогера Ціханоўскага 6 траўня за тры дні па ўсё краіне затрымалі ці выклікалі ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек, інфармуе ПЦ “Вясна”.
У магілёўскіх судах 12 мая працягнуўся разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненні да журналістаў і грамадскіх актывістаў. Усе яны былі абвінавачаны ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах і пакараны суткамі арышту.
Сустрэча з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які прыехаў 5 мая ў Магілёў, каб паразмаўляць са сваімі падпісчыкамі і прыхільнікамі, для многіх ужо каштавала свабоды.
У 9-30 у судзе Кастрычніцкага раёна горада Магілёва пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы пазаштатнага карэспандэнта БелаПАНа Алеся Асіпцова. Алесь знік 9 мая ў Бабруйску пасля акцыі аўтамабілістаў “Антыпарад”. Пазней высветлілася, што яго затрымалі і даставілі ў ІЧУ ў Магілёве.
Адміністрацыйная справа супраць Алеся Асіпцова была ўзбуджана за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – сустрэчы каманды блогераў “Краіны для жыцця” са сваімі падпісчыкамі ў Магілёве 5 мая. Асіпцоў сапраўды прысутнічаў на мерапрыемстве, але ён там быў у якасці журналіста, які назіраў за падзеямі і рабіў фота для падрыхтоўкі матэрыяла аб падзеі.
Пасля свайго затрымання і дастаўкі ў ІЧУ ў Магілёве Алесь Асіпцоў увесь час трымаў галадоўку. Пра гэта ён сам распавёў калегам-журналістам, пасля таго, як яго даставілі ў суд Кастрычніцкага раёна.
Неабходна адзначыць, што суддзя Наталля Ясенка не пусціла ў свой кабінет на разгляд справы Асіпцова людей, якія прыйшлі падтрымаць Алеся ў судзе., спаслаўшыся на эпідэміялагічную сітуацыю. У кабінет суддзі не пусцілі нават дачку Асіпцова Яніну.
У судзе А.Асіпцоў заявіў, што ён працаваў падчас сустрэчы блогераў з магілёўцамі, як журналіст. Ён мае адпаведнае журналісцкае пасведчанне, меў заданне рэдакцыі і быў абазначаны адпаведным бэйджам. Сваю віну ў парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах журналіст не прызнаў.
Пасля перапынка для вынясення прысуду сакратар судовага пасяджэння запрасіла журналістаў і прыйшоўшых падтрымаць Асіпцова актывістаў у залу для агалошання рашэння суда. Аргументы Асіпцова на суддзю Наталлю Ясенка ніякім чынам не падзейнічалі, яна зачытала пастанову аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту згодна ч.1 арт.23.34 КаАП РБ за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Пасля вынясення судовага рашэння А.Асіпцоў заявіў, што ён працягне галадоўку да сканчэння тэрміна адбыцця пакарання. Журналіст адразу напісаў скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва ў Магілёўскі абласны суд.
У 10 гадзін раніцы ў судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы журналіста-фрылансера Аляксандра Буракова (старэйшага). Суддзя Вікторыя Палякова адразу зачытала рашэнне аб пакаранні журналіста 10 суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Аргументы Буракова, што ён не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а выконваў свае журналістскія і праваабарончыя функцыі, на суддзю Палякову ніякім чынам не падзейнічалі.
А.Буракоў адразу ж напісаў скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна ў абласны суд. Супрацоўнікі міліцыі пасля гэтага адразу ж забралі журналіста для адбыцця пакарання ў магілёўскі ІЧУ.
У 16-00 у судзе Ленінскага раёна Магілёва працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы магілёўскага відэааператара і блогера Міхаіла Аршынскага.
Разгляд справы Міхаіла Аршынскага ў судзе пачаўся яшчэ 8 мая. Аднак суддзя Аксана Ратнікава, у адказ на хадайніцтва Аршынскага пра неабходнасць пошуку адваката для сваёй абароны ў судзе, абвесціла перапынак судовага пасяджэння да 16.00 12 мая. За гэты час Аршынскі мусіць заключыць дамову з адвакатам.
Літаральна праз некалькі хвілін пасля рашэння суддзі Ратнікавай Аршынскі зноў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі наўпрост ў будынку суда. Міліцыянеры вывелі журналіста праз службовы ўваход, пасадзілі ў машыну і даставілі ў Магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання.
11 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Міхайлава пакарала Міхаіла Аршынскага 10 суткамі арышту “за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” за тое, што 5 мая журналіст рабіў стрымы з акцый у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве.
12 мая Аршынскага даставілі ў Ленінскі суд прама з ІЧУ, дзе ён адбывае пакаранне. Падчас пасяджэння журналіст, правёўшы некалькі сутак ў турэмнай ізаляцыі, выглядаў вельмі стомленым і, магчыма таму, на пытанне суддзі, ці патрэбен яму яшчэ адвакат, адказаў адмовай.
Падчас судовага пасяджэння журналіст сцвярджаў, што не ўдзельнічаў ні ў якім масавым мерапрыемстве, а проста выконваў рэдакцыйнае заданне, асвятляючы для “Магілёўскага рэгіёна” акцыю ў падтрымку блогера С.Ціханоўскага.
Усе гэтыя аргументы не аказалі ніякага ўплыву на суддзю Ратнікаву. Ужо ўвечары яна вынесла рашэнне аб пакаранні Міхаіла Аршынскага 11 суткамі арышту.
Разам з учарашнімі дзясяццю журналіст правядзе ў ІЧУ у Магілёве 21 суткі.
12 мая ў Кастрычніцкім судзе Магілёва таксама была разгледжана адміністрацыйная справа грамадскага актывіста Андрэя Бодзілева. Яго абвінавацілі ў тым, што 5 мая на Віцебскім праспекце, калі натоўп абараняў ад міліцыі аднаго з членаў каманды блогераў “Краіна для жыцця”, ён рабіў відэаздымку.
Андрэй Бодзілеў папрасіў не ўжываць да яго адміністрацыйны арышт, паколькі ў яго на ўтрыманні знаходзіцца састарэлая мама, у яе інваліднасць II групы.
Нягледзечы на гэта, суддзя Дзяніс Кічыгін прыняў рашэгнне пакараць актывіста 7 суткамі арышту.
Супрацоўнікі міліцыі накіравалі А. Бодзілева ў ІЧУ для адбывання пакарання ў адной машыне з Алесем Асіпцовым.