Галоўная » У Чэрыкаве вынесеныя два смяротныя прысуды

У Чэрыкаве вынесеныя два смяротныя прысуды

Сёння, 10 студзеня, на выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве, якое распачалося ў 14.00, суддзя Міхаіл Мельнікаў вынес смяротныя прысуды ў дачыненні да двух братоў – Косцева Іллі і Косцева Станіслава. Іх абвінавачвалі ў забойстве сваёй настаўніцы, якая жыла па суседству, і падпале яе дома, паведамляе spring96.org.

8 студзеня пракурор запрасіла вышэйшую меру пакарання для двух братоў. 9 студзеня абвінавачаныя выступілі з апошнім словам – хлопцы прызналі віну і раскайвалісь. Сёння на паседжанні пазіцыю абвінавачвання прадстаўляла Юлія Бокая.

Судовае паседжанне маніторылі праваабаронцы ПЦ “Вясна” – юрыст Павел Сапелка і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда.

Павел Сапелка і Андрэй Палуда каля будынка суда Чэрыкаўскага раёна. Фота: spring96.org

Цікава, што той жа суддзя – Міхаіл Мельнікаў – асудзіў да смерці Аляксандра Асіповіча.

Рашэнне Магілёўскага абласнога суда можа быць абскарджана ў судзе вышэйшай інстанцыі.

Пасля судовага паседжання Андрэй Палуда даў свой каментар:

“Перш за ўсё, наша адзнака і рэакцыя як праваабаронцаў моцна негатыўныя. Бо толькі ў новым, 2020 годзе, мы маем ужо два смяротныя прысуды. А ў снежні мінулага года стала вядома пра растрэл Аляксанда Асіповіча. Увогуле, па нашай інфармацыі, зараз у камеры смяротнікаў знаходзяцца 4 чалавекі (разам з братамі Косцевымі).

Але ў большай ступені вызывае расчараванне негатыўная, скажам так, рэакцыя прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў нядаўнім інтэрв’ю “Эха Масквы”. Прэзідэнт у адказ на пытанне ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне сфакусаваў сваю ўвагу на сітуацыі з братамі Косцевымі. Мы ўжо ведаем выпадак, калі па справе Аляксандра Грунова Гомельскі абласны суд вынес смяротны прысуд, які потым у парадку касацыі адмянілі. Але тады прэзідэнт таксама пракаментаваў негатыўна гэтую справу, пасля чаго рашэнне Вярхоўнага суда было перагледжана, і Груноў у выніку быў растраляны. Аляксандр Лукашэнка, мякка кажучы, дастаткова ўплывовы чалавек у гэтым пытанні.

У мяне склалася ўражанне, што (прабачце за таўталогію) такое уражанне склалася не толькі ў мяне, але і ў іншых людзей. На судовае паседжанне па справе Косцевых прыйшло вельмі шмат людзей і журналістаў, і ў кулуарах яны абмяркоўвалі паміж сабой, што смяротны прысуд усё ж такі вынясуць”.