У апошнія некалькі дзён супрацоўнікі Чэрыкаўскага РАУС плотна ўзяліся за мясцовых грамадскіх актывістаў, якія прымалі ўдзелу жнівеньскіх пратэстах мінулага года ў райцэнтры.
Па інфармацыі “Магілёўскага рэгіёну”, чэрыкаўскія міліцыянты нібыта шукаюць «хуліганаў», якія летась у райцэнтры на асфальце напісалі надпісы «3%». Тады іх замалявалі камунальнікі, а міліцыя асаблівай увагі гэтым надпісам не надала.
Цяпер пад падазрэнне патрапілі мясцовыя жыхары, якія былі заўважаныя на акцыях пратэсту ў Чэрыкаве ў мінулым годзе.
У перыяд з 22 да 25 сакавіка праваахоўнікі дапыталі ў міліцыі, дома і на працы каля дзясятка чалавек. У мясцовым чаце пішуць, што ў некаторых адбыліся вобшукі. Шукалі фарбу.
Раней многіх мясцовых актывістаў “цягалі” у міліцыю за фотаздымак з пратэстнай сімволікай каля ўязднога знака ў Чэрыкаў, які распаўсюджваўся ў сацыяльных сетках.
“Пад раздачу” патрапілі пераважна людзі, якія да жніўня мінулага года ніякім чынам не праяўлялі сваю грамадзянсую пазіцыю. Нікога з прадстаўнікоў так званай “старой апазіцыі” у Чэрыкаве такая вось своеасаблівая “увага” з боку праваахоўных органаў пакуль не закранула.
Галоўны рэдактар крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны, які добра ведае чэрыкаўскія рэаліі, бо ў свой час газета распаўсюджвалася і ў Чэрыкаўскім раёне, кажа, што ён не зусім разумее падставы такой актыўнасці з боку мясцовай міліцыі. У тым жа Крычаве падобных надпісаў летам і восенню былі дзесяткі.
Разам з тым Няроўны, які па адукацыі з’яўляецца юрыстам, адзначае, што пакуль жыхары Чэрыкава да яго па дапамогу не звярталіся.
Чаму чэрыкаўскім міліцыянтам менавіта зараз спатрэбілася высвятляць аўтараў надпісаў? Прадстаўнікі старэйшага пакалення дэмакратычнага руху ў горадзе лічаць, што такім чынам праваахоўнікі “ціснуць” на людзей, каб іх запалохаць і спыніць у Чэрыкаве ўсялякую пратэстную актыўнасць.
Фота: vk.com/photo
Віктар Баравікоў