Дапамога грамадскасці медыкам вельмі патрэбная. У першую чаргу, як элемент маральнай падтрымкі: ім важна ведаць, што ў барацьбе з небяспечнай інфекцыяй яны не застаюцца ў адзіноце. Ды і наяўнасць звышнарматыўных запасаў стварае зусім не лішнюю “падушку бяспекі”: ад праблем са своечасовай дастаўкай і зрываў тэрмінаў выканання заказаў па выпуску востра неабходнага медыцынскага рыштунку ва ўмовах ажыятажнага попыту ніхто не застрахаваны, піша раённая газета «Асіповіцкі край”.
Па інфармацыі Асіповіцкай ЦРБ, з сярэдзіны красавіка, калі ўстановай быў адкрыты дабрачынны банкаўскі рахунак, да 1 мая на яго паступіла амаль 3,5 тысячы рублёў. На гэтыя сродкі былі набыты антысептыкі, дэзынфіцыруючыя сродкі і 15 апаратаў для ўвільгатнення кіслароду — яны патрэбны, каб рабіць гэты газ бяспечным пры працяглым удыханні.
Па стане на 15 мая на гэтым рахунку знаходзілася каля 600 рублёў. Калі сума павялічыцца да 1 000, яна будзе выдаткавана на набыццё ахоўных касцюмаў. Пры заказе партыі спецадзення пэўнай колькасці (кошт адзінкі — 80 рублёў), дастаўка будзе бясплатнай, а гэта сёння таксама важна.
Ахвяраванні робяць асобныя землякі, грамадскія арганізацыі, калектывы прадпрыемстваў, бізнесмены. Грошы паступаюць даволі рытмічна, прыблізна па 40 рублёў штодзень. Акрамя таго, райбальніца атрымлівае і дапамогу рэчамі. Некаторыя ахвяравальнікі набываюць патрэбную маёмасць, прычым не толькі медыцынскага прызначэння. Ёсць урачы, медсёстры, санітаркі, якія зараз зусім не пакідаюць бальніцы, і ім неабходна падтрымліваць больш-менш нармальныя бытавыя ўмовы. Таму падарункі ў выглядзе мікрахвалёвай печы, чайнікаў, пральнага парашку, розных прысмакаў прыйшліся вельмі дарэчы.
Газета “Асіповіцкі край” адзначае, што Асіповіцкая ЦРБ не вельмі залежыць ад грамадскай падтрымкі, але тут у першую чаргу важная маральная дапамога.
Мінімальныя штомесячныя патрэбы ЦРБ у самых неабходных “расходніках” такія: маскі — 10 тыс. адзінак, пальчаткі — 18 тыс., ахоўныя касцюмы — 1 000, рэспіратары — 900. Няцяжка палічыць, што ў агульным патоку расходаў доля добраахвотных ахвяраванняў адносна нязначная.
Нагадаем, што днямі Асіповіцкая ЦРБ размясціла на старонках раённай газеты аб’яву, у якой запрасіла на працу ў бальніцу цэлы шэраг супрацоўнікаў самых розных накірункаў. З’явілася падобная аб’ява, але ўжо з пералікам толькі медыцынскіх спецыялістаў, якія патрабуюцца бальніцы, таксама і на яе інтэрнэт сайце.
“Асіповіцкая ЦРБ запрашае на працу:
Урач-хірург
Урач-траўматолаг-артапед
Лекар агульнай практыкі
Лекар агульнай практыкі (загадчык) аддзялення агульнай практыкі паліклінікі
Урач-неанатолаг
Урач-педыятр (загадчык) педыятрычнага отд. стацыянара
Урач-стаматолаг хірург
Урач-стаматолаг ортопед
Памочнік ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамогі
Фельчар (выязной брыгады СМП)
Фельчар-лабарант
фельчар ФАПа
лабарант
Медыцынская сястра”
Між тым, на сайтах ЦРБ і УАЗ “Асіповіцкі райЦГЭ” па-ранейшаму адсутнічае хоць якая-небудзь інфармацыя пра тое, якая ў дадзены момант сітуацыя з каронавіруснай інфекцыяй і захваральнасцю на пнеўманію ў Асіповіцкім раёне. Не паведамляюць гэтую інфармацыю і раённыя ўлады.
Яшчэ 17 красавіка ў Асіповічах было выяўлена 32 выпадкі каронавіруса, у тым ліку 12 – у медработнікаў. Адпаведную інфармацыю тады агучыў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Пазней Радыё Свабода паведаміла, што ў Асіповіцкім раёне назіраецца рэзкая ўспышка пнеўманіі. Захворванне было выяўлена ў 45 пацыентаў раённай бальніцы.
Апошнюю інфармацыю пра колькасць тых, хто захварэў каронавірусам ў Магілёўскай вобласці Міністэрства аховы здароўя агучвала яшчэ 24 красавіка, тады ў вобласці было зарэгістравана 396 інфіцыраваных. На той час ва ўсёй Беларусі былі зарэгістраваныя 8773 выпадкі каранавіруса.
На раніцу 20 траўня ў Беларусі пацверджана 32426 выпадкаў COVID-19 (+918 за апошнія суткі). Памерлі 179 чалавек (+4).
З бальніц выпісана 11415 пацыентаў, у якіх была пацверджаная каранавірусная інфекцыя (+795 за суткі). З іх 11236 паправіліся (+791).
Вікторыя Бялова