32-гадовы бабруйчайнін Аляксей Мілюкоў згадвае гады, праведзеныя ў няволі, ды разважае над падзеямі ў Беларусі, за якімі сочыць ужо са Швайцарыі.
У Швайцарыю, дзе ён цяпер пад аховаю дзяржавы, Мілюкоў зьехаў у 2018 годзе. Вымушаную эміграцыю тлумачыць жаданьнем бачыць, як растуць ягоныя дзеці.
Летась Мілюкоў быў адным з арганізатараў акцыяў салідарнасьці, а ў дзень выбараў ля беларускай амбасады праводзіў экзыт-пол.
Сьцісла пра Аляксея Мілюкова
- Сын бабруйскага блогера Алега Жалнова, вядомага відэасюжэтамі зь фіксаваньнем правапарушэньняў супрацоўнікамі міліцыі. Відэа ён выкладаў у сацыяльныя сеткі і далучаў да зваротаў у пракуратуру і міліцыю;
- У 2010 годзе быў асуджаны на 4 гады за «вымаганьне ў асабліва буйным памеры». Крымінальную справу лічыць сфабрыкаванай супрацоўнікам спэцслужбы. Сьледзтва вялося 2 гады.
- Па вызваленьні ня змог працаваць настаўнікам. На жыцьцё зарабляў, вырабляючы пад заказ карпусную мэблю. Прафэсію столяра-станочніка атрымаў у калёніі.
- У 2014 годзе паводле абвінавачаньня ў «гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў» яго адправілі на тры гады ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Там меру пакараньня зьмянілі на калёнію. Віны не прызнаў.
- За месяц да зьняволеньня ажаніўся. Узяў прозьвішча жонкі, каб падтрымаць яе ў чаканьні яго на волі. Цяпер мае двух дзяцей. Жывуць у Швайцарыі.
Пра інцыдэнт ля ДАІ і адказнага грамадзяніна
У верасьні 2013 году Алег і Аляксей Жалновы ля будынка мясцовага ДАІ выпадкова ўбачылі, як міліцыянты парушаюць правілы дарожнага руху. Жалноў-старэйшы зафіксаваў на відэакамэру няправільную паркоўку службовай машыны і зьвярнуўся з заявай да супрацоўнікаў аўтаінспэкцыі, але абодвух гвалтам зацягнулі ў будынак ды затрымалі.
Пазьней гэты інцыдэнт стаў падставай для крымінальнага перасьледу Жалнова-малодшага. 18 ліпеня 2014 году Бабруйскі суд прызнаў яго вінаватым у «гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў», а таксама ў нанясеньні маральнай і фізычнай шкоды супрацоўніку ДАІ” ды пакараў трыма гадамі «хіміі». У верасьні 2016-га Наваполацкі суд за нібыта ўхіленьне ад адбываньня пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу адправіў Аляксея ў калёнію.
Згадваючы сваю справу, Аляксей кажа: ён трымаецца пазыцыі, што грамадзяне маюць поўнае права кантраляваць працу службовых асобаў, якіх нанялі на пасаду і якія маюць заробкі з падаткаў грамадзян.
«Патрабаваць ад службоўцаў выкананьня закону — гэта нармальна. Такое права нам дае Канстытуцыя», — настойвае, гаворачы пра інцыдэнт ля ДАІ, Аляксей.
«Калі гэтага не рабіць, — працягвае ён, — то яны будуць паразытаваць на сродкі падаткаплатніка. Урэшце, у Беларусі тое і адбываецца, бо грамадзяне не валодаюць элемэнтарнымі прававымі ведамі. А службоўцы лічаць, што яны пад кантролем толькі начальства».
Пра Лукашэнку і беларускае грамадзтва
Аляксей Мілюкоў лічыць, што Лукашэнка пачаў узурпаваць уладу ў 1995 годзе, калі былі пабітыя дэпутаты Вярхоўнага Савету, нязгодныя з правядзеньнем моўнага рэфэрэндуму. Паводле суразмоўцы, з таго часу Лукашэнка выдаваў законы, якія пакрысе абмяжоўвалі правы людзей, а паколькі людзі маўчалі, то свабоду ім замянілі ўяўнай стабільнасьцю і бясьпекай. Урэшце забралі і гэта.
На ягоны погляд, ва ўзурпацыі Лукашэнкам улады вінаватае ўсё грамадзтва. Ён настойвае: беларусы няграматныя ў элемэнтарных пытаньнях права, таму ня ведаюць, як кантраляваць сваіх «слуг». Таму, паводле яго, адзін службовец вырашае лёс усіх грамадзян краіны і ігнаруе канстытуцыйную норму, якая вызнае адзінай крыніцай улады народ.
