95 год таму быў надрукаваны першы верш нашага зямляка Аркадзя Куляшова пад назвай “Ты мой брат”. Як вядома, нарадзіўся Аркадзь Куляшоў на Магілёўшчыне ў мястэчку Саматэвічы Касцюковіцкага раёна ў сям’і настаўнікаў 6 лютага 1914 года. Паэтычны талент А.Куляшова абудзіўся рана: з шасці гадоў. Вось і першы верш Аркадзя Куляшова з’явіўся ў друку, калі яму было дванаццаць з паловай год. У 1926 годзе ў газеце “Наш працаўнік” быў надрукаваны верш Куляшова “Ты мой брат” пад псеўданімам Аркадзь Дуда. Гэты твор з’яўляецца літаратурным дэбютам Аркадзя Куляшова, які на той момант быў вучнем Саматэвіцкай сямігодкі. Прычым надрукаваны верш быў у раздзеле газеты “Малады Комуністы”, дзе змяшчаліся карэспандэнцыі, вершы і невялікія празаічныя творы.
“Наш працаўнік” з’яўляўся органам Калінінскага акругкома КП(б)Б і акрвыканкама. На той час тэрыторыя БССР дзялілася на розныя акругі. На Магілёўшчыне іх было тры і ў тым ліку Калініская акруга, у якую ўваходзіла дзесяць раёнаў. Калінінская акруга праіснавала з ліпеня 1924 па чэрвень 1927 гг., цэнтр якой знаходзіўся ў Клімавічах. Перыядычнае выданне “Наш працаўнік” выходзіла якраз для жыхароў Калінінскай акругі.
Алесь Крыжэвіч