Галоўная » У Бабруйскім раёне перазахавалі астанкі невядомых салдат

У Бабруйскім раёне перазахавалі астанкі невядомых салдат

У Бабруйскім раёне 1 лістапада адбылося перазахаванне астанкаў двух вайскоўцаў (імёны не ўстаноўлены) Рабоча-сялянскай Чырвонай арміі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Вайскоўцы загінулі, абараняючы Прыбярэзінскі край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ля вёсак Думаноўшчына і Вінаградаўка. Іх астанкі знойдзены 13 жніўня падчас правядзення сумеснай беларуска-расійскай пошукавай экспедыцыі з удзелам членаў моладзевага ваенна-патрыятычнага клуба “Рассвет” г. Арзамаса Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Асабістых апазнаўчых медальёнаў знойдзена не было, таму вызначыць асобы загінулых не ўдалося.

Месцам перазахавання астанкаў стала брацкая магіла ля в. Раксалянка Сычкаўскага сельсавета.

У цырымоніі перазахавання прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама і Сычкаўскага сельвыканкама, ваеннага камісарыята г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў, духавенства, пошукавага атрада “Абяліск”, вайскоўцы Бабруйскага гарнізона, навучэнцы Ленінскага ВПК “Дз/сад-СШ” і члены дзіцячага аб’яднання “Краязнаўцы-пошукавікі” Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі г. Бабруйска, а таксама мясцовыя жыхары, прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ.

Фота: tribunapracy.by

Алена КАРПЕНКА

Крыніца: “Трыбуна працы”