У Бялынічах 6 верасня праходзіў не толькі Дзень беларускага пісьменства. У гэты дзень у райцэнтры адбылася не менш важкая падзея – адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.
Удзел у ўрачыстасці прынялі вернікі з розных куткоў Беларусі, прычым гэта былі не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій. Усяго сабралася больш за дзвесце чалавек.
Адпустовая ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай адбылася з удзелам Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага, шматлікіх каталіцкіх святароў.
У якасці гаспадара гасцей сустракаў пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка.
Непасрэдна перад фэстам у Бялынічах прайшло Саракагадзіннае набажэнства, удзел у якім, акрамя бялыніцкіх вернікаў, прынялі духоўныя валанцёры з іншых куткоў Беларусі.
«Бялынічы — гэта старадаўняе месца марыйнага культу, дзе калісьці знаходзілася адна з самых шанаваных цудадзейных ікон на нашай зямлі — абраз Маці Божай Бялыніцкай. Малітва мае вялікую моц, асабліва тут, на гэтым месцы.
Да малітвы за нашу Радзіму, за Паўсюдны Касцёл, за пакліканні да Божай службы і асабліва за адраджэнне веры на нашай зямлі далучым просьбы за нашыя сем’і, моладзь і дзяцей, а таксама падтрымаем сваёй малітваю ўсіх, хто мае залежнасць ад розных дрэнных звычак», — адзначаў ў сваім запрашэнні на ўрачыстасць біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
Распачалася адпустовая святая Імша у гонар Маці Божай Бялыніцкай а 15-й гадзіне, скончылася а 17-й. Імша праходзіла на вельмі значным для бялыніцкіх вернікаў месцы, дзе ў свой час, на працягу стагоддзяў, былі мясцовыя каталіцкія могілкі. Вернікі спадзяюцца, што мясцовыя ўлады задаволяць іх хадайніцтва, і на гэтым святым месцы ім будзе дазволена збудаваць касцёл.
Казанні святараў гучалі па-сапраўднаму ўзнёсла, яны сапраўды закраналі душу, таму дзве гадзіны імшы праляцелі надзіва хутка.
Аднак і пасля заканчэння набажэнства людзі не разыходзіліся, размаўлялі аб хвалюючых праблемах, задавалі пытанні святарам. Карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёну” заўважыў сярод удзельнікаў святочных мерапрыемстваў шэраг знакавых асобаў, – старшыню Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова з сябрамі, кiраунiка Гродзенскай гарадской суполкi Беларускай Хрысцiянскай дэмакратыi / БХД Яўгена Дудкіна, і, нават, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
Па словах Рыгора Кастусёва, ён адмыслова прыехаў на адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай, каб не толькі ўшанаваць Маці Божую Бялыніцкую, але і такім чынам выказаць сваю падтрымку вернікам. Абсалютна безпадстаўна ўлада не дапускае ў Беларусь Арцыбіскупа, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, кіраўніка каталіцкай царквы ў Беларусі.
“Я сам вернік праваслаўнай канфесіі, аднак заўсёды пры нагодзе наведваю набажэнствы і ў каталіцкіх касцёлах. У свой час давялося спрычыніцца да адраджэння касцёла ў Шклове. Таму ў гэтых складаных абставінах я не мог не выказаць маральную падтрымку каталіцкім вернікам, бо ўсе мы хрысціяне”, – адзначыў Рыгор Кастусёў.
На жаль, на афіцыйным свяце Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, верагодна, прытрымліваліся іншай думкі. Нікога з знаных гасцей гэтага свята на ўрачыстай імшы ў гонар Маці Божай Бялыніцкай карэспандэнт “Магілёўскага рэгіёну” так і не пабачыў…
Затое на Дне беларускага пісьменства камусьці спатрэбілася раздаваць адмысловыя ўлёткі з абразамі на адрас каталіцкага касцёла. Выяву такой улеткі “МР” даслала наша чытачка.
Таму ніколькі не пашкадаваў аб тым, што вырашыў не наведваць афіцыйнае свята. Там былі патрэбны зусім іншыя людзі.
Іван Барысаў. Фота аўтара