Галоўная » У аграхолдынгу “Купалаўскае” Шклоўскага раёна працуе ўжо пяты дырэктар

У аграхолдынгу “Купалаўскае” Шклоўскага раёна працуе ўжо пяты дырэктар

22 лістапада 2019 года А.Лукашэнка правёў нараду па развіцці аграпрамысловага комплекса Віцебскай вобласці.

У час нарады ім былі адзначаны вострыя праблемы ў развіцці сельскагаспадарчай галіны вобласці: зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, скарачэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы і яго нізкая прадуктыўнасць, зніжэнне колькасці працаўнікоў, занятых у вытворчасці, нездавальняючы фінансавы стан сельгаспрадпрыемстваў. Гэта ўсё, па яго словах, адмоўна сказваецца на прадпрыемствах перапрацоўкі праз зніжэнне загрузкі вытворчых магутнасцяў, і ў выніку – зніжэнне занятасці насельніцтва і экспартнага патэнцыяла рэгіёна.

Аляксандр Лукашэнка ў “Купалаўскім”

Было адзначана, што прыкладна такая ж сітуацыя і ў іншых усходніх абласцях краіны – Магілёўшчыне і Гомельшчыне.

Адным з ключавых пытанняў нарады – абмеркаванне прапановы аб стварэнні на Віцебшчыне  супербуйнога холдынгу, які заняў бы дзве траціны тэрыторыі вобласці. Згодна праекта указа па стварэнні холдынгу, кіраўніцтва вобласці ў чарговы раз разлічвае на аграмадную дзяржаўную фінансавую падтрымку ў сферу АПК.

Але ж на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці пры дзяржаўнай фінансавай падтрымцы былі ўжо створаны і дзейнічаюць пяць холдынгаў. І як паказваюць вынікі іх работы, чацвера з іх ў мінулыя і бягучым гадах спрацавалі з адмоўнымі паказчыкамі.

Як паказваюць вынікі працы, няўдалым стаўся і вопыт па стварэнні падобных холдынгаў і на Магілёўшчыне. Чаго толькі варты падзеі вакол аграхолдынга “Купалаўскае”, гісторыя якога распачалася ў лістападзе 2016 года, калі Лукашэнка, інспектуючы Шклоўскі раён, прапанаваў стварыць на базе чатырох гаспадарак комплексную вытворчую інтэграваную структуру. Холдынг па яго распаражэнні быў аператыўна створаны на паперы, але ў рэальнасці ўсё склалася не так прыгожа.

У выніку, пасля наведвання аб’ектаў холдынгу 26 сакавіка 2019 года, з-за адсутнасці неабходнай “прыгажосці”, Лукашэнка распарадзіўся адправіць у адстаўку старшыню Магілёўскага аблвыканкама Даманеўскага, свайго памочніка па Магілёўскай вобласці Лаўранкова. Былі пераведзены на іншыя пасады міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Заяц, віцэ-прэм’ер Русы, звольнены з пасады кіраўніка аграхолдынгу В.Шаршнёў, і на яго месца пераведзены былы старшыня Шклоўскага райвыканкама В.Віцюноў, які стаў чацвёртым кіраўніком холдынгу за два гады яго існавання. Бо да Шаршнёва на гэтай пасадзе знаходзіўся А.Харашкевіч, а яшчэ раней – Д.Васілеўскі, які закончыў жыццё самагубствам.

Але і Віцюноў не надоўга затрымаўся на пасадзе дырэктара аграхолдынгу.

З лістапада 2019 года аграхолдынгам “Купалаўскае” кіруе Ларыса Пасяленцава, пераведзеная ў Шклоў з пасады першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Слаўгарадскага райвыканкама.

http://slavgorod.gov.by/news/raion/item/2701-nagrady-nashli-geroev

Ларыса Пасяленцава. Фота: “Прысожскі край”

На гэты раз змена кіраўніка аграхолдынгу адбылася амаль патаемна.

Ну што ж, можа быць жанчыне, у адрозненні яе папярэднікаў – чатырох мужчын, удасца зрабіць тое, аб чым марыў А.Лукашэнка, прымаючы рашэнне ў лістападзе 2016 года аб стварэнні холдынга “Купалаўскае”.  Можа быць Ларыса Міхайлаўна здолее паказаць не толькі магілёўцам, а і аграрнікам Віцебшчыны і Гомельшчыны, як трэба працаваць на зямлі, каб дасягнуць поспеху.

Пажадаем ёй удачы.

Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў