У Мінску адбыліся суды над чытаюшчымі беларускую класіку пенсіянерамі, якіх затрымалі ў электрычцы. Ніколі ў думках не мог сабе ўявіць, што такое магчыма ў сучасным беларускім грамадстве.
Напрыканцы 90-х гадоў мяне запрасіла да сябе пажылая суседка. Альдона Баніфацыяўна Аляхновіч усё жыццё працавала настаўніцай і па суседскі прыхільна адносілася да нашай сям’і. Магчыма, прадчуваючы свой адыход у вечнасць, яна аднойчы запрасіла мяне на размову. Жанчына падзялілася сваімі ўспамінамі пра вельмі складанае жыццё і шматлікія пакуты, якія выпалі на яе асабісты лёс. Таксама маёй ўвазе былі прапанованы шматлікія фотаздымкі і дакументы, якія яна захоўвала ў асабістым архіве. Размова была працяглай і вельмі, ў той момант, узрушыла мяне асабіста. На заканчэнне размовы, Альдона Баніфацыяўна звярнулася да мяне з просьбай, каб на яе пахаванні абавязкова прысутнічаў каталіцкі святар. У той час у Шклове свайго каталіцкага святара яшчэ небыло і, калі прыйшоў час праводзіць яе ў апошні шлях, просьбу нябожчыцы выканаў каталіцкі святар з суседняй Оршы.
З успамінаў Альдоны Баніфацыяўны Аляхновіч: “Мой родны дзядзя Ярашэвіч Станіслаў Антонавіч скончыў духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбурзе. Працаваў у Шклоўскім касцёле, потым у іншых парафіях. Карыстаўся вялікай павагай у вернікаў. Калі пачаліся рэпрэсіі, мы вельмі хваляваліся за яго. Станіслаў Антонавіч разумеў, што яго павінны арыштаваць, і папярэдзіў нас, сваіх родных, каб не падыходзілі прылюдна да яго. Сам ён па-ранейшаму выконваў свой святарскі абавязак, як мог падтрымліваў вернікаў і толькі сваім поглядам у час набажэнства падтрымліваў сувязь з намі”. Паводле сведчання жыхароў Мінска, Станіслаў Ярашэвіч быў апошні каталіцкі святар, які працаваў у Мінску перад другой сусветнай вайной. Арыштаваны ў 1937 годзе разам з іншымі святарамі. Праўдападобна расстраляны ў Мінску ў гэтым жа годзе.
Далей Альдона Баніфацыяўна ўспамінала: “У тыя жудасныя часы на маіх вачах быў арыштаваны мой дзядзя Аляхновіч Калікст Францавіч, які працаваў урачом у горадзе Орша. Таксама падчас рэпрэсій загінуў мой бацька Аляхновіч Баніфацый Францавіч, які працаваў старшынёй калгаса, і другі мой дзядзя Ярашэвіч Уладзіслаў Антонавіч, які працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы ў горадзе Барысаве”. Потым суразмоўца падрабязна распавядала асабістыя пакуты, бо з’яўлялася дачкой “ворага народа”.
Гісторык Ігар Кузняцоў, які даследваў гэты вельмі складаны час, у прадмове сваёй кнігі “Засекреченные трагедии советской истории. Мн. 2006 год” піша: “ …многие десятилетия команду «расстрелять» произносили не задумываясь, безо всякой жалости и сострадания, не впадая в отчаяние от того, что на планете людей прерывалась еще одна уникальная жизнь”.
І зараз, успамінаючы жудасныя расказы, якія я пачуў ад пажылой суседкі, міжволі з’явілася думка: “Няўжо на Беларусі зноў надышоў час “вялікага тэрору?”. Няўжо потым зноў адпаведныя органы будуць прысылаць лісты: “з асуджанага ў мінулым і адбыўшага пакаранне, судзімасць зняць”?
Толькі Аляхновіч Альдона Баніфацыяўна і Аляхновіч Баніфацый Францавіч пахаваны на Шклоўскіх гарадскіх могілках. Дзе пахаваны іншыя асуджаныя – невядома. З дазвола Альдоны Баніфацыяўны, я ў свой час зрабіў копіі дакументаў, якія яна мне паказвала. Прапаную чытачам “Магілёўскага рэгіёну” з некаторымі пазнаёміцца і ўдумліва іх прачытаць.
Алесь Грудзіна