Суддзя Магілёўскага райсуда Аляксандр Халадцоў асудзіў на тры гады абмежавання волі грамадскага актывіста і праваабаронцу Валадара Цурпанава па абвінавачванні ў абразе двух суддзяў (арт.391 КК). Выдалены з залі судовага пасяджэння падсудны не змог выступіць з апошнім словам, а таксама адказаць на пытанне, ці зразумелы яму прысуд.
Суддзя Халадцоў прызнаў, што Цурпанаў пакрыўдзіў словам дзвюх яго калег – суддзю Ленінскага райсуда Магілёва Вікторыю Палякову і суддзю Кастрычніцкага суда Магілёва Вольгу Краўчанка. Амаль усё судовае пасяджэнне праходзіла без абвінавачанага. Ён быў выдалены з залі яшчэ 23 снежня, бо Халадцоў палічыў яго паводзіны зняважлівымі для суда. Прычынай гэтаму стала тое, што Цурпанаў адмаўляўся ўставаць, калі да яго звяртаўся суддзя, далека не адразу пагадзіўся стаць за трыбуну, каб адказваць на ўстаноўчыя пытанні суддзі.
Паводле актывіста, абвінавачванне, якое высунулі супраць яго, не вартае судовага разгляду, а даны суд, адзначыў праваабаронца, ёсць судзілішчам. Праз некалькі хвілін ад пачатку працэса і пары заўваг Цурпанаву суддзя Халадцоў заявіў, што выдаляе яго з залы судовага пасяджэння. Праўда, гэта было зроблена без прыняцця адпаведнай пастановы.
Судовы працэс з абвінавачаным, які знаходзіўся цэлы час на калідоры і быў пазбаўлены права ўдзела ў працэсе, нагадваў тэатр абсурду. Узмацнялі гэтую карціну трое міліцыянераў з Ленінскага РАУС Магілёва, якія стаялі на варце залі судовых пасяджэнняў. Прычым вартавалі яны гэтую залю выключна ад падсуднага, усе астатнія маглі без перашкод патрапіць за адчыненыя дзверы.
Яшчэ да пачатку суда Валадар Цурпанаў адмовіўся ад адваката. Такая адмова вельмі рэдкая з’ява пры разглядзе крымінальнай справы. Актывіст меў намер выкарыстаць суд як трыбуну і абараняць сябе самастойна. Праўда, ў дадзеным выпадку яго пазбавілі і гэтай магчымасці. Таму, калі дзяржабвінаваўца запатрабавала для падсуднага максімальнае па даным артыкулу пакаранне – тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, ніхто не мог прапанаваць суду вынесці іншы вердыкт. Уласна Цурпанаў меркаваў, што яму прысудзяць адзін год “хіміі”.
Пасля абвяшчэння прысуда суддзя Халадцоў задаў неабходнае, але крыху дзіўнае ў даным выпадку пытанне, ці зразумелы вердыкт бакам судовай спрэчкі. Пракурор дала станоўчы адказ. Другі бок нават не чуў пытання, бо знаходзіўся ў той час у калідоры будынку суда.
Пасля таго, як Валадар Цурпанаў даведаўся аб прысудзе, то ў каментары журналістам ён паведаміў, што збіраецца яго абскардзіць. Мера стрымання абвінавачаннаму засталася ранейшай – падпіска аб нявыездзе. Асуджаны адмовіўся атрымліваць копію прысуда, бо яна была не на беларускай мове.
Нагадаем, што словы, якія следства і суд палічылі абразлівымі, Цурпанаў выказаў на адрас суддзяў Паляковай і Краўчанкі, якія, кожная ў свой час увосень, судзілі актывіста за ўдзел у мірных пратэстных акцыях па скайпе, калі ён знаходзіўся ў ІЧУ. Па меркаванні Валадара Цурпанава, яго судзілі, парушаючы яго правы, людзі, якія нават не здольныя весці працэсы на беларускай мове. Гэта ўсё настолькі абражала грамадскага актывіста, што ён назваў суддзяў “хунтаўскімі падсцілкамі”. За гэта і былі ўзбуджаны дзве крымінальныя справы, якія потым аб’ядналі ў адну.
Адметна, што лінгвістычная экспертыза прыйшла да высновы, што даны выраз утрымлівае адмоўную ацэнку чалавека і можа быць абразлівай, зняважаючай гонар і годнасць асобы, калі яго змест не адпавядае рэчаіснасці. “Аднак выясненне апошняга не ўваходзіць у кампетэнцыю эксперта-лінгвіста”, – адзначаецца ў экспертнай выснове.
Уладзімір Лапцэвіч