Галоўная » У Беларусі пацьвердзілі 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў

У Беларусі пацьвердзілі 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 5 красавіка апублікавала ў афіцыйным Тэлеграм-канале сьвежую статыстыку пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам у краіне.

«У Беларусі па стане на 5 красавіка на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзяцца 502 чалавекі. У большай часткі пацыентаў захворваньне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасьля праходжаньня лячэньня ачунялі 52 чалавекі. Зарэгістравана 8 выпадкаў сьмерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», — паведаміла Мінздароўя.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі не падае цалкам лічбы ўсіх інфікаваных ад пачатку пандэміі, але іх можна падлічыць, склаўшы 502 чалавекі на стацыянарным лячэньні, 52 чалавекі, які выздаравелі, і 8 памерлых. Такім чынам, агулам у Беларусі па стане на 5 красавіка пацьверджаныя 562 выпадкі каранавірусу.

4 красавіка былі пацьверджаныя 440 выпадкаў каранавірусу ў Беларусі, за апошнія суткі іх колькасьць павялічылася на 122 чалавекі. Пацьверджаныя 3 новыя выпадкі сьмерці ад COVID-19, паведамляе Радыё Свабода.