Напрыканцы мінулага тыдня пайшоў з жыцця выбітны сын чэрыкаўскай зямлі, педагог ад Бога, жыхар блакаднага Ленінграда Мікалай Прохаравіч Царкоў.
Мікалай Прохаравіч Царкоў пражыў багатае і насычанае жыццё. Будучы педагог нарадзіўся на хутары ў Чэрыкаўскім раёне 27 лістапада 1932 года. Напрыканцы 30-х гадоў, пасля арышту дзеда, яго сям’я пераехала ў Ленінград. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Мікалаю Прохаравічу давялося напоўніцу перанесці ўсе цяжкасці блакады горада фашысцкімі акупантамі.
У 14 год Мікалай Царкоў паступіў у рамесленае вучылішча ў Ленінградзе, пасля яго заканчэння працаваў на заводзе, завочна вучыўся ў станкабудаўнічым тэхнікуме.
Лёс склаўся так, што Мікалаю Прохаравічу давялося стаць настаўнікам працоўнага навучання ў адной з ленінградскіх школ, і ў гэтым ён знайшоў сваё прызнанне. Педагог змог знайсці шлях да сэрцаў дзяцей, вучні з вялікай павагай адносіліся да свайго настаўніка. Педагагічны праца Мікалая Прахоравіча Царкова была адзначана прысуджэннем званняў у 1972 году «Выдатнік народнай асветы», а ў 1976 годзе – “Заслужаны настаўнік школ РСФСР».
Пасля вяртання на малую радзіму ў Чэрыкаўскі раён Мікалай Прохаравіч працягнуў сваю педагагічную працу ў Рэчыцкай школе Чэрыкаўскага раёна. Затым педагог перайшоў у сярэднюю школу № 1 г. Чэрыкава, дзе яго вельмі палюбілі вучні. Для многіх з іх ён быў узорам выхаванасці і павагі да іншага чалавека.
Мікалай Царкоў быў шматграннай асобай, ён меў непасрэднае дачыненне да журналістыкі, удзельнічаў у дэмакратычным руху Беларусі. Яшчэ пад час працы ў школе ў Ленінградзе, яго любоў да мастацкай фатаграфіі прывяла Мікалая Прохаравіча на другі курс арганізаванага навучання Дома журналістыкі. Пасля гэтага М.Царкоў у якасці няштатнага карэспандэнта супрацоўнічаў з выданнямі «Ленінградская праўда», «Змена», «Вячэрні Ленінград». Праца ў газетах вялася паралельна з педагагічнай дзейнасцю.
Пазней, падчас жыцця ў Чэрыкаве, Мікалай Царкоў супрацоўнічаў з крычаўскай газетай “Вольны горад”, іншымі незалежнымі выданнямі Магілёўскай вобласці. Мікалай Прохаравіч з’яўляўся сябрам нядаўна ліквідаванага ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Пахавалі Мікалая Прохаравіча Царкова ў Чэрыкаве, які даўно стаў родным для педагога і журналіста. Праводзіць у апошні шлях заслужанага чалавека сабралася зусім няшмат людзей, бо многія яго калегі і аднадумцы не ведалі пра тое, што Мікалай Прохаравіч адыйшоў у іншы свет…
Рэдакцыя і журналісты інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён”, сябры і паплечнікі Мікалая Прохаравіча Царкова з ліквідаванага Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў выказваюць свае шчырыя спачуванні родным і блізкім гэтага паважанага чалавека. Мікалай Прохаравіч Царкоў пражыў доўгае і насычанае жыццё, прысвяціўшы яго служэнню людзям. Памяць пра гэтага годнага і светлага чалавека назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах.
На фота: Мікалай Прохаравіч Царкоў і яго жонка Ніна Канстанцінаўна. Фота: cherikovnews.by