У Асіповічах успышка пнэўманіі. Хваробу зафіксавалі ў 45 пацыентаў раённай бальніцы. Яны чакаюць вынікаў тэстаў на каранавірус. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі крыніцы з мэдычнага асяродзьдзя.
Хворых зь цяжкой сымптаматыкай вывезьлі ў Магілёўскую інфэкцыйную бальніцу ды бальніцу № 1, якая перапрафіляваная на час пандэміі ў інфэкцыйны шпіталь.
Крыніцы: Жыхары Асіповічаў заразіліся ў Менску, куды езьдзяць на працу
Мэдыкі кажуць, што 20 красавіка на распараджэньне старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца ў Асіповічы выяжджала брыгада магілёўскіх лекараў. Яны меліся вызначыць ступень небясьпекі распаўсюджваньня каранавірусу. Паводле іх, у раённым шпіталі праца арганізаваная на належным узроўні.
Паводле міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, на 16 красавіка ў Асіповічах выявілі 32 выпадкі заражэньня COVID-19. Дванаццаць зь іх — у мэдычных работнікаў (вірус завёз адзін з мэдыкаў, які езьдзіў за межы гораду).
Крыніцы казалі Свабодзе, што каранавірус у райцэнтры завозны. Пацыенты заразіліся ў Менску, куды езьдзяць на працу.
«Пасьля таго як мэдыкі заразіліся, ім выдалі рэсьпіратары»
З мэдычнага ж асяродзьдзя Свабодзе вядома, што «некаторыя дактары» даведаліся пра заражэньне, калі вырашылі самі праверыць свае кантакты 1 узроўню і тэсты далі станоўчыя вынікі. Сымптомаў хваробы ў іх не было. Мэдыкі кажуць, што прычынай заражэньня стала адсутнасьць сродкаў аховы. Пасьля гэтага ўсім выдалі рэсьпіратары. Цяпер асіповіцкія мэдыкі маюць усё неабходнае, каб засьцерагчыся ад каранавірусу.
Гаварыць адкрыта пра сытуацыю ў бальніцы лекары не наважваюцца, бо баяцца ціску з боку начальства. У прыватных гутарках кажуць, што мясцовая інфэкцыёнка «забітая кантактнікамі» і што дзіцячае аддзяленьне перапрафіляванае пад заражаных.
Што кажуць чыноўнікі
Галоўны ўрач Асіповіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Павал Шаціла пытаньні пра сытуацыю з заражэньнем мэдыкаў папрасіў адрасаваць у Магілёўскае абласное ўпраўленьне аховы здароўя. Адмовіліся паведамляць статыстыку хворых на COVID-19 і ў Асіповіцкім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. Там таксама параілі зьвяртацца ў Магілёў.
На момант выхаду публікацыі нам не ўдалося атрымаць камэнтар у Магілёўскім абласным упраўленьні аховы здароўя.
Апошні раз там паведамлялі статыстыку заражэньня каранавірусам па раёнах 9 красавіка. Тады каранавірус пацьвердзілі ў Бабруйску, Кіраўску, Крычаве, Магілёве, Асіповічах і Шклове.
20 красавіка начальнік упраўленьня Аляксандар Старавойтаў казаў, што сытуацыя з каранавіруснай інфэкцыяй на Магілёўшчыне стабільная. Паводле яго, пяцёра пацыентаў паправіліся і выпісаныя з бальніц, але памалу дадаюцца новыя захварэлыя. Колькі іх, ён не назваў.