Галоўная » У Бялынічах пройдуць урачыстасці ў гонар 260-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай

У Бялынічах пройдуць урачыстасці ў гонар 260-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай

Плануецца, што святочны фэст у Бялынічах пройдзе з удзелам усяго беларускага каталіцкага епіскапату. Хутчэй за ўсё, прыме ўдзел у фэсце і новапрызначаны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

17–18 верасня ў Бялынічах на Магілёўшчыне пройдуць агульнабеларускія ўрачыстасці ў гонар 260-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі цудадзейнага абраза Маці Божай Бялыніцкай. Гэта важная падзея адбылася 20 верасня 1761 года.

Таксама на фэсце адзначаць 30-годдзе ўтварэння Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

У межах урачыстасці плануецца правесці тэматычную канферэнцю, а таксама шэраг набажэнстваў і цэлебрацый з удзелам вернікаў і іерархаў Касцёла ў Беларусі. Тэматычная канферэнцыя  адбудзецца  17 верасня ў малой зале Бялыніцкага раённага цэнтра культуры.

Урачыстасці ў Бялынічах пройдуць пад дэвізам «Каралева Беларусі, маліся за нас».

Праграма ўрачыстасцяў

  • 17 верасня, пятніца

14.00 – канферэнцыя ў Раённым цэнтры культуры (Бялынічы, вул. Савецкая, 20)

Даклады:

  • «Адраджэнне іерархічных структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі» — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
  • «Марыйны культ у Беларусі» — ксёндз доктар Уладзімір Гуляй (Ліда)
  • «Дзейнасць ордэна кармелітаў у Бялынічах» — айцец Юрый Кулай OCD
  • «Культ Маці Божай Бялыніцкай і каранацыя абраза» — прафесар Зміцер Яцкевіч

16.00 – перапынак на каву
16.30 – канцэрт харавых калектываў
18.00 – святая Імша (у капліцы, вул. Калініна, 37)

  • 18 верасня, субота

10.00 – гістарычная экскурсія для ахвотных «Бялынічы пасярод Усходу і Захаду»
12.00 – галоўная адпустовая святая Імша (на палявым алтары на месцы даўніх каталіцкіх могілак на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Мічурына)

Ілона Бегановіч