Затрыманне 6 траўня відэаблогера Сяргей Ціханоўскага стала пачаткам для хвалі рэпрэсіяў па ўсёй краіне. Агулам было затрымана больш за 100 чалавек.
На вечар 10 траўня Праваабарончы цэнтр «Вясна» дакладна валодае інфармацыяй пра 55 актывістаў і прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зараз знаходзяцца за кратамі. З іх 17 чалавек асуджаныя на арышты тэрмінам ад 2 да 15 сутак (у іх ліку і сам Ціханоўскі, які адбывае арышт, прысуджаны яму яшчэ ў студзені). Суды праходзілі ў Гомлі, Віцебску, Лідзе, Горадні, Магілёве. Агульная колькасць атрыманых сутак – 132.
У ізалятарах 38 чалавек чакаюць судоў.
Агулам пасля затрымання блогера Ціханоўскага 6 траўня за тры дні па ўсё краіне затрымалі ці выклікалі ў міліцыю для складання пратаколаў прыкладна 120 чалавек.