Трафімава крыніца знаходзіцца непадалёк ад аграгарадка Александрыя ў Шклоўскім раёне. Вакол крыніцы складзена шмат легенд, згодна адной – дзед Аляксандра Лукашэнкі Трафім калісьці праклаў сюды сцяжынку і пабудаваў калодзеж. Сёння на крыніцу едуць тысячы людзей, у тым ліку і з суседніх краін. 16 кастрычніка гэты цудоўны куток з экскуріяй наведала група інжынерна-педагагічных работнікаў УА “Шклоўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №12”
Крыніца перабудавана. Вакол разбіты вялізны парк. Можна папіць вадзічкі, можна скочыць у купель, але ўсё ж такі месца больш успрымаецца як парк для адпачынку. Уся тэрыторыя крыніцы – і прыродная частка, і самі будынкі – аздобленая штучным асвятленнем. Уваходная група аздоблена макетам вёскі і планам самой крыніцы. Уніз вядзе шырокая драўляная лесвіца. Амаль на самым уваходзе наведнікаў сустракае драўляная скульптура дзеда, які выказвае падзяку, што прыйшлі.
Па лесвіцы наведнікі крыніцы могуць спусціцца ў парк. Уся тэрыторыя моцна забалочаная, таму перасоўвацца лепей па драўляных сцежках. Тут ля кожнага віду расліннасці стаіць таблічка з назвай: кедр сібірскі, дуб чырвоны, вярба залацістая, каліна звычайная, вінаград дзявочы, бяроза бародаўчатая, а таксама розныя віды кустоў і кветак.
Больш за ўсё ўражвае купальня – гэта вялікі дом, аздоблены абразамі і рушнікамі. Вада празрыстая-празрыстая, а на дне купелі ляжаць марскія камяні. Пад столлю вісяць сімвалы адразу чатырох канфесій: праваслаўны, каталіцкі, іўдзейскі і мусульманскі.
Устаноўлены на крыніцы інфармацыйны стэнд паведамляе: «Першае згадванне крыніцы адносіцца да 1917 г. Пры яе аднаўленні быў знойдзены крыж і элементы драўляных канструкцыяў зруба, а таксама абрадавыя прадметы, што сведчаць пра тое, што крыніца была асвячоная».
Таксама напісана своеасабівая інструкцыя па ўжыванню вады: «Праз прыродную фільтрацыю вада робіцца крыштальна чыстай і жыватворнай. Ужываць ваду рэкамендуецца з лагоднасцю, пакорай і малітвай. Трафімава крыніца дапамагае тым, хто звяртаецца да яе з добрымі думкамі. Крыніца адноўлена і добраўпарадкавана па даручэнні прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі».
Алесь Грудзіна