Завод па вытворчасці пялетаў, які зараз будуе ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” на чыгуначнай станцыі “Асіповічы-2”, — напэўна, самы значны аб’ект прамысловасці раёна, які сёлета плануецца здаць у эксплуатацыю, піша “Асіповіцкі край”.
Генпадрадчык — ДУКДБП «Кіраўская ПМК № 255» — наладзіў работу на будпляцоўцы належным чынам, таму прэтэнзій да хуткасці і якасці правядзення работ няма ні ў заказчыка (лясгаса), ні ў інспекцыі Дзяржбуднагляду, прадстаўнік якой Аляксандр Дашкоўскі наведвае новабудоўлю часта.
Па словах інжынера-будаўніка лясгаса Віталя Васько, узвядзенне будынкаў двух вытворчых карпусоў і мантаж у іх тэхналагічнага абсталявання ідуць паралельна. Зараз вядзецца тэндар на будаўніцтва тэрмінала для аўтаматызаванай пагрузкі гатовай прадукцыі ў вагоны.
Магутнасць лясгасаўскага пялетнага завода лічыцца стандартнай для Беларусі: тут плануецца перапрацоўваць у энергаэфектыўнае паліва 22 тысячы тон адыходаў дрэваапрацоўкі.
Даволі значную колькасць будматэрыялаў сюды пастаўляе філіял “Асіповіцкі завод жалезабетонных канструкцый” ААТ “Дарбудмантажтрэст”. Узамен АЗЖБК атрымлівае ад лясгаса дзелавую драўніну, так што супрацоўніцтва атрымліваецца ўзаемавыгаднае.
Фота: “Асіповіцкі край”