Галоўная » У Бялыніцкім раёне гарэў дом, у якім забілі сям’ю з шасці чалавек

У Бялыніцкім раёне гарэў дом, у якім забілі сям’ю з шасці чалавек

Познім вечарам 20 кастрычніка ў аграгарадку Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна нечакана загарэўся дом па вуліцы Ключаўской, у якім ў далекім 2005 годзе забілі сям’ю з шасці чалавек.

Пажар пачаўся абсалютна нечакана, калі на вуліцы ўжо было цемна. Яго заўважылі мясцовыя жыхары і амаль адразу ж патэлефанавалі супрацоўнікам МНС. Пажарныя даволі хутка прыбылі на месцы здарэння, бо пост МНС у аграгарадку В. Машчаніца знаходзіцца непадалёк ад вуліцы Ключаўской, і пачалі тушыць полымя. Аднак утаймаваць пажар удалося толькі пасля прыбыцця некалькіх пажарных разлікаў з Бялыніч і іншых населеных пунктаў.

Па словах відавочцаў, дзіўным было тое, што дом як быццам знянацку загарэўся знутры. У хаце з часоў жудаснага забойства ніхто не пражывае, дом даўно адключаны ад электрычных сетак, ды і наогул мясцовыя жыхары заўсёды імкнуцца абыходзіць бокам гэта сумна вядомае месца. Таму шмат хто з жыхароў Машчаніцы мяркуе, што хату нехта падпаліў. Спрэчкі ўзнікаюць толькі наконт таго, наўмысна гэта зроблена ці выпадкова.

Раніцай 21 кастрычніка на месцы здарэння працаваў інспектар пажарнага нагляду. Каля месца здарэння таксама знаходзіўся супрацоўнік міліцыі. Па іх словах, нейкія канкрэтныя высновы аб прычынах пажара будуць зроблены пазней, пасля таго, як будуць вывучаны ўсе абставіны здарэння.

Нагадаем, што год таму супрацоўнікі міліцыі зноў затрымалі былых падазраваных у забойстве сям’і з шасці чалавек, якое адбылося ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна ў 2005 годзе. Гэтыя людзі да гэтага часу знаходзяцца пад вартай, тэрмін іх арышту ўжо некалькі разоў працягваўся.

Па чутках, якія ходзяць у асяродку сваякоў затрыманых і сярод мясцовых жыхароў, у следства зараз з’явілася сведка, якая дала сведчанні не на карысць некаторых з затрыманых. Нейкіх канкрэтных падрабязнасцей не ведаюць нават блізкія сваякі затрыманых хлопцаў, бо тым забаронена разгалошваць якую-небудзь інфармацыю.

У ноч на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна была забіта сям’я з шасці чалавек, у тым ліку двое маленькіх дзяцей. Праз дзень былі затрымана пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачванне ў забойстве. Расследванне па справе цягнулася амаль паўтары гады, пасля адзінаццаць месяцаў у Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава ішоў судовы працэс. Па выніках судовага разгляду пракурор патрабаваў для двух падазраваных выключную меру пакарання – растрэл, для трох іншых – пажыццёвае зняволенне.

Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім пецярым хлопцам у сувязі з недаказанасцю віны вынесла апраўдальны прысуд. Адзін з падсудных – Аляксандр Клепча – быў вызвалены з пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараныя тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў 2 месяцаў за іншыя злачынствы: крадзяжы, сэксуяльныя дачыненні з непаўнагадовымі, спробу згвалтавання, хуліганства.

Пазней адбылося паседжанне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які пакінуў прысуд Магілёўскага абласнога суда без змен.

Сяргей Семяновіч