У 2006-м Аляксей Мілюкоў стаў чытаць паліталягічную літаратуру і прыйшоў да высновы, што там, дзе існуе грамадзянская супольнасьць, пануе дабрабыт, узаемапаразуменьне і дапамога. Стварэньне вакол сябе асяродзьдзя, якое трымаецца прынцыпаў салідарнасьці і адказнасьці, ён вызначыў за асноўную сваю мэту. На ягоную думку, чым больш грамадзка актыўных людзей, тым лепей пачуваецца грамадзтва ў цэлым.
Аляксей кажа, што зьмены ў краіне ён намагаўся набліжаць нават на «хіміі». У 2015 годзе запісаўся ў ініцыятыўную групу аднаго з апазыцыйных вылучэнцаў на прэзыдэнцтва. Кіраўніцтва спэцкамэндатуры не магло забараніць асуджанаму стаяць у пікетах, але накладала спагнаньні за парушэньне ўнутранага распарадку, а потым адправіла адбываць пакараньне з-пад Гомля ў Наваполацак. Адтуль Аляксей і трапіў у Горацкую калёнію, празь якую да яго прайшлі багата палітвязьняў.
Аляксей кажа, што іншым зьняволеным забаранялі зь ім кантактаваць. А тых, хто парушаў гэты загад, адпраўлялі ў карцар і пазбаўлялі пасылак.
«Да мяне прыяжджаў пракурор вобласьці, — згадвае ён. — Прызнаваўся, што нічога зрабіць ня можа, і прасіў даседзець спакойна, маўляў, сваімі паводзінамі нажывеш толькі праблемаў».
Мілюкоў кажа, што ад адміністрацыі патрабаваў адзінага: людзкага стаўленьня да сябе. У няволі ён вывучыў добра Канстытуцыю, кодэксы, таму ведаў, што яму дазволена, і таго дамагаўся.
«Адмовіўся мыць прыбіральні»
Усе паўтара года ў Горацкай калёніі Мілюкоў правёў у адзіночнай камэры. З карантыну яго адразу адправілі ў штрафны ізалятар, бо ён адмовіўся мыць прыбіральні (за гэта асуджанаму, паводле зэкаўскіх правілаў, надаецца нізкі сацыяльны статус, і да яго ставяцца зьняважліва. — РС). Асноўным месцам няволі, кажа Мілюкоў, было памяшканьне камэрнага тыпу (камэра для злосных парушальнікаў рэжыму).
«Успрыманьне турмы і тое, што асуджаны дазваляе рабіць з сабою там, залежыць ад яго індывідуальных якасьцяў, — разважае Аляксей. — Адміністрацыя ў адносінах да мяне не ўжывала гвалту, але падсылала „блатных“, каб тыя мяне ўціхамірылі. Нават седзячы ў адзіночцы, я ствараў нязручнасьці скаргамі ды заявамі».
Па ягоных словах, з запалохваньнем «блатных» (прадстаўнікі вышэйшай паводле статусу групы ў нефармальнай герархіі зьняволеных. — РС) першы раз ён пазнаёміўся ў магілёўскай калёніі ў 2010 годзе. Тады мусіў адмахвацца ад іх грыфам ад штангі. У Горках жа да яго прыйшлі двое ў прагулачны дворык, хоць гэта было забаронена правіламі. За візытам з вышак, кажа Аляксей, назіралі супрацоўнікі адміністрацыі.
Пра галадоўкі ў калёніі і звароты аб памілаваньні
На волю 21 кастрычніка 2017 году Аляксей Мілюкоў выйшаў, схуднеўшы на 30 кіляграмаў. Кажа, што гэта быў вынік трох галадовак, якія трымаў ад 3 да 27 дзён. Галадоўкі абвяшчаў, калі скаргі не давалі плёну.
«Я ня ставіў галадоўкамі заведама невыканальных патрабаваньняў ці нерэальных мэтаў, — тлумачыць былы зьняволены. — Я разумеў, што ад адміністрацыі калёніі не залежыць маё вызваленьне. У яе няма такіх паўнамоцтваў, але яна нясе адказнасьць за мяне, каб са мною чаго ня здарылася, таму вымушаная ісьці на саступкі».
На ягоную думку, галадаваць у калёніі супраць незаконнага зьняволеньня бессэнсоўна, бо гэты пратэст скіраваны да судзьдзі, пракурора ці сьледчага, якім «напляваць на галадоўку, і яны могуць нават ня ведаць пра яе».
