Нашумелая гісторыя з помнікам-трактарам 1930-х гг., які скралі ў вёсцы Касцюшкавічы, па загаду мясцовай вертыкалі, каб усталяваць у Крычаве, займела свой працяг.
“Геніямі думкі” Крычаўскага райвыканкама было запланавана ўсталяванне памятнай шыльды і інфармацыйнага банэра для азнаямлення з помнікам, пра што вяшчала мясцовая раёнка ад 4 лістапада 2020 г. І цуд адбыўся! Быў крыху падрамантаваны сам пастамент, на яго пастаўлены перафарбаваны трактар і прымацавана шыльда. Побач пастаўлены двухметровы інфармацыйны банэр. Па меркаванню мясцовых вертыкальшчыкаў гэты крок дапаможа развіцца, а мабыць і расквітнець, мясцоваму турызму, які даўжо ўжо знаходзіцца ў глыбокай ж… яміне. Як паведамляў аўтар артыкула ў “Крычаўскім жыцці” Д.Уладзіміраў, абноўлены помнік уключаны ў турыстычны маршрут Магілёўшчыны.
Што ж, цяжка паспрачацца, калі ў абойме мясцовага райвыканкама ёсць такія “знаўцы” мясцовай гісторыі як Зінаіда Скачкова – старшыня мясцовай ветэранскай арганізцыі, камуніст–прыстасаванец, атэістычны вернік і проста харошы чалавек. Раз прамысловая зона часткі горада “Мікра”, якая сфармавалася ў 1960-1970-х гг., актуальнае і прыцягальнае месца старадаўняга горада для турыстаў, то як той казаў: “Жадаю поспехаў!”. Вялікі інфармацыйны банэр для скрадзенага помніка-трактара гэта тое, што так чакалі жыхары Крычаўшчыны і на што варта было траціць бюджэтныя грошы.
Канешне, крычаўскія чыноўнікі сур’ёзныя піяршчыкі і спецыялісты ў развіцці лакальнага турызму, як бачна з прыведзенай інфармацыі. Каб яшчэ больш узмацніць паток турыстаў, які павінен шалёнымі тэмпамі паваліць да помніка-трактара на новым “перспектыўным месцы” ў 2021 годзе (каранавірус не перашкода), варта яшчэ зрабіць пару крокаў, каб стаць турыстычнай Меккай Магілёўскай вобласці. Мяркую, неабходна перавесці помнік Акаёмава і Лузеніна, які знаходзіцца каля вёскі Прудок, паставіўшы яго ў блізкай адлегласці ад трактара-пуцілаўца. Вось гэта будзе агонь! Ад турыстаў усіх суседніх краін немагчыма будзе адбіцца бліжэйшых пару год дакладна. Перад былым прадпрыемствам “Крычаўгрузаўта” можна насыпаць курган, каб усталяваць помнік Акаёмава і Лузеніна. Тут яго змогуць убачыць значна больш турыстаў, чым на цяперашнім месцы сярод лясной зоны. Паралельна ён будзе выконваць яшчэ адну важную функцыю – закрываць збанкрутаванае і знішчанае прадпрыемства “Крычаўгрузаўта” ад вачэй турыстаў. Гэта чорны гумар, канешне, а не метадычка для дзеянняў.
Бязмозгласці і бяздарнасці чынавенства застаецца толькі здзіўляцца! Што ж, застаецца пажадаць крычаўскім чыноўнікам у новым годзе нарэшце пачаць карыстацца галавой не толькі для нашэння шапак і капялюшоў.
Алесь Крыжэвіч. Фота аўтара