Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Вольга Зарычнюк (Ольга Заричнюк) 4 сакавіка вынесла рашэнне аб паканні штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў) магілёўскай журналісткі Аліны Скрабуновай.
Журналістку пакаралі паводле ч.2 арт. 22.9 КаАП (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”) за матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парка ў Магілёве, які з’явіўся на тэлеканале “Белсат”. Сюжэт распавядаў пра працу прадпрыемства і насіў цалкам станоўчы характар.
Аліну Скрабунову і аператара Аляксандра Сідарэўскага затрымалі 8 лютага ў двары дому. Кіраваў затрыманнем падпалкоўнік міліцыі Сяргей Афанасьеў, таксама супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Магілёва Андрэй Цярэнцій. Пасля таго, як іх даставілі ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, на іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») за адсняты матэрыял пра 50-годдзе тралейбуснага парку ў Магілёве. Адміністрацыйныя справы журналістаў супрацоўнікі перадалі для разгляду ў суд Кастрычніцкага раёна Магілёва.
Справу Аляксандра Сідарэўскага разглядала іншая суддзя суда Кастрычніцкага раёна, Наталля Крашкіна. Яшчэ 24 лютага ён быў пакараны штрафам у 20 базавых велічыняў (540 рублёў).
Суддзя Вольга Зарычнюк (Ольга Заричнюк), якая разглядала справу Скрабуновай, 24 лютага вырашыла перапыніць судовае пасяджэнне да 4 сакавіка, бо ў той дзень адзін з відавочцаў здымкі рэпартажу з’явіўся на пасяджэнне ў нецвярозым стане.
На судовым пасяджэнні 4 сакавіка суддзя Зарычнюк не прыняла да ўвагі аргументаў А.Скрабуновай, калі тая паспрабавала давесці сваю невінаватасць. Журналістка тлумачыла суду, што сам працэс ўзяцця інтэрв’ю на камеру – гэта не выраб прадукцыі СМІ. Ні яна, ні Сідарэўскі не з’яўляюцца уладальнікамі, ўласнікамі або акцыянерамі БелСАТ, у іх няма працоўнай дамовы з тэлеканам “Белсат”. Журналісты не выраблялі прадукцыю СМІ, гэта рабіла рэдакцыя тэлеканала.
Аргументы Скрабуновай ніякім чынам не падзейнічалі на суддзю. Без усялякага перапынку для прыняцця рашэння яна вынесла свой вердыкт – пакараць журналістку штрафам у памеры 50 базавых велічынь (1350 рублёў).
У хуткім часе магілёўскіх журналістаў можа чакаць новы суд – пасля папярэдняга судовага пасяджэння, якое прайшло 24 лютага, супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва ўручылі А.Скрабуновай позву з патрабаваннем з’явіцца ў РАУС 10 сакавіка для складання чарговага пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Сёння аналагічную позву ў судзе Кастрычніцкага раёна ўручылі Аляксандру Сідарэўскаму.
Іван Барысаў. Фота аўтара