У Бялынічах 5 верасня затрымалі мясцовых актывістаў Яўгену Мяцеліцу і Уладзіслава Лістраценка. Нагадаем, што 6-га верасня ў горадзе пройдуць асноўныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускага пісьменства.
Па інфармацыі “Магілёўскага рэгіёну”, аўтамабіль, у якім знаходзіліся Яўгена і Уладзіслаў, двойчы спынялі супрацоўнікі мясовай ДАІ. Першы раз актывістаў адпусцілі, пры паўторнай праверцы ў супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі знянацку ўзніклі сумневы наконт дакладнасці VIN-нумара аўтамабіля.
Актывістаў даставілі да будынка Бялыніцкага РАУС. Там яны былі затрыманыя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі пад кіраўніцтвам начальніка ААПП Бялыніцкага РАУС Сяргея Нізаўцова. Па інфармацыі “МР”, на Яўгену і Уладзіслава былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ).
Акцыі пратэсту супраць гвалту і за сумленныя выбары праходзілі ў Бялынічах на працягу некалькіх дзён з 14 па 19 жніўня.
Актывістаў пакінулі пад вартай ў ІЧУ Бялыніцкага РАУС. Хутчэй за ўсё, там яны будуць знаходзіцца да панядзелка, 7 верасня, паля чаго іх адміністрацыйныя справы разгледзіць суд Бялыніцкага раёна.
Па меркаванню сяброў Яўгены Мяцеліцы і Уладзіслава Лістраценка, супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі правялі ў адносінах да іх так званае прэвентыўнае затрыманне, каб прадухіліць непажаданыя магчымыя акцыі падчас Дня беларускага пісьменства.
Дзень беларускага пісьменства традыцыйна адзначаецца ў першыя выхадныя верасня. У гэтым годзе ён праходзіць у Бялынічах.
Яўгена Мяцеліца – вядомая грамадская актывістка з Бялынічаў, дачка мясцовага прадпрымальніка, актывіста “Гавары праўду” Алега Мяцеліцы. Супрацоўнікі бялыніцкай міліцыі ўжо затрымлівалі дзяўчыну 9 жніўня падчас прэзідэнцкіх выбараў. Пазней суд Бялыніцкага раёна пакараў Яўгену 5 суткамі арышту за ўдзел у “Ланцугу салідарнасці”.
Уладзіслаў Лістраценка – блізкі сябар Яўгены Мяцеліцы.
Багдан Іваноў. Фота аўтара