Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя Леніна Ілона Сарокіна даслала адказ на зварот сябраў мясцовай суполкі ГА “БАЖ”. Журналісты прасілі патлумачыць, на якой падставе бібліятэка адмовілася ад падарунка — пяцітомніка «Галасы Утопіі» лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святланы Алексіевіч.
Выданне было падрыхтаванае і выдадзенае за грошы, сабраныя на краўдфандынгавай пляцоўцы. Адзін з самых вялікіх фінансавых унёскаў зрабіў “Белгазпрамбанк”. Усе кнігі планавалася бясплатна перадаць у бібліятэкі краіны. Аднак у Магілёўскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ад падарунка адмовіліся, палічыўшы, што кніг Святланы Алексіевіч у іх фондах дастаткова.
У сваім адказе на зварот бажаўцаў Ілона Сарокіна таксама напісала пра тое, што ў Магілёўскай абласной бібліятэцы любы жадаючы можа азнаёміцца з кнігамі Святланы Алексіевіч. Новы пяцітомнік, сцвярджае Сарокіна, у іх фондзе ўжо ёсць. Спадарыня Сарокіна паведаміла, што ўсяго ў фондзе налічваецца 76 асобнікаў кніг Святланы Алексіевіч, у тым ліку 15 выданняў на беларускай мове.
“Паколькі электронны фонд бібліятэкі змяшчае ўсе наяўныя творы аўтара, любы карыстальнік можа знайсці дадзеныя і пра новае выданне — «Галасы Утопіі», выдадзеныя ў 2018 годзе”, — паведаміла спадарыня дырэктар.
На сайце Магілёўскай абласной бібліятэкі сапраўды можна знайсці інфармацыю пра наяўнасць беларускамоўнага пяцітомніка “Галасы Утопіі” Святланы Алексіевіч у фондзе бібліятэкі. Ілона Сарокіна лічыць, што чытачы бібліятэкі заўсёды маюць магчымасць свабоднага доступу да творчасці пісьменніцы.
“Мы ўдзячныя спадарыні Сарокінай за хуткі адказ на наш зварот, — адзначыў старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч. — Добра, што ў фондзе бібліятэкі прысутнічаюць розныя кнігі Святланы Алексіевіч і наведвальнікі бібліятэкі маюць да іх свабодны доступ.
Але разам з тым мы не атрымалі ад дырэктара бібліятэкі канкрэтнага адказу на нашы пытанні: чаму Магілёўская абласная бібліятэка адмовілася ад падарунка — беларускамоўнага пяцітомніка «Галасы Утопіі» Святланы Алексіевіч, і хто прыняў рашэнне адмовіцца ад гэтых кніг.
На наш погляд, кнігі Святланы Алексіевіч з серыі “Галасы Утопіі” на беларускай мове не будуць залішнімі як для фонду абласной бібліятэкі, так і для раённых цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм вобласці. Беларускамоўнае выданне твораў Святланы Алексіевіч павінна дайсці да чытачоў Магілёўскай вобласці, якія самі разбяруцца ў шматколернай літаратурнай палітры”, — выказаў свае меркаванне Барыс Вырвіч.
Крыніца: baj.by