Галоўная » У Бабруйску знік магілёўскі карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў

У Бабруйску знік магілёўскі карэспандэнт БелаПАН Алесь Асіпцоў

Журналіст знік пасля акцыі “Антыпарад” у суботу і дадому не вяруўся, паведамляе інтэрнэт сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Каля 13-й гадзіны дня у суботу з ім размаўляла мясцовая журналістка. Алесь распавёў, што сеў у машыну да некага з удзельнікаў акцыі пратэсту і яны ездзяць па горадзе. Неўзабаве ён перастаў выходзіць на сувязь.

Алесь Асіпцоў – пазаштатны карэспандэнт “БелаПАН”. Жыве ў Магілёве. У Бабруйск прыехаў асвятляць акцыю аўтамабілістаў “Антыпарад”, якая планавалася тут на Дзень перамогі.

Як распавяла журналістка з Бабруйску Марына Маўчанава, з самай раніцы Алесь быў з ёй на сувязі, яны сазваніваліся і распавядалі адзін аднаму, што дзе ў горадзе адбываецца. У 12.38 Марына чарговы раз яму патэлефанавала. Асіпцоў распавёў, што сеў у машыну да ўдзельнікаў акцыі і яны разам недзе ездзяць па горадзе. А ўжо праз некаторы час калегі журналіста пачалі пісаць, што ён не выходзіць на сувязь.

“Сапраўды, тэлефон быў недасяжны. Але ў нас падчас акцыі пратэсту глушылі інтэрнэт, шмат да каго цяжка было дазваніцца, таму спачатку не хваляваліся. Але Алесь не выйшаў на сувязь і ўвечары”, – кажа Марына.

Падчас “Антыпараду” затрымалі каля 20 чалавек – удзельнікаў акцыі. К вечару іх сталі адпускаць, але ці ўсе выйшлі на волю – дакладна невядома.

Паводле калегаў Асіпцова, і яны, і ягоная жонка ўчора тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС, там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб знікненні.