Галоўная » У Асіповіцкім раёне ў межах падрыхтоўкі да “Дажынак” будуюць саламяныя замкі

У Асіповіцкім раёне ў межах падрыхтоўкі да “Дажынак” будуюць саламяныя замкі

Адзін ужо спалілі вандалы

Звыклая восеньская з’ява: на палях, з якіх сабраны ўраджай, будуюцца саламяныя фігуры адмысловых форм і вялікіх памераў. Увогуле, салома для беларускай народнай творчасці — адзін з найбольш распаўсюджаных матэрыялаў.

Аднак да ўжывання для дэкаратыўных мэт саламяных цюкоў першымі дадумаліся японскія фермеры. Ідэя аказалася запатрабаванай і стала неад’емнай часткай ленд-арту. Гэты кірунак у мастацтве ўзнік у 60-я гады мінулага стагоддзя як спроба вярнуць чалавецтву яго прыродныя карані. Канечне, у кожнай краіне асэнсаванне гэтага працэсу ідзе сваім шляхам, аднак саламяныя скульптуры маюць агульныя рысы паўсюдна, дзе ўзводзяцца.

Часткова таму, што палёт фантазіі аўтараў абмяжоўваецца фізічнымі параметрамі “будматэрыялу”: цюкі саломы маюць форму і памеры, абумоўленыя зручнасцю транспарціроўкі і далейшага ўжывання для патрэб сельскай гаспадаркі. Ну і, канечне, з той прычыны, што складзеныя з саломы фігуры абавязкова нясуць у сабе нотку гумару і ўвогуле робяцца, каб падзяліцца з гледачамі добрым настроем.

Калі менавіта пачалі з’яўляцца выявы ленд-арту на айчынных палетках? На гэтае пытанне наўрад ці хто адкажа дакладна. Старонняму назіральніку здаецца, што яны існавалі заўсёды, хаця насамрэч гэта зусім не так.

У дадзеным выпадку “кароткая памяць” — паказчык станоўчы, бо сведчыць аб арганічным урастанні японскага крэатыву ў культурны код землякоў.

Але ж узнікаюць дэкаратыўныя фігуры не самі па сабе. У нашым раёне іх стварэнне — вынік цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў культуры, сельвыканкамаў, вытворцаў сельгаспрадукцыі, дарожнікаў і іншых арганізацый, якія карыстаюцца саламянымі канструкцыямі для нейкіх сваіх мэт, у тым ліку і сацыяльнай рэкламы.

Сёлета з нагоды правядзення абласнога свята “Дажынкі-2020” да восеньскага ленд-арту на Асіповіччыне падыход грунтоўны. Першапачаткова было запланавана ўсталяваць саламяныя скульптуры каля ўсіх ключавых пунктаў дарожнай сеткі. У рэчаіснасці атрымалася крыху інакш, аднак зусім не горш. Вось што маем сёння: “Вакзал + паравоз” на ўездзе ў Асіповічы з аўтадарогі Мінск-Гомель, “Замак” на той жа дарозе каля аграгарадка Ясень — на мяжы з Бабруйскім раёнам, “Пажарная машына” ў аграгарадку Вяззе, “Мядзведзь” на развязцы дарог Цэль-Лапічы, “Трактар” у аграгарадку Карытнае і ў Пратасевічах, “Селянін з сялянкай і “Паравоз з вагонамі” каля Вязаўніцы, “Сялянка з кошыкам” у Лапічах.

Пра тое, як узніклі менавіта гэтыя сюжэты-прапановы, аб тым, што спатрэбілася для іх візуалізацыі і аб далейшым лёсе саламяных фігур расказвае каардынатар узгаданай работы загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Раманчук:

— Ідэі генерыруюць, як правіла, работнікі ўстаноў культуры. Па зразумелых прычынах задае планку якасці ў гэтай справе тандэм у складзе раённага цэнтра народных рамёстваў і суполкі мясцовых мастакоў. Іх сёлетняя распрацоўка — “Вакзал + паравоз”.

Для стварэння аб’ектаў ленд-арту прымяняюцца самыя даступныя матэрыялы, аднак сёлета давялося карыстацца “імпартам”. У нашым раёне сельгаспрадпрыемствы пакуюць толькі цыліндрычныя цюкі, а трэба была і пэўная колькасць кубічных. Такія ёсць на Бабруйшчыне, і суседзі згадзіліся памяняцца.

Устаноўка цюкоў у неабходным парадку і іх упрыгажэнне — справа досыць далікатная, яе вядуць з дапамогай сродкаў малой механізацыі і сур’ёзнай сельгастэхнікі. Тут галоўная задача не пашкодзіць упакоўку, каб не сапсаваць яе змесціва. Калі ўбранства фігур страчвае ахайнасць, ужытыя для іх стварэння цюкі зноў пераўтвараюцца ў ежу для буйной рагатай жывёлы.

І выклікае абурэнне, калі гэтыя кармы знішчаюць з хуліганскіх намераў. На жаль, прыблізна раз у два гады адна з пабудаваных у раёне саламяных скульптур спальваецца. Сёлета маральны ўрон Асіповіччыне і матэрыяльны ААТ “Ясень-Агра” нанеслі невядомыя, якія спалілі вялікую дэкаратыўную фігуру “Замак” — некалькі тон кармоў! Будзем спадзяваца, што зламыснікаў атрымаецца прыцягнуць да адказнасці. Тое, што яны зрабілі, не па-нашаму, не па-людску і ўвогуле сорамна…

Фота: “Асіповіцкі край”

Дзмітрый Саўрыцкі

Крыніца: “Асіповіцкі край”