Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову (PDF) «Аб апрабацыі нарматыўнага фінансаваньня ва ўстановах дашкольнай адукацыі». Цягам наступнага году гэтая «апрабацыя» пройдзе ў некалькіх гарадах краіны.
Ілюстрацыйнае фотаПад экспэрымэнт трапяць установы дашкольнай адукацыі ў Горадзенскай вобласьці, Салігорскім раёне, Баранавічах, Віцебску, Гомлі і Магілёве, Першамайскім раёне Менску, паведамляе Радыё Свабода.
У межах экспэрымэнту на дзіцячы садок будуць выдаткоўваць розныя аб’ёмы бюджэтных грошай у залежнасьці ад колькасьці дзяцей, часу навучаньня ды іншых характарыстык. «У межах сродкаў мясцовых бюджэтаў» таксама будзе ўлічвацца патрэба ў грошах на ўтрыманьне і набыцьцё маёмасьці, рамонт, камунальныя паслугі.
На 2020 год вызначаны «базавы нарматыў» па грошах на адно дзіця:
- 2277,97 рубля на год на дзіцячыя садкі ў гарадах і пасёлках гарадзкога тыпу;
- 2839,87 рубля на год — у сельскіх населеных пунктах.
А да гэтага ўводзяцца карэктавальныя каэфіцыенты. Напрыклад:
- калі дзеці знаходзяцца ў садку ня 10,5, а 12 гадзінаў, базавы нарматыў памнажаецца на 1,144, а калі ўсе 24 гадзіны — на 1,441;
- калі дзіця мае асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця і вучыцца ў спэцыяльнай групе, базавы каэфіцыент памнажаецца на 1,525, але калі вучыцца ў групе інтэграванага навучаньня — на 0,836 (то бок грошай будзе меней), а калі толькі наведвае карэкцыйна-пэдагагічны пункт — 0,21 (у пяць разоў меней);
- каэфіцыенты ёсьць таксама для наведнікаў басэйнаў (0,042), санаторных групаў (0,153) і санаторных установаў (1,563), групаў кароткачасовага знаходжаньня (0,326) і вучняў першай клясы, якая базуецца ў дзіцячым садку (0,477);
- для садкоў у сельскай мясцовасьці ўводзяцца невялікія папраўкі ў залежнасьці ад таго, у якой вобласьці ўстанова: дадуць крыху больш у Віцебскай (1,024), Горадзенскай (1,011) і Магілёўскай (1,006), у астатніх крыху менш — да 0,988 у Берасьцейскай.
- у залежнасьці ад «шчыльнасьці» дзяцей у садку сума таксама будзе карэктавацца: калі ўстанова маленькая, то павялічвацца, а калі дзяцей у ёй шмат — зьмяншацца.
Мясцовыя саветы дэпутатаў маюць права павялічыць аб’ёмы фінансаваньня пры наяўнасьці крыніцаў кампэнсацыі выдаткаў.
Акрамя таго, у пастанове адзначаецца, што рэкамэндацыі па колькасьці работнікаў, якія вызначае Міністэрства адукацыі, для «экспэрымэнтальных» садкоў маюць толькі рэкамэндацыйны характар.
Адказныя за рэалізацыю і маніторынг экспэрымэнту — аблвыканкамы і Менгарвыканкам. Да 1 лютага 2021 году ўрад чакае справаздачы ад Міністэрства адукацыі.