На думку Мілюкова, асуджаныя, згаджаючыся пісаць зварот аб памілаваньні, прызнаюцца ў тым, што іхныя ўчынкі былі супрацьзаконныя і яны вінаватыя. Сам ён адмовіўся прызнаваць віну і зьвяртацца па памілаваньне. Для сябе такі спосаб вызваленьня лічыў непрымальным.
«Прызнавацца ў тым, чаго не рабіў, не зьбіраўся, — тлумачыць ён. — Я разумеў, што ўсё роўна выйду на волю, бо мяне ж асудзілі не на сьмяротнае пакараньне».
На ягоны погляд, кожны зьняволены сам вырашае, як дзейнічаць. Але калі зьвярнуцца па памілаваньне, лічыць ён, то абясцэньваюцца ахвяры, прынесеныя дзеля дасягненьня ідэалаў, а тыя, для каго ён быў героем, могуць у ім зьняверыцца.
Пра пратэсты, экзыт-пол і акцыі салідарнасьці
Аляксей Мілюкоў цьвердзіць: для яго вынік падзеяў 2020 году быў чаканы. На ягоную думку, «новыя апазыцыйныя сілы вырашылі чамусьці пайсьці ходжаным з 1996 году да іх шляхам» — «паверылі, што ў Беларусі ёсьць выбары». Паводле яго, «бальшыня людзей ішлі на плошчы, не разумеючы навошта, таму пратэст быў не рэвалюцыяй, а флэшмобам».
Суразмоўцу не зьдзівіў і гвалт сілавікоў. Ён лічыць, што іхная жорсткасьць адрозьніваліся ад ранейшых гадоў толькі маштабам.
«Калі людзі па тры гадзіны гулялі па вуліцах, а потым выходзілі на працу, плацілі падаткі, за якія іх білі, — хіба гэта пратэст? — разважае ён. — Усё гэта прывяло да гаротнага выніку. Сытуацыя зьмянілася пакуль толькі ў горшы бок. Загінулі людзі. Шмат каго пасадзілі, а большасьць працягвае „карміць“ уладу».
Мілюкоў лічыць: беларусам пакуль не абрыдла сытуацыя, у якой імі кіруюць, а адказнасьць за іхныя жыцьці бярэ на сябе нехта іншы. Паводле яго, яны апанаваныя страхам, а насамрэч трэба баяцца застацца несвабоднымі.
Ён расказвае, што летась 9 жніўня ў сталіцы Швайцарыі ля беларускай амбасады праводзіў уласны экзыт-пол. На ўчастку для галасаваньня перамагла Сьвятлана Ціханоўская. Затым з восені пачаліся акцыі салідарнасьці, каб прыцягнуць увагу замежнай грамадзкасьці да падзеяў у Беларусі.
Пра жыцьцё ў Швайцарыі і вяртаньне на радзіму
Аляксей Мілюкоў эміграваў, бо, як кажа, яму стала вядома ад міліцыянтаў, што яго і бацьку падалі ў міжнацыянальны вышук. У Швайцарыі ён папрасіў ахову дзяржавы і яе атрымаў.
У гэтай краіне Аляксей лічыць сябе госьцем. Па ягоных словах, стаўленьне швайцарскага грамадзтва да эмігрантаў падзеленае амаль пароўну: калі быў рэфэрэндум аб уцекачах, толькі 52 працэнты выступілі за тое, каб іх прымаць.
Тым ня менш Аляксею імпануюць парадкі ў гэтай краіне. Ён пасьпеў вывучыць тутэйшае заканадаўства і прынцыпы функцыянаваньня мясцовага самакіраваньня. Хацеў бы, каб іх перанялі і ў Беларусі. Напрыклад, лібэральны падыход да дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў. Каб суполку зарэгістраваць, неабходна тры чалавекі, статут і рахунак для некамэрцыйнай арганізацыі.
У эміграцыі Аляксей жыве з працы на мэблевай вытворчасьці. Тут запатрабаваныя і яго настаўніцкія навыкі. Ён працуе ў школе дадатковай адукацыі, дзе вучыць шахматам, матэматыцы, інфарматыцы.
Кажа, што вернецца ў Беларусь, калі зразумее, што жыць у ёй бясьпечна, суайчыньнікі навучыліся салідарнасьці, а страх зьнік. Аляксей засмучаны, што самарэалізоўвацца мусіць на чужыне, а сваёй краіне ён не патрэбны.
Крыніца: Радыё Свабода