У Беларусі падвышаныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 22 снежня, паведамляе БелаПАН.
Ілюстрацыйнае фотаУ разліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажыванні паслуг тарыфы падвысяцца ў межах 5 даляраў у эквіваленце.
Падвышэнне адбудзецца ў два этапы. 1 студзеня вырастуць (сумарна на 3,9 долара) тарыфы на паслугі газа-, электра- і водазабеспячэння, водаадвядзення, на капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, памеры кампенсацыі выдаткаў на электраэнергію. 1 чэрвеня, пасля завяршэння ацяпляльнага сезона, тарыф на паслугі цеплазабеспячэння для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння будзе павышаны на 1,1 долара.
Тарыфы на тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі захаваныя на роўні мінулага года.
„Ва ўмовах росту жыллёва-камунальных плацяжоў будзе працягнутая праца па дзяржаўнай падтрымцы насельніцтва праз выдзяленне безнаяўных жыллёвых субсідый. Такія субсідыі даюцца грамадзянам і сем’ям пры ўмове, што штомесяцавая сума камунальных плацяжоў перавышае 20% іх сярэднямесячнага сукупнага даходу ў горадзе і 15% — у сельскай мясцовасці”, — паведамляла прэс-служба прэзідэнта ў сувязі з падпісаннем указа аб падвышэнні тарыфаў.