Са старадаўніх часоў хрысціяне пабожна ўшаноўвалі Дзеву Марыю, называючы Яе Маці вернікаў, усіх тых, хто адраджаецца ў Хрысце, а таксама Маці Касцёла.
21 мая ў парафіі Найсвяцейшай Дзевы Марыі – Маці Касцёла ў горадзе Чавусы (вуліца Фрунзе, 27) на святочную ўрачыстую імшу сабраліся вернікі-каталікі не толькі з Чавус, але і з іншых куткоў Магілёўшчыныі. Да чавускага касцёла ў гэты дзень вернікі прыбылі з Магілёва, Горак, Касцюковіч, Крычава, Шклова.
Распачалася ўрачыстая Святая Імша ў чавускім касцёле а 19.00 гадзе, яе ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі. У сваёй прамове Аляксандр Яшэўскі адзначыў, што на Магілёўшчыне ўжо стала традыцыяй, калі парафіяльныя святы наведываюць пілігрымі з іншых мясцін. Гэта аб’ядноўвае вернікаў і дапамагае лепш пазнаць Хрыстову навуку. На прыканцы прамовы святар звярнуўся да прысутных з наступнымі славамі: “Запрашайце Бога ў сваі цэрцы!” Гучала малітва, рэлігійныя спевы. Вернікі ўшаноўвалі Дзеву Марыю.
Гістарычная даведка:
Першы касцёл і кляштар айцоў кармелітаў у Чавусах як адна з душпастырскіх адзінак новай дыяцэзіі былі пабудаваныя пасля 1612 г., калі ў Смаленску было заснавана каталіцкае біскупства. Пасля вынішчальнай маскоўскай вайны 1654-1667, чавуская рыма-каталіцкая парафія налічвала ўсяго 150 вернікаў і не мела ўласнага пастыра, парафіяй апекаваўся а. Серафім Карбашэвіч з Мсціслава. У 1832 г. касцёл быў зачынены, а айцы кармэліты выгнаныя «…за те манифестации и процессии, которые монахи позволяли себе во время мятежа 1830-1831г.г. …». Парафія стала філіялам чэрыкаўскага касцёла, хаця налічвала ўжо каля тысячы вернікаў. Толькі пасля ўказа цара Мікалая ІІ «Об укреплении начал веротерпимости» у 1905 г. жыхары Чавусаў пабудавалі новы касцёл Дзевы Марыі — Каралевы. Гэты касцёл, размешчаны на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца «Ашчадбанк», быў разбураны падчас Айчыннай вайны. Апошні перад вайной чавускі пробашч — кс. Юзаф Лук’янін, арыштаваны 30 верасня 1929 г. і растраляны ў савецкіх лагерах. Ад вясны 1995 г. вернікі сталі збірацца на могілках, дзе кожную суботу здзяйснялася літургія. Шмат людзей прымала хрост, прыступала да першай св. Камуніі, прымала шлюб… Неўзабаве была афіцыйна зарэгістраваная парафія Найсвяцейшай Дзевы Марыі – Маці Касцёла. Зімой вернікі збіраліся на літургію ў прыватным доме, а восенню 1996 г. першы пробашч кс. Караль Тамэцкі набыў дом, у якім людзі прыстасавалі часовую капліцу. Летам 1997 г. у парафію быў прызначаны новы пробашч кс. Францішак Рудзь. Тады было вырашана пабудаваць новы касцёл. Тэрыторыя пад будову была асвечаны 31 жніўня 1999 г. падчас першай ад 1910 г. біскупскай візітацыі парафіі. Парафіяльная святыня была асвечана 1 чэрвеня 2002 г. Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам арцыбіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Алесь Грудзіна