Не адбудзецца ў гэтым годзе традыцыйны і ўжо знакаміты магілёўскі Дранік-фэст. Гарадскія ўлады ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй вырашылі не ўключаць яго ў спіс дазволеных гарадскіх мерапрыемстваў. А вось заяўку БРСМ на абласны этап чэмпіянату па хуткаснай зборцы спілс-карт Беларусі яны ўхвалілі.
Знакаміты Дранік-фэст не праходзіць у Магілёве другі год запар з-за небяспекі правядзення масавых мерапрыемстваў і слабай вакцынацыі насельніцтва. Сумная для аматараў актыўнасцяў навіна мае аб’ектыўныя падставы. Сябры Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, якія традыцыйна ладзілі гэтую папулярную імпрэзу, пагадзіліся, што рызыкаваць здароўем магілёўцаў будзе неабачлівым учынкам, нават калі арганізоўваць яе на прыватнай тэрыторыі этнахутара “Зялёны Гай”. Прычына простая – звычайна фэст збіраў некалькі тысяч чалавек.
Такой абачлівасці відавочна не хапае многім іншым арганізацыям. Кіраўніцтва БРСМ гучна паведаміла пра правядзенне 7 кастрычніка абласнога этапу чэмпіянату па хуткаснай зборцы спілс-карт Беларусі. Сама ідэя неблагая, але каля 40 каманд збіраецца разам у Магілёве на цэнтральнай плошчы каля Атрыўму, што прыцягне ўвагу звычайных мінакоў, то гэта відавочная рызыка распаўсюду інфекцыі. Чаму чэмпіянат нельга правесці лакальна і недзе ў малалюдным месцы?
На шчасце асцярога нашага карэспандэнта не спраўдзілася. Фотаздымкі з плошчы Еднасці паказваюць, што магілёўцы не выявілі цікавасці да акцыі БРСМ.