Выстава размесцілася ў тайм-клубе «1387». На прэзентацыі, што адбылася 10 траўня, выступілі былыя палітвязні Алесь Бяляцкі, Славамір Адамовіч і Яўген Васьковіч. На 11 стэндах прадстаўлены лісты палітычных вязняў з-за кратаў, лісты людзей, што іх падтрымлівалі, архіўныя фотаздымкі.
Славамір Адамовіч – першы палітвязень Беларусі найноўшага часу. Тады ж і з’явіўся ў нас гэты тэрмін – палітычны зняволены, тобок чалавек, які зведаў крымінальны пераслед за тое, што адстойваў свае грамадзянска-палітычныя правы.
У лістападзе 1995 года Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за што быў арыштаваны і кінуты за краты турмы КДБ. Там Адамовіч трымаў сухую галадоўку. Праз дзесяць месяцаў ён быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.
Алесь Бяляцкі – выдомы культурны дзеяч, праваабаронца, заснавальнік праваабарончага цэнтра «Вясна». 4 жніўня 2011 года быў арыштаваны па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры). Правёў чатыры з паловай гады ў Бабруйскай калоніі №2. Алеся Бяляцкага вызвалілі па амністыі 21 чэрвеня 2014 года.
Яўген Васьковіч – бабруйчанін, журналіст. 18 траўня 2011 года быў асуджаны паводле часткі 2 артыкула 339 (злоснае хуліганства) і часткі 3 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне альба пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйных памерах) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Асуджаны за тое, што ў ноч на 17 кастрычніка 2010 года разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым (у знак пратэсту супраць рэпрэсій) кінуў бутэльку з запальнай сумессю ў будынак Бабруйскага КДБ. Васьковіч спачатку адбываў пакаранне ў Магілёўскай калоніі №15, а 12 кастрычніка 2011 года быў пераведзены на больш жорсткі рэжым ў Магілёўскую турму № 4. Шмат разоў трапляў у штрафны ізалятар. Вызвалены 22 жніўня 2015 года.
Арганізатарка выставы праваабаронца, пісьменніца Паліна Сцепаненка прадставіла падчас прэзентацыі перапіску Яўгена Васьковіча і грамадскай актывісткі Вольгі Мікалайчык. Гэтыя лісты таксама сталі часткай экспазіцыі.
Паліна Сцепаненка распавяла, што гэтай выставай яна хацела б паказаць, наколькі актуальнай у Беларусі на працягу апошніх дваццаці гадоў застаецца праблема свабоды слова і меркавання.
Таксама выстава распавядае пра неабходнасць падтрымкі тых, хто апынуўся за кратамі за сваю палітычную пазіцыю.
Паліна Сцепаненка падкрэслівае, што важна паказаць і тых, хто пісаў і піша лісты палітвязням, бо гэтыя людзі – таксама мужныя, таксама ставяць сябе пад рызыку пераследа і ціску, і сваёй падтрымкай палітвязняў аказваюць своеасаблівы грамадскі супраціў.
Выстава «Лісты палітвязняў» будзе працаваць цягам двух тыдняў у тайм-клубе «1387» па адрасе: вул.Чангарская, 54. Уваход вольны.