Галоўная » У Чэрыкаве з’явіўся банэр з прывітальнай фразай

У Чэрыкаве з’явіўся банэр з прывітальнай фразай

“Вас приветствует Чериковщина”— менавіта з такой вітальнай фразай можна ўбачыць вялікі стэнд зусім недалёка ад аўтастанцыі Чэрыкава, якая ўражвае сваімі памерамі і вылучаецца архітэктурным стылем сярод іншых аднатыпных пабудоваў горада. Прычым лакалізацыя банэра дзіўнаватая, бо знаходзіцца недалёка ад туалета, які пафарбаваны ў пазітыўны светла-зялёны колер. Карацей, крэатыў бачны, адразу па прыездзе на аўтастанцыю Чэрыкава. 

Кампазіцыйныя выявы размешчаны па абодвух баках банэра. На адным баку змешчаны выявы праваслаўнай царквы, спартыўных спаборніцтваў, гандлёвага шэрагу ў цэнтры горада, помніка захароненым вёскам Чэрыкаўшчыны, малыя архітэктурныя формы Чэрыкава, дзяўчаты ў сініх “народных” касцюмах на фоне пшанічнага (або жытняга) поля з камбайнам і азёрны прастор. На адваротным баку зноўку бачым камбайны з трактарамі (пэўна ж “Беларус”, якія яшчэ), адметны будынак аўтастанцыі, упарадкаваныя зялёныя зоны ў горадзе з альтанкамі і клумбамі, цэнтральная плошча з будынкам райвыканкама і помнікам Леніна, а гэтаксама домік з аграгарадка. Вось такая прэзентацыя раёна і горада.

Гледзячы на кампазіцыі стэнда, якія па баках аздоблены старадаўняй гарадской сімволікай, разумееш, што кіраўніцтву раёна няма чаго паказаць. Няўжо не існуе сапраўды адметных месцаў, якія б маглі цікава прадэманстраваць заезжым гасцям Чэрыкаўшчыну? Такая лапатная рэпрезентацыя раёна і горада, змешчаная на банэры, мала каго зацікавіць дакладна. Хіба ў іншым горадзе няма тыповых будынкаў райвыканкама ці ўпарадкаваных зялёных зонаў? Карацей кажучы, стэнд выглядае вельмі слаба і ёсць верагоднасць што пасля першага знаёмства з ім, падарожны больш не зверне на яго ўвагі. 

Хаця месца для банэра выбрана неблагое, бо ён мусіць рэкламаваць тутэйшую мясцовасць і прыцягваць увагу да горада ўжо каля аўтастанцыі. Праблема ў іншым. Мясцовае кіраўнічая эліта сама не ўяўляе чым адметны іх горад і раён, пагэтаму такія банэры з’яўляюцца ў Чэрыкаве. Папросту яны не ведаюць свайго, а традыцыі ўласнай малой радзімы іх мала цікавяць.

А. Крыжэвіч